1 да Карынфянаў 11 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Будзьце перайманьнікамі ў мяне, як я ў Хрыста.
 
Станьцеся пераймальнікамі маімі, як і я — Хрыста.

Але хвалю вас, браты, што вы ўсе мае памятуеце, і дзяржыце паданьні, як я падаў вам.
 
Хвалю вас, браты, што вы ўсё маё памятаеце і трымаецеся традыцыі так, як я перадаў вам.

Хачу таксама, каб вы ведалі, што кажнага мужа галава Хрыстос; галава жончына — муж; а галава Хрыста — Бог.
 
Хачу, каб вы ведалі, што ўсякаму мужу галава Хрыстос, а галава жонцы — муж, а галава Хрысту — Бог.

Каторы муж моліцца альбо праракае з накрытай галавою, сароме галаву сваю.
 
Усякі муж, які моліцца або прарочыць з накрытаю галавою, сароміць сваю галаву.

А кажная жонка, што моліцца альбо праракае праставалосая, сароме галаву сваю; бо гэта тое самое, як калі б яна была пагаліўшыся.
 
А ўсякая жанчына, якая моліцца або прарочыць з ненакрытаю галавою, сароміць сваю галаву, бо гэта тое самае, быццам яна паголеная.

Бо калі жонка ня хоча накрывацца, няхай таксама стрыжэцца; а калі жонцы сорамна быць пастрыжанай альбо паголенай, няхай накрываецца.
 
Бо, калі жанчына не накрывае галавы, няхай стрыжэцца; а калі жанчыне сорамна стрыгчыся ці галіцца, няхай накрывае галаву.

Бо муж ня мае накрываць галавы, бо ён абраз а слава Божая; а жонка — слава мужава.
 
Бо муж не павінен накрываць галаву, бо ён — вобраз і слава Бога; а жонка ёсьць слава мужа.

Бо ня муж із жонкі, але жонка з мужа;
 
Бо ня муж ад жонкі, але жонка ад мужа.

Бо таксама ня муж створаны дзеля жонкі, але жонка дзеля мужа.
 
І ня муж створаны праз жонку, але жонка праз мужа.

Затым і мае мець жонка на галаве сваёй знак улады дзеля ангілаў.
 
Дзеля гэтага жонка павінна мець на галаве [знак] улады дзеля анёлаў.

Адылі, ані жонка бяз мужа, ані муж бяз жонкі ў Спадару.
 
Зрэшты, ані муж бяз жонкі, ані жонка бяз мужа, у Госпадзе.

Бо як жонка з мужа, так і муж пераз жонку; усе ж — з Бога.
 
Бо як жонка ад мужа, так і муж праз жонку, а ўсе — ад Бога.

Разважча самы, ці гожа жонцы праставалосай маліцца Богу?
 
Судзіце самі ў сабе, ці належыць жанчыне з ненакрытай галавою маліцца Богу?

Ціж сама прырода ня вуча вае, што калі муж мае даўгія валасы, няслава яму гэта;
 
Ці сама прырода ня вучыць вас, што калі мужчына расьціць валасы, гэта ганьба для яго,

Але калі жонка мае даўгія валасы, ёй слава, бо даўгія валасы даны ёй замест прыкрыцьця.
 
а калі жанчына расьціць валасы, гэта слава для яе, бо валасы дадзеныя ёй замест адзеньня.

Але калі б хто думаў быць звадлівым, мы ня маем такога звычаю ані цэрквы Божыя.
 
А калі хто думае спрачацца, мы ня маем гэткага звычаю, ані цэрквы Божыя.

Але, сулячы гэта, не хвалю, што вы зьбіраецеся ня дзеля лепшага, але дзеля горшага.
 
А загадваючы гэтае, не хвалю вас, бо вы зыходзіцеся не на лепшае, але на горшае.

Бо, першае, запраўды чую, што, як вы зыходзіцеся на збор, памеж вас бываюць падзелы, чаму часткава й веру.
 
Бо, па-першае, чую, што калі вы зыходзіцеся ў царкве, між вамі ёсьць падзел, і я часткова веру,

Бо мусяць быць таксама гэрасі памеж вас, каб выявіліся памеж вас узумелыя.
 
