1 да Карынфянаў 14 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

Ганіцеся за міласьцяй і горача жадайце духоўных дароў, асабліва, каб вы маглі праракаць.
 
Сягайце па любасьць, дабівайцеся духовых дараў, асабліваж — каб праракаваць.

Бо хто гукае моваю, ня гукае людзём, але Богу; бо ніхто ня слухае, ён тайны гукае духам;
 
Бо хто гаворыць моваю нязнанаю, то ня людзям гаворыць, а Богу, ніхто бо яго не разумее: ён гаворыць духам таёмнае.

А хто праракае, тый гукае людзём збудаваньне а захочаньне а пацяшэньне.
 
А хто праракуе, той гаворыць людзям на павучэнне, напамін ці пацяшанне.

Хто гукае моваю, будуе сябе; а хто праракае, тый будуе царкву.
 
Хто мовамі гаворыць, той сам сябе павучае, а хто праракуе, той Эклезію Божу будуе.

Я зычу, каб вы ўсі гукалі мовамі; але валей, каб праракалі, бо хто праракае, тый пераходзе гукаючага мовамі, хіба, што ён зьясьніць, каб царква адзяржала збудаваньне.
 
Хочу восьжа, каб гаварылі сабе й мовамі, лепш аднак, каб праракавалі, большы бо той, хто праракуе за таго, хто гавора мовамі, хіба што ён прытым й паясьняўбы, каб эклезія павучэнне мела.

Дык цяпер, браты, калі я прыйду да вас, гукаючы мовамі, дык што за карысьць вам, калі ня буду гукаць аб’яўленьням, або знацьцём, або прароцтвам, або навукаю?
 
А цяпер, браты, каліб я прыйшоў да вас і загаварыў мовамі, якуюж прынёсбы вам карысьць, каліб не паясьніў або аб’яўленнем, або ўмеласьцю, або прароцтвам, ці навукаю?

Гэта ж і няжывыя рэчы, што выдаюць гук, як дудка альбо гарпа; калі б ня было розьніцы ў гуках, як пазнаць, што дудзіць альбо грае гарпа?
 
Бо-ж гэтак сама яно і з бяздушнымі рэчамі, што даюць голас: ці-то жалейка, ці гусьлі: калі ня выдаюць із сябе выразнасьці тонаў, дык як распазнаць што граецца на жалейцы, ці гусьлях?

Таксама калі труба выдаець неазначаны гук, хто будзе гатавацца да бітвы?
 
І каліб сурма баявая выдавала гук неўпапад, хто пачаўбы рыхтавацца да бою?

Гэтак і вы, калі языком вымаўляеце незразумелыя словы, дык як пазнаюць, што вы гукаеце? Вы будзеце гукаць у паветра.
 
Гэтак і вы, калі прамаўляеце славамі няўцямнымі, дык як пазнаюць, што вы гаворыце? На вецер гаварыць будзеце.

Колькі, прыкладам, розных словаў на сьвеце, і ні воднага зь іх няма без азначанага гуку.
 
Гэтулькі ўсялякіх моваў на сьвеце, а ніводнае — бяз слоў;

Калі ж я ня знаю моцы гуку, буду таму, што гукае, чужаземцам, і тый, што гукае, імне чужаземец.
 
але, як я не разумею значэння слоў, дык буду чужынцам для таго, хто гаворыць, а ён будзе чужынцам для мяне.

Гэтак і вы, будучы рупатлівыя духоўных дароў, старайцеся збыткаваць на збудаваньне царквы.
 
Так вось і вы, калі дбалыя аб дары духовыя, дык абагачаецеся імі на збудаванне Эклезіі.

Затым тый, хто гукае моваю, хай моліцца, каб мог зьясьніць.
 
Дзеля гэтага хто гаворыць няведамай мовай, хай моліцца, каб умеў паясьніць.

Бо калі я малюся моваю, дух мой моліцца, але розум мой бясплодны.
 
Бо калі малюся незнаёмай мовай, дык хоць дух мой і моліцца, розум астаецца без пажывы.

Дык што ж? Буду маліцца духам, але буду маліцца й розумам; буду пяяць духам, але буду пяяць і розумам.
 
Тады штож — буду маліцца духам, буду маліцца й розумам; піяціму духам, піяціму й розумам.

Бо, накш кажучы, калі ты дабраславіш духам, як можа тый, што займае месца простага, сказаць «Амін» на твае дзякаваньне? Бо ён ня ведае, што ты кажаш.
 
Інакш бо: калі багаславіцімеш духам, то як прысутны прасталюдзін, няведаючы што гаворыш, скажа табе «Амэн» на тваё багаслаўленства?

Бо ты запраўды добра дзякуеш, але другі ня будуецца.
 
Ты хораша дзякуеш, але другому гэта не ў навуку.

Дзякую Богу, што балей за ўсіх вас мовамі гукаю;
 
Я-то дзякую Богу майму, што гавару мовамі болей за ўсіх вас;

Але ў царкве зычу валей пяць словаў сказаць розумам сваім, каб і іншых навучыць, чымся дзесяць тысячаў словаў моваю.
 
але ў набожні я волю сказаць п’яць слоў сваім розумам, каб павучыць і другіх, чым дзесяць тысяч слоў мовай незразумелай.

