Да Рымлянаў 1 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Павал, слуга Езуса Хрыстуса, пакліканы Апостал, прызначаны для Божай Эванэліі,
 
Павал, слуга Езуса Хрыста, пакліканьнем апостал, прызначаны дзеля вяшчэньня Эвангельля Божага,

якую загадзіць (Бог) абяцаў праз сваіх Прарокаў у сьвятых Пісаннях,
 
якое ўжо раней прадказаў Бог праз сваіх прарокаў у сьвятых Пісаньнях,

аб Сыне сваім, які целам стаўся яму з насення Давіда
 
пра Сына свайго, каторы целам нарадзіўся з насеньня Давіда

й адкрыўся Сынам Божым паводля духа усьвячэння ды праз паўстанне зь мяртвых, Езусе Хрыстусе, Усеспадару нашым,
 
і ўстаноўлены Сынам Божым у моцы, Духам сьвятасьці праз уваскрасеньне з мёртвых, пра Езуса Хрыста, Госпада нашага.

празь якога мы атрымалі ласку і апастольства, каб дзеля імя Ягонага здабываць да паслушнасьці для веры ўсе народы;
 
Праз Яго атрымалі мы ласку і апостальства, каб для (спахвалы) імя Яго здабываць дзеля послуху веры ўсе народы,

між якімі ёсьць і вы пакліканыя Езуса Хрыстуса;
 
да якіх належыце і вы, пакліканыя Езусам Хрыстом.

— усім у Рыме ўмілаваным Божым, пакліканым да сьвятасьці, ласка і супакой ад Бога Айца нашага і Усеспадара Езуса Хрыстуса.
 
Усім, што ў Рыме, улюбленым Богам, пакліканым сьвятым: ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада Езуса Хрыста!

Перш за ўсё дзякую Богу майму праз Езуса Хрыстуса за ўсіх вас, што вера ваша слыве па ўсім сьвеце.
 
Найперш дзякую Богу майму праз Езуса Хрыста за ўсіх вас, бо пра веру вашу гавораць ва ўсім сьвеце.

Бог мне сьветкай, Якому служу духам маім у Эванэліі Сына Яго, што няўпынна спамінаю вас,
 
Сьведка мне Бог, катораму служу духам маім, вешчучы Эвангельле Сына Яго, што заўсёды ўспамінаю вас,

просячы ў малітвах маіх заўсёды, каб усёж калінебудзь воля Божая пашчасьціла да вас дастацца.
 
у малітвах маіх заўсёды просячы, каб з волі Божай урэшце меў шчасьце выбрацца ў дарогу адведаць вас.

Бо вельмі хацеўбы пабачыцца з вамі, каб удзяліць вам які дар духовы для ўмацавання вашага,
 
Прагну бо бачыць вас, каб падзяліцца з вамі якім дарам духовым і падмацаваць вас,

ці то парадавацца з вамі супольнаю вераю вашаю й маёю.
 
гэта значыць пацешыцца супольна з вамі вашаю і маёю вераю.

А ня хочу, браты, пакінуць вас у няведанні таго, што я часта зьбіраўся к вам прыбыць — але аж дагэтуль не дазвалялі перашкоды — каб і ў вас мець нейкі пажытак, як і ў другіх народаў.
 
Не хачу, браты, каб вы ня ведалі, што я часта зьбіраўся наведаць вас, але меў перашкоды аж дасюль, каб мець нейкі плод і ў вас, як і ў іншых народаў.

Грэкам і барбарам, мудрым і нямудрым, даўжніком зьяўляюся;
 
Я даўжнік Грэкам і барбарам, як мудрых, так і невучоных.

восьжа (што да мяне), я гатоў і вам, каторыя ў Рыме, вясьціць Эванэлію.
 
Дык, на колькі ад мяне залежыць, я гатовы эвангелізаваць і вас, каторыя ў Рыме.

Я бо Эванэліі ня стыдзіўся, таму што яна ёсьць моцай Божай да збаўлення кажнаму веручаму, Жыду перш, ды і Грэку;
 
Я бо не саромлюся Эвангельля, бо яно ёсьць моц Божая на збаўленьне кожнаму веручаму, перш Юдэю, затым Грэку.

бо ў ёй адкрываецца справядлівасьць Божая зь веры ў веру, як напісана: А справядлівы зь веры жыве (Габ. 2:4).
 
У ім бо выяўляецца справядлівасьць Божая, каторая з веры (узьнікае) і да веры (вядзе), як напісана: "Справядлівы з веры жыць будзе".

Аб’яўляецца бо гнеў Божы зь неба на ўсякую бязбожнасьць і несправядлівасьць тых людзей, што праўду беспраўднасьцю тамуюць.
 
