Марка 15 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 1999
І зранку зараз першасьвятары і кніжнікі й старшыны з цэлым Сынгэдрынам, зрабіўшы нараду, звязалі Езуса й павялі перадаць Пілату.
І зараз нараніцы, па нарадзе першасьвятароў са старшынямі і кніжнікамі, значыць, усёй Рады, Езуса, зьвязаўшы, павялі і перадалі Пілату.
І спытаўся ў яго Пілат: Ты кароль Юдэйскі? Ён-жа ў адказ гавора яму: Ты кажаш.
І спытаўся ў Яго Пілат: "Ці Ты — Кароль Юдэйскі?" А Езус у адказ кажа яму: "Ты кажаш".
І многа ў чым першасьвятары вінавацілі яго.
І вінавацілі Яго першасьвятары ў многіх справах.
Пілат-жа йзноў гаворыць яму, пытаючы: Не адказваеш нічога? Бач, колькі цябе вінавацяць!
Дык Пілат зноў спытаўся ў Езуса: "Чаму не адказваеш? Глядзі, колькі Цябе вінавацяць?"
Езус-жа болей нічога не адказваў, так што Пілат дзівіўся.
Але Езус на гэта нічога не адказваў, так што Пілат дзівіўся.
А к сьвяту меў звычай выпушчаць аднаго з вязняў, каго-б зажадалі.
На сьвята ён меў звычай звальняць ім аднаго з вязьняў, каго б захацелі.
Быў-жа ў вязніцы нейкі Барабба разам з бунтаўнікамі, што падчас бунту зрабіў забойства.
Быў жа нейкі адзін, імем Бараба, увязьнены разам з бунтаўнікамі, каторы ў час бунту ўчыніў забойства.
І натаўп збегшыся, пачаў дамагацца, каб зрабіў ім, як заўсёды.
І вось жа сабраўся натоўп людзей і пачаў дамагацца таго, што Пілат звычайна рабіў.
Пілат-жа ў адказ сказаў ім: Жадаеце, выпусьціць вам караля Юдэйскага?
Пілат у адказ спытаўся ў іх: "Хочаце, выпушчу вам Караля Юдэйскага?"
Ведаў бо, што першасьвятары выдалі яго дзеля завісьці.
Бо ведаў, што Яго выдалі першасьвятары праз зайздрасьць.
Адыж першасьвятары падбурылі натаўп, каб лепш пусьціў ім Бараббу.
Але першасьвятары падбурылі народ, каб ім лепш выпусьціў Барабу.
Пілат-жа азваўшыся зноў сказаў ім: Што-ж хочаце, каб я зрабіў каралю Юдэйскаму?
Дык Пілат у адказ сказаў ім паўторна: "Дык што хочаце, каб я зрабіў з Каралём Юдэйскім?"
А яны зноў закрычалі: Укрыжуй яго!
Але яны зноў закрычалі: "Укрыжуй Яго!"
Пілат гавора ім: Што-ж ён зрабіў благое? Яны-ж яшчэ мацней крычалі: Укрыжуй яго!
Дык Пілат сказаў ім: "Што вам благога зрабіў Ён?" Але яны тым болей крычалі: "Укрыжуй Яго!"
Тады Пілат, манючыся дагадзіць народу, выпусьціў ім Бараббу, а Езуса ўбічаванага аддаў на ўкрыжаванне.
І Пілат, патураючы народу, выпусьціў Барабу, а ўбічаванага Езуса выдаў на ўкрыжаваньне.
І завялі яго ваяры на дворышча суду ды склікалі ўсю роту.
А жаўнеры ўвялі Яго ў панадворак, што завецца прэторыя, і склікалі ўсю кагорту.
Й апранулі яго ў пурпуру ды сплёўшы вянок цернявы, узлажылі на яго.
І адзелі Яго ў пурпур, і, сплёўшы карону з церняў, усклалі на Яго,
І пачалі вітаць яго: Прывет табе, кароль Юдэйскі!