Браты! ня будзьце дзеці розумам: на ліха будзьце бязьлеткі, але розумам будзьце вырослыя.
 
Браты, ня будзьце дзеці разуменнем, на благое то будзьце незмысьлю, а розумам будзьце дасьпелыя.

Напісана ў Законе: «Людзьмі іншых моваў і чужымі вуснамі буду гукаць да люду гэтага, але й гэтак не паслухаюць Мяне, кажа Спадар».
 
У Законе напісана: Чужымі мовамі ды чужымі вуснамі гаварыціму народу гэтаму, але й так не паслухаюць Мяне — кажа Госпад. (Із. 28:11−12).

Дык мовы ё на знак ня вернікам, але нявернікам; а прароцтвы не нявернікам, але вернікам.
 
так што — мовы ёсьць знакам не для веручых, але для няверучых; прароцтвы-ж не для няверучых, але для веручых.

Калі ўся царква зыйдзецца разам, і ўсі будуць гукаць мовамі, і простыя ўвыйдуць альбо нявернікі, дык ці ня скажуць яны, што вы шалёныя?
 
Калі восьжа зыйдзецца разам уся Эклезія ды стануць гаварыць рознымі мовамі, а ўвойдуць якіе няведучыя, ці нявернікі, дык ціж ня скажуць, што вы зьбіліся з глузду?

Але як усі праракаюць, і ўвыйдзе які нявернік альбо просты, яго ўсі пераконуюць, усі судзяць яго.
 
А вось калі ўсе праракуюць і ўвойдзе які нявернік, ці несьвядомлены, дык усе пачнуць яго праконываць, ці угаворваць.

І тайны сэрца ягонага выяўляюцца, і ён падае ніцма, кланяецца Богу й скажа, што запраўды з вамі Бог.
 
выяўляючы сукрытасьць сэрца ягонага, і ён ніцам паўшы, паклоніцца Богу ды прызнае, што Бог сапраўды ёсьць між вамі.

Дык што ж, браты? Як вы зыходзіцеся, кажны з вас мае псальму, мае навуку, мае мову, мае аб’яўленьне, мае выклад, — усе няхай будзе на збудаваньне.
 
Тады штож, браты, — як зыйходзіцеся, кажны з вас уносіць або псальм, або дар навучання, аб’яўлення, моваў, тлумачэння: ўсё гэта хай будзе на збудаванне.

Калі хто гукае моваю, хай будзе двух альбо найбалей трох, ды паасобку, і адзін зьясьняй.
 
Калі хто гаворыць незнаёмай мовай, дык гаварэце чародна па-двух, найбольш па-трох; адзін-жа хай паясьняе.

Калі ж ня будзе зьясьняньніка, няхай ён маўчыць у царкве, а гукае самому сабе й Богу.
 
А каліб ня было перакладчыка, дык хай маўчыць у набожні, а сабе й Богу гаворыць.

Прарокі ж няхай два або тры гукаюць, а іншыя няхай разважаюць.
 
І прарокі хай гавораць па-двух, ці трох, рэшта — хай разважаюць.

Калі ж іншаму седзячаму было аб’яўленьне, няхай першы маўчыць.
 
А як каму з сядзячых былоб што аб’яўлена, першы хай маўчыць.

Бо можаце ўсі адзін за адным праракаць, каб усі вучыліся і ўсі захочаваліся.
 
Бо ўсе можаце праракаваць паадзіночна, каб усе павучаліся ды ўсе пацяшаліся.

І духі прароцкія падданыя прарокам;
 
Сілы-ж прарочага духа падуладныя прарокам,

Бо Бог ня ё Бог няраду, але супакою, як у вусіх цэрквах сьвятых.
 
Бог бо ня ёсьць Богам разладзьдзя, але супакою. Як і па ўсіх набожнях у сьвятых вучу —

Няхай жанкі маўчаць у цэрквах, бо не дазволена ім гутарыць, але быць падданымі, як і Права кажа.
 
жанчыны, хай у набожні маўчаць, ім бо не дазволена гаварыць, але падуладнымі быць, як і Закон загадвае (Быць. 3:16).

Але, калі яны зычаць навучыцца чагось, няхай пытаюцца ў мужоў сваіх дома, бо сорам жонцы гутарыць у царкве.
 
Калі-ж хочуць навучыцца чаго, няхай пытаюцца дома сваіх мужоў; бо ня ўходзіць кабеціне ў набожні гутарыць.

Ціж ад вас вышла слова Божае? Або да вас адных дасягло?
 
Ці-ж ад вас выйшла Божае слова? Або ці да вас адных дайшло?

Калі хто ўважае сябе за прароку альбо духоўнага, няхай пазнаець, што я пішу вам, што гэта расказаньне Спадарова;
 
Як каму здаецца, што ён прарок, або мае нейкі дар духовы, дык хай ведае, што ўсё гэтае, аб чым пішу вам, ёсьць загадам Божым.

А хто ня ведае, няхай ня ведае.
 
Хтоб гэтага ня прызнаў, той сам ня будзе прызнаны.

Дык, браты, рупцеся праракаць, але не бараніце гукаць мовамі.
 
Гэтак вось, браты, старайцеся праракаваць дый не забараняйце гаварыць мовамі.

Няхай жа ўсе дзеецца гожа а радна.
 
Але ўсё няхай дзеецца дастойна і даладна.