Да Ціта 1 разьдзел

Пасланьне да Ціта
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Павал слуга Божы й Апостал Езуса Хрыстуса для веры выбраных Божых ды для пазнання праўды, вядучай да пабожнасьці,
 
Павал, слуга Божы і апостал Езуса Хрыста паводле веры выбраньнікаў Божых і пазнаньню праўды, вядучай да пабожнасьці,

надзеі жыцьця вечнага, прад вякамі абяцанага Богам няздрадным у слове,
 
у надзеі жыцьця вечнага, якое абяцаў спрадвеку Бог, які не падманвае,

а ў сваім часе аб’явіўшым сваё слова праз навучанне, паверанае мне з загаду Богазбаўцы нашага, —
 
і аб'явіў у свой час сваё Слова, даручаючы мне вясьціць яго па загаду Бога, Збаўцы нашага,

шчыраму сыну ў супольнай веры: ласка і спакой ад Бога Айца і Езуса Хрыстуса Збавіцеля нашага.
 
Ціту, умілаванаму сыну ў супольнай веры: Ласка і супакой ад Бога Айца і Езуса Хрыста, Збаўцы нашага.

Я пакінуў цябе ў Крыце натое, каб ты давяршыў недаладжанае шчэ ды і ўстанавіў па ўсіх местах старэйшын (прэзьбітэраў), як я загадаў табе:
 
Дзеля таго пакінуў я цябе на Крыце, каб ты ўсе неўпарадкаваныя справы наладзіў і каб паставіў у гарадах старшых, як я табе загадаў:

беззаганных, аднажэнцаў, маючых дзяцей веручых не дакараных за распусту, ці непакорлівасьць.
 
калі хто без наганы, муж аднае жонкі, мае веручыя дзеці, не вінавачаныя ў распусьце або непаслухмянасьці.

Бо біскуп павінен быць беззаганным, як Божы гаспадар дому, ня пышны й гняўлівы, не п’яніца й завадыяка ды карысталюбец,
 
Належыцца бо, каб біскуп быў беззаганы як распарадзіцель Божы, ня горды, не гняўлівы, ня п'яніца, не авантурнік, ня сквапны да нажывы,

але гасьцінны, дабралюбец, разважны, справядлівы, багабойны, паўстрымны,
 
але гасьцінны, ласкавы, чэсны, справядлівы, сьвяты, стараны,

каб трымаўся ў слове здаровай вернай навукі, ды мог і напамін даваць супраціўнікам.
 
які трымаецца праўдзівае навукі, вернай слову, каб здатны быў ён схіляць да праўдзівай навукі і нават тых, якія выступаюць супраць.

Шмат бо ёсьць непакорных, пуставякалаў і зводнікаў, асабліва з абразаных,
 
Бо ёсьць таксама шмат непаслухмяных, пустаслоўных ды звадыяшаў, асабліва з абразаных,

якім трэба прыцінаць язык. Яны, дзеля нягоднае нажывы разбаламучваюць цэлые дамы, навучаючы нясінеце.
 
каторым трэба зачыняць рот, бо яны ўсе дамы разбураюць, навучаючы таму, што не належыцца, дзеля ліхой карысьці.

Сказаўжа адзін зь іх, вершаплёт: Крытыйцы заўсёдные лгуны, абжорцы, лень і дзікуны.
 
Сказаў жа адзін з іх саміх, уласны іхні прарок: "Крыцяне заўжды хлусяць, лютыя зьвяры, гультайскія жываты".

Светчанне гэтае ёсьць праўдзівае. Дзеля гэтага давай моцные напаміны, каб былі здаровымі ў веры,
 
Сьведчаньне гэтае праўдзівае. Таму дакарай іх строга, каб трывалі ў здаровай веры,

ня слухалі жыдоўскіх басьняў ды наказаў людзей адвяртаючыхся ад праўды.
 
не зьвяртаючы ўвагі на Юдэйскія байкі ці на выказваньні людзей, якія адварочваюцца ад праўды.

Для чыстых — усё чыстае, а для апаганеных і няверных нічога няма чыстага, бо апаганены іхні розум ды сумленне.
 
Для чыстых усё чыстае. Спаганеным жа і няверучым нічога няма чыстага, але забруджаны іх думкі і сумленьне.

Яны сьвердзяць, што знаюць Бога, а паступкамі сваімі гэта запярэчваюць, агідныя бо й непакорныя ды няздольные да ніякага добрага дзела.
 
Кажуць, што ведаюць Бога, а дзейнасьцю сваёй пярэчаць, бо абрыдныя яны і непаслухмяныя, да ніякай добрай дзейнасьці няздатныя.