Да Рымлянаў 7 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Ціж вы ня ведаеце, браты, (гавару бо знаючым Закон), што дакуль чалавек жыве, над ім валадарыць Закон?
 
Ці ж вы ня ведаеце, браты, — гавару бо ведаючым закон, — што дакуль жыве чалавек, закон пануе над чалавекам.

Так вось замужняя жанчына прывязана правам да жывога мужа, а як муж памрэ, яна звальняецца ад права, вязучага з мужам;
 
Падобна і замужняя жанчына зьвязана законам з мужам. А калі муж памрэ, яна асвабаджаецца ад закона, які зьвязваў яе з мужам.

таму-то называцімецца чужаложніцай, каліь пры жыцьці мужа выйшла за другога; калі-ж памрэ, яна вольная ад права й не ўважацімецца блудадзейкай у замужжы з другім.
 
Таму яна будзе называцца чужаложніцай, калі пры жывым мужу выйдзе замуж за другога. Калі ж памрэ муж, яна асвабаджаецца ад закону, і ня будзе чужаложніцай, калі выйдзе замуж за другога.

Гэтак і вы, браты мае, ўмярлі для Закону праз Цела Хрыстусава, каб належаць другому, Згробуўсталаму, ды быць Богу плённымі.
 
Так і вы, браты мае, памерлі для закону праз Цела Хрыстовае, каб належаць другому, уваскросшаму з памёршых, каб прыносіць плод Богу.

Бо-ж як мы былі ў целе, тады грэшныя похаці, што праз Закон былі выяўляныя, дзеелі ў чэлесах нашых, каб даваць плён сьмерці;
 
Пакуль мы жылі ў целе, у членах нашых праз закон (выкліканыя) дзейнічалі грэшныя жарсьці, каб мы прыносілі плод сьмерці.

цяпер-жа мы вызваленыя ад амярцьвяюча путаўшага нас Закону, так што служым абнове духа, а ня водле застарэлае літары.
 
Цяпер жа, памёршы для закону, якім былі зьвязаны, мы асвабадзіліся ад яго, каб служыць Богу ў абнаўленьні Духа, а не па старой літары.

І штож скажам? Закон грахом ёсьць? Зусім не! Дыкжа я не йнакш пазнаў грэх як толькі праз Закон. Я ня ведаўбы пажадлівасьці, каліб Закон не гаварыў: Не пажадай (Выйсьць. 20:16−17).
 
Дык што скажам? Няўжо закон — грэх? Ніякім чынам! Але я пазнаў грэх не інакш, як праз закон, бо я не разумеў бы пажаданьняў, калі б закон не казаў: "Не пажадай".

Але грэх, які ўзяўся з нагоды прыказання, (забароны), збудзіў у-ва мне ўсякую пажадлівасьць; без закону бо грэх быў мяртвы.
 
Але грэх, які ўзяўся з нагоды прыказаньня, выклікаў у мяне ўсякія пажаданьні, бо каб не было закону, — грэх быў бы мёртвы.

І я жыў калісь без Закону, але як прыйшло прыказанне, дык грэх ажыў,
 
Калісьці я жыў без закону, але калі прыйшло прыказаньне, аджыў і грэх,

а я памёр; і праканаўся, што прыказанне, данае мне на жыцьцё, ёсьць на сьмерць;
 
а я памёр; і я знайшоў, што прыказаньне, каторае было на жыцьцё, прывяло мяне на сьмерць.

дзеля таго, што грэх, які ўзяўся з нагоды прыказання, зьвёў мяне й забіў ім.
 
Бо грэх, які ўзяўся з нагоды прыказаньня, зьвёў мяне ды спрычыніў сьмерць.

Закон, восьжа, сьвяты і прыказанне ёсьць сьвятое, справядлівае і добрае.
 
Вось жа закон сам па сабе сьвяты, і прыказаньне сьвятое, і справядлівае, і добрае.

Дык няўжо тое, што добрае, сталася мне сьмерцю? Барані Божа! Гэта грэх, аказваючыся грахом, праз дабро спрычыняе мне сьмерць, каб праз прыказанне (дабро) стаўся грахом церазьмерным.
 
Дык што, добрае сталася для мяне прычынай сьмерці? Ніякім чынам! Але грэх выявіў сваю грэшнасьць тым, што спрычыніў мне сьмерць праз добрае, каб грэх стаўся цераз меру грэшным праз прыказаньне.

Бо-ж мы ведаем, што Закон ёсьць духовы, а я цялесны, запраданы граху.
 
Ведаем бо, што закон духоўны, а я — цялесны, падлеглы грэху.

Не разумею бо, што раблю, ды ня тое раблю, дабро, якога хочу, але благое, якога ненавіджу, тое раблю.
 
Я нават не разумею, што раблю, бо не раблю таго, чаго хачу, але тое, што ненавіджу, раблю.

А калі тое раблю, чаго ня хочу, то прызнаю, што Закон добры,
 
А калі раблю тое, чаго не хачу, тады прызнаю, што закон — добры.

і цяперака ўжо не я раблю, але грэх, што жыве ў-ва мне.
 
Тады ўжо не я раблю, але грэх, што жыве ў-ва мне.

Ведаю, што ў ва мне, гэта знача ў целе маім, не прабывае дабро; бо хаценне дабра пры мне ёсьць, але выканаць яго не знайходжу спосабу.
 
Я бо ведаю, што ў-ва мне, значыць у целе маім, не жыве добрае, бо жаданьне рабіць дабро ёсьць у-ва мне, але зрабіць дабро, таго не знаходжу.

Не раблю бо дабра, якога жадаю, а — благое, каторага ня хочу, раблю.
 
Бо не раблю дабра, якога хачу, але раблю тое зло, якога не хачу.

А калі раблю тое, чаго ня хочу, дык ужо не я раблю гэта, але грэх, што сядзіць у-ва мне.
 
А калі раблю тое, чаго не хачу, значыць, што не я ўжо гэта раблю, але грэх, што ў-ва мне жыве.

І вось я знайходжу закон у-ва мне, што як замышляю рабіць добрае, дык благое да мяне прыстае;
 
Дык вось знаходжу ў сабе закон, што, калі хачу рабіць дабро, накідваецца на мяне зло.

любуюся Божым Законам, як прыстоіць нутраному чалавеку,
 
Бо паводле ўнутранага чалавека захапляюся законам Божым,

але бачу іншы закон у чэлесах маіх, што працівіцца закону майго розуму, палонячы мяне пад закон граху, які знайходзіцца ў маім целе.
 
але ў членах маіх адчуваю іншы закон, які працівіцца закону майго розуму ды бярэ мяне ў няволю закону грэху, каторы ёсьць ў членах маіх.

Бяздольны чалавек я! Хто мяне выбавіць ад гэтага цела сьмерці?
 
Нешчасьлівы я чалавек! Хто асвабадзіць мяне ад гэтага цела сьмерці!

Ласка Божая праз Езуса Хрыстуса Усеспадара нашага! А так я сам розумам служу Божаму Закону, а целам закону граху.
 
Дзякуй Богу праз Езуса Хрыста, Госпада нашага! Дык вось я розумам служу закону Божаму, а целам — закону грэху.