1 да Карынфянаў 14 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
Ганіцеся за міласьцяй і горача жадайце духоўных дароў, асабліва, каб вы маглі праракаць.
Імкніцеся да любові; і рупцеся пра [дары] духоўныя, асабліва пра тое, каб прарочыць.
Бо хто гукае моваю, ня гукае людзём, але Богу; бо ніхто ня слухае, ён тайны гукае духам;
Бо хто гаворыць [незнаёмай] моваю, той гаворыць ня людзям, але Богу; бо ніхто ня чуе, [як] ён тайны духам гаворыць.
А хто праракае, тый гукае людзём збудаваньне а захочаньне а пацяшэньне.
А хто прарочыць, той гаворыць людзям на збудаваньне, і на заахвочваньне, і на пацяшэньне.
Хто гукае моваю, будуе сябе; а хто праракае, тый будуе царкву.
Хто гаворыць [незнаёмай] моваю, збудоўвае сябе; а хто прарочыць, царкву збудоўвае.
Я зычу, каб вы ўсі гукалі мовамі; але валей, каб праракалі, бо хто праракае, тый пераходзе гукаючага мовамі, хіба, што ён зьясьніць, каб царква адзяржала збудаваньне.
Хачу, каб вы ўсе гаварылі мовамі, але больш, каб вы прарочылі, бо той, хто прарочыць, большы за таго, хто гаворыць мовамі, хіба што ён будзе і тлумачыць, каб царква атрымала збудаваньне.
Дык цяпер, браты, калі я прыйду да вас, гукаючы мовамі, дык што за карысьць вам, калі ня буду гукаць аб’яўленьням, або знацьцём, або прароцтвам, або навукаю?
Цяпер, як я прыйду да вас, браты, гаворачы мовамі, якая вам карысьць, калі ня буду гаварыць да вас ці з адкрыцьцём, ці з веданьнем, ці з прароцтвам, ці з навучаньнем?
Гэта ж і няжывыя рэчы, што выдаюць гук, як дудка альбо гарпа; калі б ня было розьніцы ў гуках, як пазнаць, што дудзіць альбо грае гарпа?
Падобна і бяздушныя [рэчы], якія голас даюць, ці жалейка, ці гусьлі, калі не даюць разьдзельнасьці гукаў, як даведацца, што граюць на жалейцы ці граюць на гусьлях?
Таксама калі труба выдаець неазначаны гук, хто будзе гатавацца да бітвы?
І калі труба будзе даваць невыразны голас, хто пачне рыхтавацца да бітвы?
Гэтак і вы, калі языком вымаўляеце незразумелыя словы, дык як пазнаюць, што вы гукаеце? Вы будзеце гукаць у паветра.
Гэтак і вы, калі языком не вымавіце выразнае слова, як зразумеюць, што вы гаворыце? Бо вы будзеце гаварыць на вецер.
Колькі, прыкладам, розных словаў на сьвеце, і ні воднага зь іх няма без азначанага гуку.
Колькі, напрыклад, разнастайных моваў у сьвеце, і ніводнае бяз голасу.
Калі ж я ня знаю моцы гуку, буду таму, што гукае, чужаземцам, і тый, што гукае, імне чужаземец.
Дык калі я ня ведаю значэньня мовы, буду чужынцам для таго, хто гаворыць, і той, хто гаворыць, [будзе] для мяне чужынец.
Гэтак і вы, будучы рупатлівыя духоўных дароў, старайцеся збыткаваць на збудаваньне царквы.
Гэтак і вы, калі рупіцеся пра [дары] духоўныя, шукайце, каб набываць іх дзеля збудаваньня царквы.
Затым тый, хто гукае моваю, хай моліцца, каб мог зьясьніць.
Дзеля гэтага той, хто гаворыць [незнаёмай] моваю, няхай моліцца, каб тлумачыць.
Бо калі я малюся моваю, дух мой моліцца, але розум мой бясплодны.
Бо, калі я малюся [незнаёмай] моваю, дух мой моліцца, а розум мой бяз плоду.
Дык што ж? Буду маліцца духам, але буду маліцца й розумам; буду пяяць духам, але буду пяяць і розумам.
Дык што? Буду маліцца духам, буду маліцца і розумам; буду сьпяваць духам, буду сьпяваць і розумам.
Бо, накш кажучы, калі ты дабраславіш духам, як можа тый, што займае месца простага, сказаць «Амін» на твае дзякаваньне? Бо ён ня ведае, што ты кажаш.
Бо калі ты будзеш дабраслаўляць духам, як той, хто стаіць на месцы [чалавека] простага, скажа «Амэн» на тваю падзяку, бо ён ня ведае, што ты гаворыш.
Бо ты запраўды добра дзякуеш, але другі ня будуецца.
Бо ты добра дзякуеш, але іншы не збудоўваецца.
Дзякую Богу, што балей за ўсіх вас мовамі гукаю;
Дзякую Богу майму, больш за ўсіх вас гаворачы мовамі,
Але ў царкве зычу валей пяць словаў сказаць розумам сваім, каб і іншых навучыць, чымся дзесяць тысячаў словаў моваю.
але ў царкве хачу лепш сказаць пяць словаў розумам маім, каб і другіх навучыць, чым дзясяткі тысячаў словаў на [незнаёмай] мове.
