1 да Карынфянаў 11 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

Будзьце перайманьнікамі ў мяне, як я ў Хрыста.
 
Будзьце пасьлядоўнікамі маімі, як я Хрыстусавы.

Але хвалю вас, браты, што вы ўсе мае памятуеце, і дзяржыце паданьні, як я падаў вам.
 
Хвалю вас, браты, што ўсё маё памятаеце ды трымаецеся маіх павучэнняў так, як перадаў я вам.

Хачу таксама, каб вы ведалі, што кажнага мужа галава Хрыстос; галава жончына — муж; а галава Хрыста — Бог.
 
І хочу, каб вы ведалі, што кажнаму мужчыне галава Хрыстус, а жанчыне галава мужчына, Хрыстусу-ж галава Бог.

Каторы муж моліцца альбо праракае з накрытай галавою, сароме галаву сваю.
 
Кажны мужчына, што моліцца зь ненакрытаю галавою, ганьбіць сваю галаву.

А кажная жонка, што моліцца альбо праракае праставалосая, сароме галаву сваю; бо гэта тое самое, як калі б яна была пагаліўшыся.
 
А кажная жанчына, што моліцца зь ненакрытаю галавою, ганьбіць сваю галаву; гэта бо тое самае, якбы яна была абголеная;

Бо калі жонка ня хоча накрывацца, няхай таксама стрыжэцца; а калі жонцы сорамна быць пастрыжанай альбо паголенай, няхай накрываецца.
 
бо калі жанчына не накрывае галавы, дык няхай стрыжэцца; а калі ёй сорамна стрыгчыся, ці галіцца, хай накрываецца.

Бо муж ня мае накрываць галавы, бо ён абраз а слава Божая; а жонка — слава мужава.
 
Мужчыне ня сьлед накрываць галаву, ён бо вобраз і слава Бога, а жанчына — слава мужчыны;

Бо ня муж із жонкі, але жонка з мужа;
 
бо ня мужчына ад жанчыны, але жанчына ад мужчыны;

Бо таксама ня муж створаны дзеля жонкі, але жонка дзеля мужа.
 
і ня мужчына створаны для жанчыны, а жанчына для мужчыны.

Затым і мае мець жонка на галаве сваёй знак улады дзеля ангілаў.
 
Таму-то жанчына й павінна мець на галаве знак падуладнасьці, дзеля Анёлаў.

Адылі, ані жонка бяз мужа, ані муж бяз жонкі ў Спадару.
 
Аднак у Богу ні мужчына без жанчыны, ні жанчына без мужчыны;

Бо як жонка з мужа, так і муж пераз жонку; усе ж — з Бога.
 
бо як жанчына з мужчыны, так мужчына праз жанчыну; а ўсё — ад Бога.

Разважча самы, ці гожа жонцы праставалосай маліцца Богу?
 
Падумайце самы: ціж прыстоіць жанчыне маліцца Богу зь ненакрытай галавою?

Ціж сама прырода ня вуча вае, што калі муж мае даўгія валасы, няслава яму гэта;
 
Ціж сама натура ня вучыць вас, што калі мужчына запускае валасы, дык брыдка яму;

Але калі жонка мае даўгія валасы, ёй слава, бо даўгія валасы даны ёй замест прыкрыцьця.
 
а як жанчына запускае доўгія валасы, дык для яе гэта чэсьць, ёй бо валасы на прыкрыцьцё даныя.

Але калі б хто думаў быць звадлівым, мы ня маем такога звычаю ані цэрквы Божыя.
 
А каліб хто меў ахвоту спрачацца, то мы ня маем гэтага звычаю, ані такжа Божая Эклезія.

Але, сулячы гэта, не хвалю, што вы зьбіраецеся ня дзеля лепшага, але дзеля горшага.
 
Робячы вам гэтыя заўвагі, я не магу пахваліць вас затое, што зьбіраецеся не на лепшае, але на горшае.

Бо, першае, запраўды чую, што, як вы зыходзіцеся на збор, памеж вас бываюць падзелы, чаму часткава й веру.
 
Перадусім бо — чую — што як зыходзіцеся ў набожні, паўстае між вамі разлад, і гэтаму крыху веру;

Бо мусяць быць таксама гэрасі памеж вас, каб выявіліся памеж вас узумелыя.
 