і пачалі Яго вітаць: "Вітай, Кароль Юдэйскі!"
Ды білі яго па галаве трысьцінаю й плявалі на яго, і становячыся на калені, кланяліся яму.
І трысьцінай білі Яго па галаве, і плявалі на Яго, і, кленчучы, пакланяліся Яму.
А калі наглуміліся з яго, знялі пурпуру ды апранулі ў ягонае адзеньне й павялі, каб укрыжаваць яго.
І калі ўжо назьдзекваліся з Яго, зьнялі з Яго пурпур, ды зноў адзелі Яго ў адзеньне Ягонае, ды павялі Яго на ўкрыжаваньне.
І прымусілі нейкага праходзячага міма, Сымона Цырэнэйца, што йшоў з вёскі. бацьку Александра й Руфа, каб нёс крыж ягоны.
І прымусілі нейкага Сымона Цырэнэйца, бацьку Аляксандра і Руфа, які ішоў з поля і праходзіў міма, несьці крыж Ягоны.
І прывялі яго на Гольготу, што знача: месца Трупнога Чэрапу.
І прывялі Яго на Гальготу, што значыць Месца Чэрапа.
І давалі яму піць віно змяшанае з мірраю, адыж ня прыняў.
І далі Яму выпіць віно, зьмяшане з мірай, але не прыняў.
А крыжуючыя яго, падзялілі адзеньне ягонае, кідаючы варажбу, хто што меў узяць.
І ўкрыжавалі Яго, і дзялілі адзеньне Ягонае, кідаючы жэрабя, хто мае яго ўзяць.
Была-ж трэцяя гадзіна і ўкрыжавалі яго.
А была гадзіна трэцяя, калі Яго ўкрыжавалі.
І быў напіс віны ягонай напісаны: Кароль Юдэйскі.
І быў надпіс віны Ягонай: "Кароль Юдэйскі".
А з ім укрыжавалі двух разбойнікаў, аднаго праваруч, а другога леваруч.
Укрыжавалі таксама двух злачынцаў, аднаго з правага, а другога з левага боку Яго.
І споўнілася Пісанне, каторае кажа: І да злыдняў залічаны (Із. 53:12).
І споўнілася Пісаньне: "І да злачынцаў залічаны".
А праходзячыя міма блюзнілі яму, ківаючы галавамі сваімі й кажучы: Эй, што развальваеш сьвятыню Божую і ў тры дні адбудоўваеш!
І праходзячыя блявузгалі на Яго, ківаючы галовамі і кажучы: "О Ты, руйнуеш сьвятыню Божую ды зноў узнаўляеш у тры дні,
выратуй самога сябе, зыходзячы з крыжа!
ратуй сябе самога, зыйшоўшы з крыжа".
Гэтаксама й першасьвятары з кніжнікамі высьмейваліся, адзін да другога кажучы: Другіх ратаваў, а сябе самога ня можа выратаваць.
Таксама і першасьвятары з кніжнікамі сьмяяліся з Яго, кажучы адзін аднаму: "Іншых ратаваў, а сам сябе ўратаваць ня можа.
Хай-жа цяперака Хрыстус, кароль Ізраэльскі, зыйдзе з крыжа, каб мы бачылі ды ўверылі. І тыя, што былі з ім укрыжаваныя, даракалі яму.
Хрыстос, Кароль Ізраэля, зыйдзі цяпер з крыжа, каб мы ўбачылі і паверылі". Такжа і тыя, што былі з Ім укрыжаваныя, зьневажалі Яго.
А калі настала шостая гадзіна, зрабілася цемра па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзявятай.
А калі настала гадзіна шостая, ўсю зямлю ахутала цемра ажно да гадзіны дзевятай.
А ў дзявятай гадзіне адазваўся Езус вялікім голасам, кажучы: Элёй, Элёй, лямма сабахтані? што знача: Божа мой, Божа мой, чаму ж Ты мяне пакінуў?