Браты! ня будзьце дзеці розумам: на ліха будзьце бязьлеткі, але розумам будзьце вырослыя.
Браты! Ня будзьце дзецьмі розумам; на благое будзьце немаўлятамі, а розумам будзьце дасканалымі.
Напісана ў Законе: «Людзьмі іншых моваў і чужымі вуснамі буду гукаць да люду гэтага, але й гэтак не паслухаюць Мяне, кажа Спадар».
У Законе напісана: «Іншымі мовамі і іншымі вуснамі буду гаварыць да народу гэтага, але і тады не паслухаюць Мяне, — кажа Госпад».
Дык мовы ё на знак ня вернікам, але нявернікам; а прароцтвы не нявернікам, але вернікам.
Так што мовы ёсьць на знак не для тых, якія вераць, але для бязьверных; а прароцтва не для бязьверных, але для тых, якія вераць.
Калі ўся царква зыйдзецца разам, і ўсі будуць гукаць мовамі, і простыя ўвыйдуць альбо нявернікі, дык ці ня скажуць яны, што вы шалёныя?
Дык калі ўся царква зыйдзецца разам, і ўсе будуць гаварыць мовамі, а ўвойдуць да вас [людзі] простыя ці бязьверныя, ці ня скажуць яны, што вы вар’яцееце?
Але як усі праракаюць, і ўвыйдзе які нявернік альбо просты, яго ўсі пераконуюць, усі судзяць яго.
А калі ўсе прарочаць, і ўвойдзе нейкі чалавек бязьверны ці просты, дык усімі ён дакараны, усімі суджаны,
І тайны сэрца ягонага выяўляюцца, і ён падае ніцма, кланяецца Богу й скажа, што запраўды з вамі Бог.
і гэтак таямніцы сэрца ягонага выяўляюцца, і ён, упаўшы на аблічча, паклоніцца Богу, паведамляючы: «Праўдзіва, з вамі Бог!»
Дык што ж, браты? Як вы зыходзіцеся, кажны з вас мае псальму, мае навуку, мае мову, мае аб’яўленьне, мае выклад, — усе няхай будзе на збудаваньне.
Дык што, браты? Калі вы зыходзіцеся, кожны з вас мае псальм, мае навучаньне, мае [незнаёмую] мову, мае адкрыцьцё, мае тлумачэньне; усё няхай будзе на збудаваньне.
Калі хто гукае моваю, хай будзе двух альбо найбалей трох, ды паасобку, і адзін зьясьняй.
Калі хто гаворыць [незнаёмай] моваю, [гаварыце] па двое ці, найбольш, па трое, і па чарзе, і адзін няхай тлумачыць.
Калі ж ня будзе зьясьняньніка, няхай ён маўчыць у царкве, а гукае самому сабе й Богу.
А калі няма тлумача, няхай маўчыць у царкве, а гаворыць сабе і Богу.
Прарокі ж няхай два або тры гукаюць, а іншыя няхай разважаюць.
І прарокі няхай гавораць двое ці трое, а іншыя няхай разважаюць.
Калі ж іншаму седзячаму было аб’яўленьне, няхай першы маўчыць.
А калі іншаму з тых, якія сядзяць, [нешта] адкрыецца, першы няхай маўчыць.
Бо можаце ўсі адзін за адным праракаць, каб усі вучыліся і ўсі захочаваліся.
Бо ўсе адзін за адным можаце прарочыць, каб усе былі навучаныя і ўсе былі суцешаныя.
І духі прароцкія падданыя прарокам;
І духі прарочыя паслухмяныя прарокам,
Бо Бог ня ё Бог няраду, але супакою, як у вусіх цэрквах сьвятых.
бо Бог ня ёсьць [Бог] бязладзьдзя, але супакою, як у-ва ўсіх цэрквах у сьвятых.
Няхай жанкі маўчаць у цэрквах, бо не дазволена ім гутарыць, але быць падданымі, як і Права кажа.
Жанчыны вашыя ў цэрквах няхай маўчаць; бо не дазволена ім гаварыць, але каб былі паслухмяныя, як і Закон кажа.
Але, калі яны зычаць навучыцца чагось, няхай пытаюцца ў мужоў сваіх дома, бо сорам жонцы гутарыць у царкве.
А калі хочуць нечаму навучыцца, няхай пытаюцца дома ў мужоў сваіх, бо сорамна жанчынам гаварыць у царкве.
Ціж ад вас вышла слова Божае? Або да вас адных дасягло?
Ці ад вас выйшла слова Божае? Або ці да вас адных прыйшло?
Калі хто ўважае сябе за прароку альбо духоўнага, няхай пазнаець, што я пішу вам, што гэта расказаньне Спадарова;
Калі хто лічыць, што ён прарок ці духоўны, той няхай ведае, што тое, што я пішу вам, ёсьць прыказаньні Госпадавы.
А хто ня ведае, няхай ня ведае.
А калі хто ня разумее, няхай ня разумее.
Дык, браты, рупцеся праракаць, але не бараніце гукаць мовамі.
Так што, браты, рупцеся, каб прарочыць, і не забараняйце гаварыць мовамі.
Няхай жа ўсе дзеецца гожа а радна.
Усё няхай будзе прыстойна і парадкам.