1 да Карынфянаў 2 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
І я, прыходзячы да вас, браты, прыходзіў ня з выборнай моваю або мудрасьцяй, абяшчаючы вам сьветчаньне Божае,
І я, прыйшоўшы да вас, браты, прыйшоў прапаведваць вам сьведчаньне Божае ня ўзвышаным словам ці мудрасьцю,
Бо я пастанавіў быць у вас няведаючым нічога, апрача Ісуса Хрыста, дый укрыжаванага;
бо я судзіў ня ведаць у вас нічога, акрамя Ісуса Хрыста, і Таго, Які ўкрыжаваны.
І быў я ў вас у млявасьці а ў страху а ў вялікай дрыгоце.
І быў я ў вас у немачы, і ў страху, і ў вялікім трымценьні.
І слова мае, і казань мая не ў пераконуючых словах мудрасьці, але ў паказе Духа а сілы,
І слова маё, і пропаведзь мая былі не ў пераканаўчых словах чалавечае мудрасьці, але ў выяўленьні Духа і сілы,
Каб вера вашая стаяла не на мудрасьці людзкой, але на сіле Божай.
каб вера ваша была ня ў мудрасьці чалавечай, але ў сіле Божай.
Мудрасьць жа гукаем памеж дасканальных, але мудрасьць ня гэтага веку ані князёў гэтага веку мінучых;
А мудрасьць мы гаворым сярод дасканалых, але мудрасьць ня гэтага веку і не князёў гэтага веку, што зьнішчаюцца,
Але гукаем мудрасьць Божую, тайную, каторую Бог наканаваў перад вякамі да славы нашае,
але гаворым мудрасьць Божую, якая ў тайне, схаваную, якую прадвызначыў Бог перад вякамі на славу нашую,
Каторай ніхто з князёў гэтага веку не пазнаў; бо, калі б пазналі, не ўкрыжавалі б Спадара славы.
якое ніхто з князёў веку гэтага не зразумеў, бо калі б зразумелі, дык не ўкрыжавалі б Госпада славы.
Але, як напісана: «Ня бачыла таго вока, і ня чула вуха, і ня прыходзіла тое на сэрца людзіне, як шмат прыгатаваў Бог тым, што мілуюць Яго».
Але як напісана: «Вока ня бачыла, і вуха ня чула, і не ўзыходзіла на сэрца чалавека тое, што Бог прыгатаваў тым, якія любяць Яго».
А нам Бог аб’явіў Духам, бо Дух усе дасьлядуе, нават глыбіні Божыя.
А нам Бог адкрыў праз Духа Свайго, бо Дух усё дасьледуе, і глыбіні Божыя.
Бо хто зь людзёў ведае, што ёсьць у чалавеку, апрача духа людзкога, каторы ў ім? Так і Божага ніхто ня ведае, апрача Духа Божага.
Бо хто з людзей ведае, што ў чалавеку, акрамя духа чалавечага, які ў ім? Гэтак і таго, што ў Бога, ніхто ня ведае, акрамя Духа Божага.
Але мы прынялі ня духа сьвету гэтага, але Духа ад Бога, каб ведаць, чым Бог дараваў нас,
А мы атрымалі ня духа сьвету, але Духа, Які ад Бога, каб ведаць, што падаравана нам ад Бога.
Што й гукаем ня людзкой мудрасьцяй навучанымі словамі, але навучаныя Духам, раўнуючы духоўнае да духоўнага.
І гэта мы гаворым ня словамі, якім [нас] навучыла мудрасьць чалавечая, але [словамі], якім навучыў Дух Сьвяты, параўноўваючы духоўнае з духоўным.
Але душэўная людзіна ня прыймае таго, што ад Духа Божага, бо яно дурнота яму; і ня можа цяміць, бо яно духоўна адрозьнюецца.
А душэўны чалавек ня прыймае таго, што ад Духа Божага, бо гэта глупства для яго, і ня можа зразумець, бо пра гэта судзіцца духоўна.
Але духоўны адрозьнюе ўсе, сам жа не адрозьнюецца нікім.
А духоўны судзіць усё, сам жа ён нікім ня судзіцца.
«Бо хто пазнаў розум Спадароў, хто Яго вучыць будзе?» Але мы маем розум Хрыстоў.
Бо хто зразумеў розум Госпада, што будзе [нешта] даводзіць Яму? А мы маем розум Хрыстовы.