бо мусяць быць рожнадумствы, каб выявіліся між вамі выпрабаваныя.

Адлі, як зьбіраецеся, дык ня дзеля вячэры Спадаровае;
 
Вашы сходзіны ня ёсьць ужо спажываннем Вячэры Усеспадаравай;

Бо кажны барзьдзіць уперад есьці сваю ежу, і адзін галадуе, а другі п’яны.
 
кажны бо хапаецца наўперад спажыць сваю вячэру й адзін бывае галодны, а другі падпілы.

Ціж у вас няма дамоў, каб есьці й піць? Або грэбуеце царквою Божай і сароміце тых, што ня маюць? Што сказаць вам? ці пахваліць вас за гэта? за гэта не пахвалю.
 
Ціж ня маеце дамоў, каб есьці й піць? Ці мо ганьбіць хочаце Божую эклезію ды ўпакорваць тых, якія нічога ня маюць? Што сказаць вам? Хваліць вас? За гэта не пахвалю.

Бо я прыняў ад Спадара тое, што й перадаў вам, што Спадар Ісус тае ночы, каторае быў выданы, узяў хлеб
 
Я бо ад Самага Усеспадара прыняў ды тое й вам перадаў, што: Усеспадар Езус тае ночы, ў якой быў выданы, ўзяў хлеб,

І, даўшы падзяку, паламіў і сказаў: «Гэта цела Мае, каторае за вас ломіцца; гэта рабіце на Маю намятку».
 
і аддаўшы падзяку, паламаў і сказаў: «Прыймеце і ешце, гэта ёсьць Цела маё, што за вас даецца; гэта рабеце на маю памятку» (Мт. 26:26; Мк. 14:22; Лк. 22:19).

Таксама й чару па вячэры, кажучы: «Гэта чара ё новая ўмова ў крыві Маёй, гэта рабіце так часта, як п’іце, на Маю памятку»,
 
Такжа і кіліх па вячэры, кажучы: «Гэты кіліх ёсьць новы запавет у маёй Крыві. Гэта рабеце кажны раз, як будзеце піць на маю памятку».

Так часта, як вы ясьце хлеб гэты і п’іце чару гэтую, сьмерць Спадарову абяшчаеце, пакуль Ён прыйдзе.
 
Бо кажны раз як есьцімеце хлеб гэты й піцімеце кіліх, сьмерць Усеспадара зьвяшчаць будзеце, пакуль Сам прыйдзе.

Затым, хто будзе есьці хлеб гэты або піць чару Спадарову ня годна, вінен будзе Цела й Крыві Спадаровае.
 
Хто, восьжа, спажываўбы гэты хлеб, ці піўбы Усеспадаравы кіліх нягодна, будзе вінаваты за Цела Усеспадара і Кроў.

Няхай жа спрабуе сябе людзіна, і гэтак еж із хлеба таго і з чары тае.
 
Дык хайжа дасьледвае сябе самога чалавек і гэтак есьць з хлеба таго ды п’е з кіліха таго.

Бо хто есьць а п’ець ня годна, тый есьць а п’ець засуджэньне сабе, не разважаючы празь Цела.
 
Хто бо есьць і п’е нягодна, асуд сабе есьць і п’е, не разрожніваючы Цела Госпада.

Ад гэтага шмат хто з вас кволы а хворы і ня мала засынае.
 
Ось таму шмат у вас кволых і хворых ды ня мала і ўмірае.

Бо, калі б мы судзілі самы сябе, дык ня былі б суджаныя;
 
А каб мы самы сябе судзілі, дык ня быліб суджаныя.

Будучы ж суджаныя, мы казьнераныя Спадаром, каб ня былі засуджаныя ізь сьветам.
 
І калі Госпад судзіць нас, Ён тым папраўляе нас, каб ня былі разам із сьветам засуджанымі.

Затым, браты мае, зьбіраючыся на вячэру, жджыце адзін аднаго.
 
Таму вось, браты мае, калі зьбіраецеся есьці, чакайце адзін другога;

Калі хто хоча есьці, няхай есьць дома, каб зьбірацца вам не на засуджэньне. Засталае ўладжу, як прыйду.
 
калі-ж хто галодны, няхай есьць дома, каб зьбірацца вам не на засуд. Іншыя справы заладжу, як прыду.