Дзеі 20 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Л. Гарошка
Як жа сумятня перастала, Паўла, пагукаўшы вучанікаў і разьвітаўшыся зь імі, пайшоў да Македоні.
Прайшоўшы ж тыя часьці і дамяняўшы шмат якімі словамі, прышоў да Грэцы.
Прабыў там тры месяцы. Як жа, з прыгоды ізрадлівае змовы, учыненае на яго Жыдамі, ён хацеў плысьці да Сыры, прышло яму ўдум зьвярнуцца пераз Македоню.
І прапушчалі яго аж да Азі Сопатэр Піранок, Веранін, а із Салунцаў Арыстарх а Сэкунд а Ґай Дэрвянін а Цімох, і Азяне Тыхік а Трахім.
Яны, вышаўшы наперад, чакалі нас у Троадзе.
А мы выплылі зь Піліпаў па праснаковых днёх і прыбылі да іх да Троады за пяць дзён, ідзе прабылі сем дзён.
Першага ж дня тыдня, як мы былі зьбершыся ламіць хлеб, Паўла мовіў да іх, манючыся назаўтрае адыйсьці, і працягнуў размову да поўначы.
І было шмат сьветлаў у вышнім пакою, ідзе мы былі зьбершыся.
І адзін маладзён, на ймя Еўтых, седзячы на аконнай абсадзе, глыбака заснуў у часе даўгое мовы Паўлавае і, пахіснуўшыся сонны, зваліўся з трэйцяе пятры на далоўе, і быў падняты мертвым.
Паўла ж, зышоўшы, паў на яго і, абняўшы, сказаў: «Не бядуйце, бо жыцьцё ягонае ёсьць у ім».
Узышоўшы ж а праламіўшы хлеб а еўшы, гутарыў доўга, аж да золку, потым адышоў.
Прымеж тога прывялі дзяцюка жывога, і нямала ўсьцешыліся.
А мы, прышоўшы ўперад на караб, паплылі да Ас, узяць там Паўлу, бо ён так загадаў, манючыся сам ісьці пехатой.
Як жа ён зышоўся з намі ўв Асе, узяўшы яго, мы прыбылі да Мітыліны.
І, адплыўшы стуль, назаўтрае былі супроці Хіосу, а наступнога дня прыплылі да Самосу і, пабыўшы ў Троґілі, наступнога дня прыбылі да Мілету;
Бо Паўла пастанавіў абмінуць Ефэс, каб ня длякацца ўв Азі, бо ён барзьдзіў, калі магчыма, быць на дзень Пяцідзясятніцы ў Ерузаліме.
Зь Мілету ж, паслаўшы да Ефэсу, ён наказаў прыбыць старшым царквы.
І, як яны прышлі да яго, ён сказаў ім: «Вы ведаеце, як я зь першага дня, каторага прыбыў да Азі, увесь час быў із вамі,
Служачы Спадару з усей пакораю а ізь слязьмі, сярод спакусаў, што прылучаліся імне із змовы Жыдоў;
Як я ня зьдзержаваўся ад нічога карыснага, праз што б вам не абяшчаў і чаго ня вучыў бы вас прынародна і з дому ў дом,
Урочыста сьветчачы Жыдом а Грэкам каяту перад Богам і веру ў Спадара нашага Ісуса Хрыста.
І цяпер, вось, зьвязаны духам, іду да Ерузаліму, ня ведаючы, што станецца імне ў ім;
Адно Дух Сьвяты ў кажным месьце ўрочыста сьветча імне, кажучы, што путы а атуга чакаюць мяне.
Але я ня маю жыцьця свайго за якую-колечы вартасьць ані за каштоўнае самому сабе, адно каб скончыць дзеяльнасьць сваю й службу, што я прыняў ад Спадара Ісуса, урочыста сьветчыць дабравесьць ласкі Божае.
І цяпер, вось, я ведаю, што наперад віду майго не абачыце вы ўсі, меж каторых я хадзіў, абяшчаючы гаспадарства Божае.
Затым сьветчу вам гэтага дня, што чысты я ад крыві ўсіх;
Бо я ня зьдзержаваўся ад абяшчаньня вам усяе рады Божае.
Дык рупцеся праз самых сябе а праз усю чараду, у каторай Дух Сьвяты пастанавіў вас за нагляднікаў, пасьвіць царкву Божую, каторую ён прыдбаў собскай крывёю Сваёй.
Я ведаю, што, па адыходзе маім, увыйдуць памеж вас злыя ваўкі, што не шкадуюць царквы;
І з памеж вас самых паўстануць людзі, што будуць гукаць крутадушнае, каб пацягнуць вучанікаў за сабою.
Затым будзьце чукавыя, памятуючы, што тры гады ўдзень і ночы я не пераставаў ізь сьлязьмі навучаць кажнага з вас.
І цяпер паручаю вас Богу а слову ласкі Ягонае, Каторы можа пабудаваць вас і даць вам спадак памеж усіх пасьвячаных.
Срэбла, ані золата, ані адзежы я ад нікога не пажадаў.
Вы самы ведаеце, што гэтыя рукі служылі да патрэбаў маіх і тых, што былі з імною.
Я паказаў вам усім, што, так працуючы, маем памагаць слабым і памятаваць словы Спадара Ісуса, што Ён Сам сказаў: «Шчасьлівей даваць, чымся браць».
І, сказаўшы гэта, Ён укляк і маліўся з усімі імі.
І быў вялікі плач у вусіх, і, падаючы на шыю Паўлу, горача цалавалі яго.
Асабліва балела ім ад слова, каторае ён сказаў ім, што наперад яны не абачаць віду ягонага. І прапушчалі яго аж да карабля.