Марка 1 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 1999
Пачатак эванэліі Езуса Хрыста, Сына Божага.
Пачатак Эвангельля Езуса Хрыста, Сына Божага.
Як напісана ў Ізая прарока (40,3): «Вось я пасылаю анела майго перад воблікам тваім, які прыгатуе дарогу тваю перад табою.
Як напісана ў Ісаі прарока: "Вось Я пасылаю анёла Майго перад воблікам Тваім, які прыгатуе дарогу Табе.
Голас клічучага ў пустыні: Праўце дарогу Госпадаву, прастуйце сьцежкі ягоны».
Голас клічучага ў пустыні: Прыгатуйце дарогу Госпаду, прастуйце сьцежкі Яму".
Быў Ян у пустыні, хрысьцячы й абвяшчаючы хрост пакуты на адпушчэнне грахоў.
Паявіўся Ян у пустыні, хрысьцячы і вешчучы хрост пакаяньня дзеля адпушчэньня грахоў.
І выйходзіла к яму ўся краіна Юдэйская ўсе Ерузалімцы ды былі хрышчаны ім у рацэ Ярдане, спавядаючыся з грахоў сваіх.
І прыходзіла да яго ўся краіна Юдэйская і ўсе Ерузалімцы, і, вызнаючы грахі свае, былі ім хрышчаны ў рацэ Ярдан.
А быў Ян адзеты ў шарсьцянку вярблюдаву з поясам шкураным у паясьніцы ягонай ды еў шаранчу й лясны мёд.
Ян жа быў адзеты ў вярблюдавы волас ды падперазаны скураным поясам па сваіх бёдрах, і еў шаранчу і дзікі мёд.
І прадвяшчаў кажучы: Магутнейшы за мяне ідзе за мною якому ня годзен я нахіліўшыся развязаць рэмень абутку яго.
І навучаў ён, кажучы: "Ідзе за мной дужэйшы за мяне, Якому я ня варты, упаўшы на зямлю, разьвязаць рамень сандалаў Ягоных.
Я вас хрысьціў вадою, ён-жа хрысьціціме вас Духам Святым.
Я хрышчу вас вадой, а Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым".
І сталася, ў тыя дні прыйшоў Езус з Назарэту Галілейскага і быў Янам ахрышчаны ў Ярдане.
І здарылася, што ў тыя дні прыйшоў Езус з Назарэту Галілейскага і быў ахрышчаны Янам ў Ярдане.
І зараз, выйходзячы з вады, ўбачыў неба расхіленае і Духа, бы голуба, зыходзячага й трываючага на ім.
І як толькі выходзіў з вады, убачыў адкрытыя нябёсы, ды Духа як галуба, зыходзячага на Яго.
І стаўся голас з неба: Ты Сын мой мілы, ў табе мне даўспадобы.
І азваўся голас з неба: "Ты — Сын Мой улюблены, упадабаў Я Цябе".
І зараз Дух павёў яго ў пустыню.
І зараз вядзе Яго Дух у пустыню.
І прабыў у пустыні сорак дзён і сорак начэй, і быў спакушаны дзяблам і прабываў з звяратамі, а анелы прыслужвалі яму.
І Ён прабываў у пустыні сорак дзён, спакушаны шатанам; і жыў між зьвяроў, і анёлы паслугавалі Яму.
Пасьля-ж таго, як быў выданы Ян, прыйшоў Езус у Галілею, абвяшчаючы эванэлію валадарства Божага
А пасьля таго, як Ян быў узяты, прыбыў Езус у Галілею, вешчучы Эвангельле Божае
і кажучы, што споўніўся час і прыбліжылася гаспадарства Божае, пакутуйце ды верце эванэліі.
і кажучы: "Споўніўся час, і наблізілася Каралеўства Божае. Навярніцеся і верце Эвангельлю!"
І прайходзячы каля мора Галілейскага, ўбачыў Сымона й Андрэя, брата ягонага, закідаючых сеці ў мора, былі бо рыбакамі.
І, праходзячы каля мора Галілейскага, убачыў Сымона і брата ягонага Андрэя, закідаючых сеткі ў мора; былі бо яны рыбакамі.
І сказаў ім Езус: Ідзеце за мною, а зраблю вас, што станецеся рыбакамі людзей.
І сказаў ім Езус: "Хадзіце за Мной, і Я зраблю вас рыбакамі людзей".
І яны зараз-жа, пакінуўшы сеці, пайшлі за ім.
І адразу, пакінуўшы сеці, яны пайшлі за Ім.
А крыху адыйшоўшыся адтуль, убачыў Якуба Зэбэдэевага ды Яна, брата ягонага, парадкуючых невады ў лодцы,
І, адыйшоўшыся адтуль недалёка, убачыў Якуба Зэбэдэявага і Яна, брата ягонага, калі яны парадкавалі сеткі свае ў лодцы.
і зараз паклікаў іх. І яны, пакінуўшы ў лодцы бацьку свайго Зэбэдэя з наймітамі, пайшлі за ім.
І зараз паклікаў іх. І яны, пакінуўшы ў лодцы бацьку свайго Зэбэдэя з нанятымі работнікамі, пайшлі за Ім.
Ды прыходзяць у Кафарнаум; і зараз-жа ў сыботу, ўвайшоўшы ў бажніцу, навучаў іх.
І ўваходзяць у Кафарнаўм. І адразу у суботу, увайшоўшы ў сынагогу, стаў навучаць.
І дзівіліся з навукі ягонай, вучыў бо іх як той, што ўладу мае, а не як кніжнікі.
І ўсе дзівіліся з Яго навукі, бо вучыў іх як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі.