бо мусяць быць між вамі і герэзіі, каб вартыя выявіліся між вамі.

Адлі, як зьбіраецеся, дык ня дзеля вячэры Спадаровае;
 
Далей, калі вы зыходзіцеся разам, няма [ў вас] спажываньня вячэры Госпада,

Бо кажны барзьдзіць уперад есьці сваю ежу, і адзін галадуе, а другі п’яны.
 
бо кожны сьпяшаецца зьесьці ўласную вячэру, і адзін [застаецца] галодным, а другі ўпіваецца.

Ціж у вас няма дамоў, каб есьці й піць? Або грэбуеце царквою Божай і сароміце тых, што ня маюць? Што сказаць вам? ці пахваліць вас за гэта? за гэта не пахвалю.
 
Хіба вы дамоў ня маеце, каб есьці і піць? Або пагарджаеце царквою Божаю і сароміце тых, якія ня маюць? Што скажу вам? Ці пахвалю вас за гэтае? Не пахвалю.

Бо я прыняў ад Спадара тое, што й перадаў вам, што Спадар Ісус тае ночы, каторае быў выданы, узяў хлеб
 
Бо я ад Госпада прыняў і тое вам перадаў, што Госпад Ісус у тую ноч, калі быў выдадзены, узяў хлеб

І, даўшы падзяку, паламіў і сказаў: «Гэта цела Мае, каторае за вас ломіцца; гэта рабіце на Маю намятку».
 
і, падзякаваўшы, паламаў і сказаў: «Вазьміце, ешце, гэта ёсьць Цела Маё, якое за вас ломіцца. Рабіце гэта на ўспамін пра Мяне».

Таксама й чару па вячэры, кажучы: «Гэта чара ё новая ўмова ў крыві Маёй, гэта рабіце так часта, як п’іце, на Маю памятку»,
 
Таксама і келіх пасьля вячэры, кажучы: «Гэты келіх ёсьць Новы Запавет у Крыві Маёй. Гэта рабіце, калі будзеце піць, на ўспамін пра Мяне».

Так часта, як вы ясьце хлеб гэты і п’іце чару гэтую, сьмерць Спадарову абяшчаеце, пакуль Ён прыйдзе.
 
Бо кожны раз, калі вы ясьцё хлеб гэты і п’іцё келіх гэты, сьмерць Госпада абвяшчаеце, аж пакуль Ён прыйдзе.

Затым, хто будзе есьці хлеб гэты або піць чару Спадарову ня годна, вінен будзе Цела й Крыві Спадаровае.
 
Так што хто есьць хлеб гэты ці п’е келіх Госпадавы нягодна, вінны будзе Цела і Крыві Госпада.

Няхай жа спрабуе сябе людзіна, і гэтак еж із хлеба таго і з чары тае.
 
Няхай жа выпрабоўвае сябе чалавек і гэтак няхай есьць з хлеба гэтага і п’е з келіха гэтага.

Бо хто есьць а п’ець ня годна, тый есьць а п’ець засуджэньне сабе, не разважаючы празь Цела.
 
Бо хто есьць і п’е нягодна, той есьць і п’е прысуд сабе, не раззважаючы пра Цела Госпада.

Ад гэтага шмат хто з вас кволы а хворы і ня мала засынае.
 
Дзеля гэтага сярод вас шмат слабых і хворых, і даволі памірае.

Бо, калі б мы судзілі самы сябе, дык ня былі б суджаныя;
 
Бо калі мы разважаем пра саміх сябе, ня будзем суджанымі.

Будучы ж суджаныя, мы казьнераныя Спадаром, каб ня былі засуджаныя ізь сьветам.
 
А калі мы суджаныя, Госпад карае нас, каб не былі мы асуджаныя разам са сьветам.

Затым, браты мае, зьбіраючыся на вячэру, жджыце адзін аднаго.
 
Так што, браты мае, зыходзячыся на вячэру, адзін на аднаго чакайце.

Калі хто хоча есьці, няхай есьць дома, каб зьбірацца вам не на засуджэньне. Засталае ўладжу, як прыйду.
 
А калі хто галодны, няхай есьць дома, каб зьбірацца вам не на асуджэньне. А пра ўсё пазасталае загадаю, калі прыйду.