Да Рымлянаў 4 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 1999
штож — спытаем — здабыў айцец наш Абрагам водля цела?
Дык што, скажам, здабыў наш прабацька Абрагам паводле цела?
Калі Абрагам апраўданы учынкамі, ён мае пахвалу, але ня ў Бога.
Бо калі Абрагам апраўданы з учынкаў, мае спахвалу, але ня перад Богам.
Што бо кажа Пісанне? Уверыў Абрагам Богу і гэта залічана яму у апраўданне (Быц. 15:6).
Бо што кажа Пісаньне? "Паверыў Абрагам Богу, і залічана яму гэта за справядлівасць".
Таму хто працуе прызнаецца плата не з ласкі, але з належнасьці,
Вось жа таму, хто робіць, плаціцца ня з ласкі, але з належнасьці.
а хто не працуе, але верыць у Таго, Каторы апраўдвае грэшніка, вера яго залічаецца за праведнасьць (водля пастановы з ласкі Бога).
Таму аднак, хто ня робіць, але верыць у Таго, хто апраўдывае грэшніка, яго вера лічыцца за справядлівасьць.
Як і Давід называе шчасьлівым чалавека, якому Бог прызнае праведнасьць без учынкаў:
Так і Давід называе шчасьлівым чалавека, якому Бог без учынкаў прызнае справядлівасьць:
Багаслаўлёныя, каму нягоднасці адпушчаны і грахі пакрытыя.
"Шчасьлівыя тыя, каторым адпушчаны беззаконьні ды каторых грахі закрытыя.
Багаслаўлёны муж, якому граху Бог не палічыць (Пс. 31:1−2).
Шчасьлівы чалавек, катораму Госпад не палічыць грэху".
Восьжа, ці гэтая багаслаўлёнасьць датычыць толькі абразаных, ці такжа й неабразаных? Бо гаворым, што Абрагаму вера палічана за праведнасьць.
Дык ці гэта шчаснасьць датычыцца абрэзаных, ці таксама і неабрэзаных? Мы кажам, што Абрагаму вера была залічана за справядлівасьць.
Якжа палічана? У абразанні, ці ў неабразанні? Не пасьля абразання, але перад абразаннем.
Калі была яму залічана: ці калі быў абрэзаны, ці да абразаньня? Не ў абразаньні, але ў неабразаньні;
І атрымаў знак абразання, як пячаць праведнасьці, зь веры, якую меў перад абразаннем; так-што стаўся айцом усіх веручых, навет неабразаных, каб і ім была прызнана праведнасьць;
і ён атрымаў знак абразаньня, як пячаць апраўданьня, атрыманага з веры, якую меў яшчэ тады, калі ня быў абрэзаны. Такім чынам ён — бацька усіх тых, каторыя, ня маючы абразаньня, вераць, каб і ім было гэта залічана на апраўданьне,
ды каб быў айцом абразання не адно тых абразаных, але й тых, што ходзяць сьлядамі веры айца нашага Абрагама, якую меў ён, ня будучы абразаным.
і таксама бацька тых абрэзаных, каторыя ня толькі з абразаньня, але і ідуць слядамі тае веры, якую бацька наш Абрагам меў перад абразаньнем.
Бо не Законам было дадзена Абрагаму й ягоным нашчадкам прырачэнне, што ён станецца дзедзічам сьвету, але праведнасьцю веры.
Бо не законам было дадзена Абрагаму і нашчадкам ягоным абяцаньне, што ён стане спадкаемцам сьвету, але справядлівасьцяй веры.
Калі бо спадкаемцамі ёсьць тые, што з Закону, дык пустая тады вера, пустаслоўнае прырачэнне;
Калі бо спадкаемцы тыя, што з закону, дык вера пустая, і абяцаньне бяз вартасьці.
бо-ж Закон спрычыняе гнеў: дзе няма Закону, няма і праступку.
Бо закон выклікае гнеў, а дзе няма закону, там няма і праступку.
Дзеля таго зь веры, каб было з ласкі, каб прырачэнне аказалася моцнае, для цэлага патомства, ня толькі для таго, што з Закону ёсьць, але і для таго, што зь веры Абрагама, айца ўсіх нас —
Таму гэта (спадкаемства) з веры, каб сапраўды было з ласкі, каб абяцаньне было запэўнена ўсяму насеньню, ня толькі тым, што з закону, але і ўсім, каторыя з веры Абрагама, які ёсьць бацька ўсіх нас, —
як напісана: Я паставіў цябе айцом многіх народаў (Быць. 17:4−5) — перад Богам, Якому ўверыў, Які ажыўляе памерлых і няіснуючае называе існуючым.
як напісана: "Устанавіў Я цябе бацькам многіх народаў", — перад Богам, якому ён уверыў як Таму, хто ажыўляе памёршых, ды тое, што не існуе, называе існуючым.
Проці надзеі уверыў ён у надзею стацца айцом многіх народаў паводле сказанага: Гэтак будзе тваё патомства (Быць. 15:5).
(Абрагам) насуперак надзеі ўверыў надзеі стацца бацькам многіх народаў, як было сказана: "Такім будзе патомства тваё".
і не пахіснуўся ў веры, не зважаючы на сваё заміраючае, амаль сталетняе ўжо, цела, ані на прымярцьвелую нутробу Сары.
І не захістаўся ў веры, хоць бачыў, што цела яго ўжо амярцьвела, а было яму каля ста гадоў, ды нутро Сары замершае.
Дый датычна Божага прырачэння не пахіснуўся празь недавяранне, але падмацаваны верай аддаў хвалю Богу,
І ў абяцаньні Божым не сумняваўся ані трохі, але умацаваўся вераю, аддаўшы хвалу Богу,
упэўнены, што ўсё абецанае мае моц і даканаць.
і быў ўпэўнены, што (Бог) мае моц і зьдзейсьніць абяцанае.
Таму і палічана яму гэта за праведнасьць.
Таму гэта залічана было яму за справядлівасьць.
Дый не датычна яго аднаго толькі напісана: Палічана яму (15:6),
А гэта напісана ня толькі дзеля яго аднаго, што залічана яму,
але датычна й да нас, якім будзе ўлічана вера ў Таго, Каторы абудзіў зь мяртвых Езуса Усеспадара нашага,
але і дзеля нас, бо будзе залічана і нам, веручым у Таго, хто ўваскрасіў Езуса, Госпада нашага, з памёршых,
што быў выданы за нашы грахі ды згробуўстаў для нашага апраўдання.
які быў выдадзены за грахі нашыя і ўваскрос дзеля апраўданьня нашага.