А быў у іхняй бажніцы чалавек, маючы духа нячыстага і закрычаў,
І акурат у сынагозе быў чалавек, апанаваны духам нячыстым, і крычаў,
кажучы: Што табе да нас, Езус Назарэньскі? Прыйшоў ты згубіць нас? Ведаю хто ты, Святы Божы!
кажучы: "Што Табе да нас, Езус Назарэец? Прыйшоў загубіць нас? Ведаю, хто Ты: Сьвяты Божы".
І прыгразіў яму Езус, гаворачы: Замоўкні й выйдзі з чалавека!
Але прыгразіў яму Езус, кажучы: "Замаўчы і выйдзі з чалавека!"
І скалатнуўшы яго ды закрычаўшы дзікім голасам, выйшаў з яго дух нячысты.
І нячысты дух, тузаючы ім і крычучы моцным голасам, пакінуў яго.
І жахнуліся ўсе, так што пыталіся адзін другога, кажучы: Што гэта? Што за навука новая, што ён з уладай навет духам нячыстым загадвае й слухаюць яго?
І аслупянелі ўсе ды пыталіся адзін аднаго, кажучы: "Хто гэта такі? Ды што за навука гэта новая з уладаю, што загадвае нячыстым духам, і яны слухаюцца Яго?"
І хутка разыйшлася аб ім слава па ўсёй Галілейскай краіне.
Ды хутка разыйшлася вестка пра Яго па ўсёй Галілейскай краіне.
І неўзабавак, выйшаўшы з бажніцы, прыйшлі ў дом Сымона й Андрэя з Якубам і Янам.
І, выйшаўшы з сынагогі, прыбылі ў дом Сымона і Андрэя разам з Якубам і Янам.
А цешча Сымонава ляжала ў гарачцы, дык зараз кажуць яму аб ёй.
Цёшча ж Пятра ляжала ў гарачцы. І адразу кажуць Яму пра яе.
І падыйшоўшы, падняў яе, ўзяўшы за руку, і воміг пазбылася гарачкі й паслугоўвала ім.
І, падыйшоўшы, Езус падняў яе, узяўшы за руку, і пакінула яе гарачка, і яна паслугавала ім.
Каліж настаў вечар, як зайшло сонца, прыносілі к яму ўсіх нядужых ды маючых дз’ябальства,
А калі сонца ўжо зайшло і настаў вечар, прыносілі да Яго ўсіх блага чуючыхся і маючых дэманаў;
і ўсё места сабралося перад дзвярыма.
ды так увесь горад сабраўся ля дзьвярэй.
І аздаравіў многіх, церпячых ад усякіх хваробаў, і выганяў многа дэмонаў, ды не пазваляў ім гаварыць, што яго зналі.
І аздаравіў многіх, якіх розныя хваробы мучылі, і многіх дэманаў выгнаў, ды не дазваляў дэманам гаварыць, бо ведалі, хто Ён.
А ўстаўшы нараніцы, чуць золак, выйшаў ды пайшоў на адасобненае месца і там маліўся.
І раніцай, дужа рана ўстаўшы, выйшаў, і падаўся ў пустыннае месца, і тамака маліўся.
Паспяшыў і Сымон за ім ды тыя, што былі з ім.
Сымон жа ды тыя, што з ім былі, пайшлі за Ім.
І знайшоўшы яго, гавораць яму: Усе цябе шукаюць.
І калі знайшлі Яго, кажуць Яму: "Усе Цябе шукаюць".
І сказаў ім: Пойдзем у блізкія вёскі й гарады, каб і там навучаць мне, бо-ж натое я й прыйшоў.
А Ён кажа ім: "Хадзем ў бліжэйшыя вёскі і гарады, каб і там вясьціць; бо Я дзеля таго прыйшоў".
І навучаў скроз у іхніх бажніцах ды па ўсёй Галілеі й выганяў дэманаў.
Ды абвяшчаў у сынагогах па ўсёй Галілеі і выганяў дэманаў.
І прыйходзе да яго запаветраны, просячы яго і, ўпаўшы на калені, гаворачы яму: Калі хочаш, можаш мяне ачысьціць.
І прыступіўся да Яго пракажаны і маліў Яго, упаўшы на калені, кажучы Яму: "Калі хочаш, можаш мяне ачысьціць".
Езус, зжаліўшыся над ім, працягнуў руку сваю, і дакрануўшыся да яго, сказаў яму: Хачу, будзь ачышчаны.
І Езус пашкадаваў яго і, працягнуўшы руку сваю, дакрануўся да яго і кажа яму: "Хачу, будзь ачышчаны".
І як толькі сказаў, зараз-жа адыйшло ад яго запаветранне і быў ачышчаны.
Ды калі гэта сказаў, адразу зыйшла з яго праказа і стаў ачышчаны.
І прыгразіўшы яму, зараз-жа адправіў яго
І, грозна глянуўшы на яго, адправіў яго адразу,
і сказаў яму: Глядзі, не кажы нікому, але йдзі пакажыся старшаму святару й ахвяруй за сваё ачышчэнне што загадаў Майзей на пасьветчанне ім.
кажучы: "Глядзі, нікому нічога не кажы, але ідзі, пакажыся сьвятару і за ачышчэньне сваё складзі ахвяру, як загадаў Майсей на сьведчаньне ім".
Але ён, выйшаўшы, пачаў абвяшчаць і пашыраць вестку, так што ўжо ня мог адкрыта ўвайсьці ў горад, а прабываў вонках на адлюдздзі, адыж сходзіліся к яму зусюль.
Але ён, адыйшоўшыся, пачаў расказваць ды шырыць пра гэта словы так, што ўжо (Езус) ня мог адкрыта пайсьці ў горад, але быў вонкі ў бязьлюдных мясьцінах. І зусюль зыходзіліся да Яго.