Дзеі 27 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Л. Гарошка

 
 

Як пастаноўлена было плысьці нам да Італі, перадалі Паўлу й некатрых іншых вязьняў сотніку палку Аўґуставага, наймя Юль.
 

Тады, узышоўшы на караб адраміцкі, каб плысьці ля местаў аскіх, мы паплылі. З намі быў Арыстарх Македонянін із Салуня.
 

Назаўтрае прыбылі да Сыдону. Юль жа абходзіўся з Паўлам добра і дазваляў яму хадзіць да прыяцеляў, каб апекаваліся ім.
 

І, выплыўшы стуль, плылі ля Кіпры, бо вятры былі праціўныя.
 

І, пераплыўшы мора супроці Кілікі а Памфілі, прыбылі да Міры Ліцкае.
 

Там сотнік знайшоў караб аляксандрыскі, што плыў да Італі, і пасадзіў нас на яго.
 

І памалу плывучы шмат дзён, і ледзь даплыўшы супроці Кніда — вятры ня прыялі нам — мы даплылі аж да Крыту ля Сальмона.
 

І, плывучы зь цяжкасьцяй міма яго, прыбылі на адно месца, званае Добрая Прыстань, ад каторае было блізка места Лясэя.
 

І мінула шмат часу, і плаўба была ўжо небясьпечная, бо й пост ужо мінуў, дык Паўла радзіў,
 

Кажучы ім: «Мужы, я бачу, што плаўба будзе із шкодаю а зь вялікаю стратаю ня толькі накладу а караблю, але таксама нашаму жыцьцю».
 

Сотнік, адылі, валей верыў штырніку а собсьніку карабля, чымся сказанаму Паўлам.
 

А як Прыстань ня была прытарнавана да зімаваньня, бальшыня радзіла плысьці стуль, каб, калі магчыма, як-колечы дасягчы Фэніку Крыцкага, ськіраванага на паўночны ўсход і паўднявы ўсход, і перазімаваць.
 

А як лагодна павеяў паўднявы вецер, думалі, што дасяглі мэты, паднялі калатоўку й паплылі ўздоўж Крыту, блізка берагу.
 

Але неўзабаве ўдырыў у яго гураґан, званы эўроклідон.
 

І як караб схапіла, ён ня мог працівіцца ветру, і мы аддаліся яму й панесьліся.
 

І, набегшы зь ветрам на абточак, званы Кляўда, мы ледзь маглі кіраваць, каб удзяржаць лодку;
 

Сьцягнуўшы яе, ужывалі сяродкаў абвязаваць караб; тады, баючыся, каб не набегчы на Сырт, спусьцілі ветразі і гэтак насіліся.
 

І, як бура нас кідала, назаўтрае выкідаґлі наклад.
 

А пазаўтра сваімі рукамі выкідалі карабельныя снасьці.
 

Ані сонца, ані зоры не паказаваліся шмат дзён, і немалая бура напірала на нас; наапошку ўся надзея ратунку шчэзла.
 

І як доўга ўзьдзержаваліся ад ежы, тады Паўла, стаўшы пасярод іх, сказаў: «Мужы, надабе было паслухаць мяне і не адплываць ад Крыту, і ня мелі б гэтае шкоды ані страты.
 

А цяпер раджу вам асьмеліцца, бо ня будзе страты жыцьця каго-колечы з вас, адно карабля:
 

Бо стаў ля мяне гэтае ночы Ангіл Бога, Чый я і Катораму служу, кажучы:
 

"Ня бойся, Паўле, ты маеш стаць перад цэсарам, і вось, Бог падараваў цябе ўсімі тымі, што плывуць із табою".
 

Затым, мужы, асьмельцеся, бо я веру Богу, што будзе так, як імне сказана.
 

Але мы маем наткнуцца на нейкі абток».
 

І як мінула чатырнанцатая ноч, як мы былі ношаны па Адры, каля поўначы, плаўбіты дапушчалі, што бліжацца да яко-колечы зямлі.
 

І, памераўшы глыбіню, знайшлі дваццаць сажняў; а крыху далей, ізноў памераўшы, знайшлі пятнанцаць сажняў.
 

Баючыся, каб ня лучыць на скальныя меецы, кінулі із штырна чатыры калатоўкі і нецярпліва чакалі дня.
 

Як жа плаўбіты, манючыся ўцячы з карабля, спусьцілі на мора лодку пад прыклепам, быццам хочуць кінуць калатоўкі зь пераду,
 

Паўла сказаў сотніку а жаўнерам: «Калі гэтыя не застануцца на караблю, вы ня можаце ўратавацца».
 

Тады жаўнеры адцялі паварозы лодкі, і яна апала.
 

І на додніцы Паўла ўмаўляў іх ізьесьці, кажучы: «Сядні чатырнанцаты дзень, як вы, у спадзяваньню, застаіцеся бязь ежы, нічога не паспытаўшыся.
 

Затым прашу вас ізьесьці: гэта паможа ратунку вашаму, бо ані волас із галавы вашае ні ў кога не загіне».
 

І, сказаўшы гэта, узяў хлеб, і, падзякаваўшы Богу, у прытомнасьці ўсіх разламіў, і пачаў есьці.
 

Тады ўсі, асьмеліўшыся, пачалі есьці.
 

Было ж усіх нас на караблю дзьвесьце семдзясят шэсьць душ.
 

І, пад’еўшы, палягчалі караб, выкідаючы пшонку ў мора.
 

І, як разаднела, зямлі не пазналі, адно ўгледзелі нейкую затоку із спусклястым берагам, да каторае й наважылі, калі магчыма, ськіраваць караб.
 

І, выцягнуўшы калатоўкі, паплылі па мору; у тым самым часе, разьвязаўшы паварозы штырна і падняўшы малую ветразь ізь ветрам, ськіраваліся да берагу.
 

І як лучылі на тое месца, ідзе два моры сходзяцца, караб спыніўся на мельстыні. Пярэдні канец карабля, удырыўшыся, стаў нярухома, зад жа ламіўся сілаю хваляў.
 

Жаўнеры зрадзіліся забіць вязьняў, каб хто-колечы, выплыўшы, ня ўцёк.
 

Але сотнік, манячыся выратаваць Паўлу, забараніў ім гэты заме́р і казаў умеючым плаваць кінуцца першым, каб выплысьці на зямлю.
 

Засталыя ж некатрыя на дошках, некатрыя на кавалках карабля; і гэтак сталася, што ўсі выратаваліся на зямлю.