Бо гнеў Божы аб'яўляецца з неба на ўсякую бязбожнасьць і несправядлівасьць людзей, што несправядлівасьцяй праўду заціскаюць,

Бо-ж тое, што можна даведацца аб Богу, ёсьць для іх яўным, Бог бо ім гэта унаяўніў:
 
бо што магчыма ведаць пра Бога, ім яўна (дадзена), бо Бог ім гэта аб'явіў.

нябачнае ў Ім, навет справечная моц і боства ягона, у стварэнні сьвету праз одум над творамі дабачваецца; так-што адмануцца ім нельга
 
Бо ад стварэньня сьвету нябачная Яго (істота), і спрадвечная Яго магутнасьць, і боства выяўляюцца розуму праз Яго творы, так што ня могуць апраўдацца ад віны.

ад таго, што пазнаўшы Бога, не аддалі Яму чэсьці й падзякі, як Богу, а блазіліся ў мудрошчах сваіх і амарочылася бяздумнае сэрца іх;
 
Бо калі Бога пазналі, ня славілі Яго як Бога і ня дзякавалі, але пустацелі ў думках сваіх, і прыцьмілася сэрца іхняе неразумнае.

у называнні сябе мудрымі абясьцямелі
 
Кажучы аб сабе, што яны мудрыя, сталіся дурнымі

і хвалю нетлага Бога перападобнілі сьмяротнаму чалавеку, птушкам, чацьвёраногім ды гадам.
 
і хвалу незьнішчальнага Бога замянілі на падобнасьць вобразу зьнішчальнага чалавека і птушак, чацьвяраногіх ды гадаў.

Таму-ж і аддаў іх Бог у похацях сэрцаў іхніх нячыстасьці, каб апаганьвалі між сабою целы свае,
 
Дзеля таго аддаў іх Бог у пажаданьнях сэрцаў іхніх нячыстасьці, каб між сабою паганілі целы свае.

бо праўду Божую замянілі яны на хвальш і аддавалі чэсьць ды служылі стварэнню, а не Стварыцелю, каторы багаслаўлёны ёсьць навекі. Амэн.
 
Праўду Божую бо замянілі на фальш і пакланяліся і служылі стварэньню змест Творцы, які багаслаўлены на векі. Амэн.

Дзеля таго Бог іх аддаў ганебнай жорсьці: жанчыны бо іхнія замянілі натуральнае ужыванне на антынатуральнае;
 
Таму аддаў іх Бог на агідныя жарсьці. Жанчыны іхнія замянілі натуральныя зносіны на праціўныя прыродзе.

гэтаксама й мужчыны, заняхаіўшы натуральнае ужыванне жанчыны, разьярваліся пажадлівасьцю адзін да другога, мужчыны на мужчынах дапушчаліся сораму, нясучы на сабе належную заплату за сваё блюдадзейства.
 
Падобна і мужчыны, кінуўшы натуральныя зносіны з жанчынай, загарэліся пажаданьнем адзін да аднаго, мужчыны з мужчынамі сорам робячы і атрымоўваючы на сабе належную адплату за сваю распусту.

А як яны ня рупіліся мець у пазнані Бога, здаў іх Бог на бязглуздыя замыслы — рабіць няпрыстойнасьць;
 
А таму, што не імкнуліся пазнаць Бога, аддаў іх Бог бязглуздаму розуму, каб рабілі тое, што не належыцца,

так-што яны поўныя ўсякай няпраўды, злосьці, блюдадзейства, прагавітасьці, подласьці, поўныя ненавісьці, людабойства, сваркі, ашуканства, закатнасьці, падшэпніцтва;
 
напоўненыя ўсякаю нягоднасьцяй, ліхотай, хцівасьцяй, непрыстойнасьцяй, поўныя зайздрасьці, забойства, звадкі, ашуканства, злосьці, абмоўнікі,

зьвяглівыя паклёпнікі, боганенавісьнікі, крыўдзіцелі, самахвалы, надутыя пышліўцы, вынаходнікі новых збродняў, непаслушныя бацьком,
 
зьвяглівыя паклёпнікі, ненавісьнікі Бога, крыўдзіцелі, самахвалы, пыхліўцы, выдумшчыкі ліхога, непаслухмяныя бацькам,

неразважныя, вераломныя, нязгодалюбныя, бязь літасьці й бяз міласэрдзя.
 
неразумныя, вераломныя, бязьлітасныя ды неміласэрныя.

Яны, ведаючы праведны Божы прысуд — што гэтак паступаючыя варты сьмерці — ня толькі самы гэта робяць, але й другім у гэтым спрыяюць.
 
Яны, хоць ведаюць суд Божы, што тыя, якія такое робяць, вартыя сьмерці, але ня толькі самі так робяць, але і спрыяюць так робячым.