І а дзевятай гадзіне Езус закрычаў моцным голасам: "Элёі, элёі, лема сабактані", што значыць: "Божа Мой, Божа Мой, чаму Мяне пакінуў?"
А некаторыя з тых, што там стаялі, чуючы гэта, гаварылі: Во Гальяша кліча.
І некаторыя бліжэй стоячыя, чуючы гэта, казалі: "Ён Гальяша кліча".
Адзін-жа пабегшы й насочыўшы губку воцтам ды насадзіўшы на трысьціну. даваў яму піць, кажучы: Пастойце, паглядзімо, ці прыйдзе Гальяш, каб зняць яго.
А адзін падбег, памачыў губку воцатам, усклаў яе на трысьціну і падаў Яму піць, гаворачы: "Пачакайце, паглядзім, ці прыйдзе Гальяш зьняць Яго".
Езус-жа, усклікнуўшы моцным голасам, сканаў.
Езус жа, закрычаўшы моцным голасам, аддаў духа.
І заслона святыні раздзерлася надвое ад верху да нізу.
І заслона ў сьвятыні разьдзёрлася на двое з верху аж да нізу.
А сотнік, што стаяў насупроць, відзячы з якім голасам сканаў, сказаў: Сапраўды гэты чалавек быў Сынам Божым.
Сотнік жа, што стаяў насупраць, бачачы, што Езус, так закрычаўшы, сканаў, сказаў: "Сапраўды, гэты чалавек быў Сын Божы".
Былі-ж і жанчыны, здалёк углядаючыся, між якімі была Марыя Магдалена і Марыя, матка Якуба Малодшага й Язэпа, і Салёмэя;
А былі там і жанчыны, здалёк паглядаючыя, між імі Марыя Магдалена, і Марыя, маці Якуба меншага, і Ёсэта, і Салямэя,
што як быў у Галілеі, хадзілі за ім і служылі яму, ды шмат іншых, каторыя былі разам з ім прыйшоўшы ў Ерузалім.
каторыя, калі Езус быў у Галілеі, хадзілі з Ім і паслугавалі Яму, ды многа іншых, што разам з Ім прыйшлі ў Ерузалім.
І як настаў ужэ вечар (бо быў дзень Прыгатовы (параскева) знача перадсыботнік).
І калі зьвечарэла, а быў гэта дзень Прыгатаваньня, які выпадае перад суботаю,
прыйшоў Язэп з Арыматэі, выдатны раднік, што і сам чакаў валадарства Божага, і сьмела ўвайшоў да Пілата ды прасіў цела Езусавага.
прыйшоў Язэп з Арыматэі, дастойны сябра Рады, каторы сам чакаў прыходу Каралеўства Божага, і адважна ўвайшоў да Пілата, і прасіў цела Езуса.
А Пілат здзівіўся, што ўжо памёр. І клікнуўшы сотніка, упэўняўся, ці ўжо памёр.
Але Пілат сумняваўся, ці ўжо памёр, таму паклікаў сотніка і спытаўся ў яго, ці ўжо памёр,
А калі даведаўся ад сотніка, дараваў цела Язэпу.
і даведаўшыся ад сотніка (аб сьмерці Езуса), аддаў цела Язэпу.
Язэп-жа, купіўшы палатно (сіндон) ды зняўшы яго, абвіў у палатно ды палажыў яго ў гробе, што быў высечаны ў скале, прываліўшы камень да ўваходу ў гроб.
Язэп жа купіў палатно, і зьняў цела з крыжа, увярнуў у палатно ды палажыў у магіле, каторая была высечана ў скале. І закрыў уваход каменем.
Марыя-ж Магдалена й Марыя Язэпава глядзелі, дзе яго палажылі.
Марыя ж Магдалена і Марыя, маці Язэпа, глядзелі, дзе пахавалі Яго.