1 да Карынфянаў 13 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
Калі б я гукаў мовамі людзкімі й ангільскімі, а міласьці ня меў, дык я — медзь зьвінячая і цымбалы гучныя.
Калі я гавару мовамі чалавечымі і анёльскімі, а любові ня маю, я — медзь, якая зьвініць, ці цымбалы, якія гудуць.
І калі б я меў прароцтвы, і ведаў усі тайны, і меў усялякае знацьцё, і меў бы ўсю веру, ажно горы перасуваў, а міласьці ня меў, — то я нічога.
І калі я маю прароцтва, і ведаю ўсе тайны і ўсякае веданьне, і калі маю ўсю веру, каб і горы перастаўляць, а любові ня маю, я — нішто.
І калі б раздаў усе меньне свае, і калі б аддаў цела свае на спаленьне, а міласьці ня меў, — дык гэта імне не карысна.
І калі я раздам усю маёмасьць маю, і аддам цела маё на спаленьне, а любові ня маю, няма мне ніякае карысьці.
Міласьць цярплівая, зычлівая, міласьць не завідная, міласьць не вяльмуецца, не пыхацее,
Любоў доўга церпіць, робіць дабро; любоў не зайздросьціць; любоў не вывышаецца, не надзімаецца,
Не заховуецца нялець, ня шукае свайго собскага, ня квеліцца, ня думае ліха,
ня робіць непрыстойнага, не шукае свайго, ня гневаецца, ня думае ліхога,
Ня цешыцца зь бяспраўя, але цешыцца з праўды;
ня радуецца з няправеднасьці, але цешыцца з праўды;
Усе пакрывае, усяму вера, усяго спадзяецца, у вусім трывае.
усё вытрымлівае, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё трывае.
Міласьць ніколі не перастаець, хоць ё прароцтвы, але перастануць, хоць ё мовы, але перастануць, хоць ё веда, але перастане.
Любоў ніколі ня зьнікне, калі нават прароцтвы зьнікнуць, калі мовы змоўкнуць, калі веданьне зьнішчыцца.
Бо мы часткава ведаем і часткава праракаем.
Бо мы часткова ведаем і часткова прарочым;
Як настане дасканальнае, тады часткавае аддаліцца.
а калі прыйдзе дасканалае, тады тое, што частковае, зьнікне.
Як я быў бязьлеткам, я зюкаў, як бязьлетак, я думаў, як бязьлетак, я разважаў, як бязьлетак; а як стаў мужам, дык пакінаў бязьлетнае.
Калі я быў немаўлём, як немаўлятка гаварыў, як немаўлятка думаў; а калі стаўся мужам, пакінуў тое, што немаўляці.
Цяпер мы глядзім, бы пераз шкло, наўманы, але тады відам да віду; цяпер я ведаю часткава, а тады пазнаю, падобна як я супоўна пазнаны.
Бо цяпер мы бачым праз [мутнае] шкло, невыразна; а тады — абліччам да аблічча; цяпер я разумею часткова, а тады пазнаю [гэтаксама], як я сам пазнаны.
Цяпер трываюць тры: вера, надзея, міласьць; гэтыя тры, але большая зь іх міласьць.
А цяпер застаюцца вера, надзея, любоў — гэтыя тры; але большая з іх — любоў.