1 да Карынфянаў 2 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Праваслаўнай Царквы

 
 

І я, прыходзячы да вас, браты, прыходзіў ня з выборнай моваю або мудрасьцяй, абяшчаючы вам сьветчаньне Божае,
 
І калі я прыходзіў да вас, браты, дык прыходзіў не з красамоўствам ці мудрасцю абвяшча́ць вам све́дчанне Божае,

Бо я пастанавіў быць у вас няведаючым нічога, апрача Ісуса Хрыста, дый укрыжаванага;
 
таму што, будучы ў вас, вырашыў я нічога не ведаць, акрамя Іісуса Хрыста, і прытым распя́тага;

І быў я ў вас у млявасьці а ў страху а ў вялікай дрыгоце.
 
і быў я сярод вас у слабасці, і ў страху, і ў вялікім трымценні.

І слова мае, і казань мая не ў пераконуючых словах мудрасьці, але ў паказе Духа а сілы,
 
І слова маё, і пропаведзь мая не ў пераканаўчых словах чалавечай мудрасці, а ў выяўле́нні Духа і сілы,

Каб вера вашая стаяла не на мудрасьці людзкой, але на сіле Божай.
 
каб вера ваша трывала не на мудрасці чалавечай, а на сіле Божай.

Мудрасьць жа гукаем памеж дасканальных, але мудрасьць ня гэтага веку ані князёў гэтага веку мінучых;
 
Аб мудрасці ж мы гаворым сярод дасканалых, але не аб мудрасці веку гэтага і князёў веку гэтага, якія знікаюць,

Але гукаем мудрасьць Божую, тайную, каторую Бог наканаваў перад вякамі да славы нашае,
 
а гаворым аб прамудрасці Божай, у тайне скрытай, якую прадвы́значыў Бог перад вякамі для славы нашай

Каторай ніхто з князёў гэтага веку не пазнаў; бо, калі б пазналі, не ўкрыжавалі б Спадара славы.
 
і якую ніхто з князёў веку гэтага не спазна́ў; бо калі б спазна́лі, то не распя́лі б Госпада славы.

Але, як напісана: «Ня бачыла таго вока, і ня чула вуха, і ня прыходзіла тое на сэрца людзіне, як шмат прыгатаваў Бог тым, што мілуюць Яго».
 
Але як напíсана: «вока таго не бачыла, вуха не чула, і на сэрца чалавеку не прыходзіла тое, што ўгатаваў Бог тым, хто лю́біць Яго».

А нам Бог аб’явіў Духам, бо Дух усе дасьлядуе, нават глыбіні Божыя.
 
А нам Бог адкрыў гэта Духам Сваім: бо Дух ва ўсё праніка́е, і ў глыбíні Божыя.

Бо хто зь людзёў ведае, што ёсьць у чалавеку, апрача духа людзкога, каторы ў ім? Так і Божага ніхто ня ведае, апрача Духа Божага.
 
Бо хто́ з людзей ведае, што́ ў чалавеку́ толькі дух чалавечы, які ў ім. Так і Божага ніхто не ведае, толькі Дух Божы.

Але мы прынялі ня духа сьвету гэтага, але Духа ад Бога, каб ведаць, чым Бог дараваў нас,
 
Мы ж прынялí не духа свету гэтага, а Духа ад Бога, каб ведаць падарава́нае нам Богам,

Што й гукаем ня людзкой мудрасьцяй навучанымі словамі, але навучаныя Духам, раўнуючы духоўнае да духоўнага.
 
пра гэта і гаворым не ад чалавечай мудрасці вы́вучанымі сло́вамі, а вы́вучанымі ад Духа Святога, тлума́чачы духоўнае духоўным.

Але душэўная людзіна ня прыймае таго, што ад Духа Божага, бо яно дурнота яму; і ня можа цяміць, бо яно духоўна адрозьнюецца.
 
Душэўны чалавек не прыма́е таго, што ад Духа Божага, бо гэта для яго неразумнасць, і не можа зразумець, паколькі пра гэта трэба судзíць духоўна.

Але духоўны адрозьнюе ўсе, сам жа не адрозьнюецца нікім.
 
Духоўны ж су́дзіць пра ўсё, а пра яго судзíць ніхто не можа.

«Бо хто пазнаў розум Спадароў, хто Яго вучыць будзе?» Але мы маем розум Хрыстоў.
 
Бо хто́ спазнаў розум Госпада, каб мог павуча́ць Яго́ А мы маем розум Хрыстоў.