Да Рымлянаў 15 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 1999
Мы дужэйшыя, павінны зносіць немачы нядужых, а не сабе дагаджаць.
Мы, дужэйшыя (верай), павінны цярпліва зносіць недахопы слабых, а не сабе дагаджаць.
Кажны з вас хай падабаецца бліжняму для дабраўзгадавання.
Хай кожны з нас рупіцца дагаджаць бліжняму на дабро і на збудаваньне.
Бо і Хрыстус ня шукаў сябеўпадобы, але як напісана: Знявагі Цябе зьняважаючых зваліліся на мяне. (Пс. 68:10).
Так і Хрыстос ня жыў для сваёй выгоды, але як напісана: "Зьнявагі Цябе зьневажаючых зваліліся на Мяне".
І ўсё, што калісь было напісана, у павучэнне нам напісана, каб праз цярплівасьць і суцеху з Пісання, ўхавалі надзею.
Бо усё, што было калісьці напісана, у павучэньне нам напісана, каб мы праз цярплівасьць і пацяшэньне з Пісаньня мелі надзею.
А Бог цярплівасьці й суцехі няхай склоніць вас да ўзаемнага аднадумства ў навуцы Езуса Хрыстуса,
А Бог, каторы дае цярплівасьць і пацеху, хай дасьць вам быць між сабой аднае думкі на ўзор Езуса Хрыста,
каб згоднадушна, аднымі вуснамі хвалілі Бога й Айца нашага Усеспадара Езуса Хрыстуса.
каб вы аднадушна у адзін голас славілі Бога і Айца Госпада нашага Езуса Хрыста.
Дзеля гэтага прыймайце адзін другога, як і Хрыстус прыняў вас у хвалу Божу.
Дзеля таго прыймайце адзін другога, як і Хрыстос прыняў вас у хвалу Божую.
Кажу тое, што Езус Хрыстус стаўся слугою абразаных дзеля зьдзейсьнення праўды Божай аб абяцанні айцом;
Кажу бо вам, што Хрыстос стаўся слугою абразаньня дзеля (аказаньня) праўды Бога ды каб падцьвердзіць абяцаньні, дадзеныя бацькам,
а для паганаў — зь літасьці, каб славілі Бога, водля напісанага: За тое вызнаваць буду Цябе сярод народаў і сьпяваціму іменню Твайму. (Пс. 17:50.)
ды каб пагане славілі Бога за (аказанае) міласэрдзе, як напісана: "Дзеля таго будуць славіць Цябе, між паганамі і сьпяваць на славу імя Твайго".
І далей сказана: Весялецеся, пагане, з народам Яго! (Паўт. Пр. 32:43).
І далей сказана: "Весяліцеся, пагане, з народам Яго!"
Ды яшчэ: Хвалеце Госпада ўсе пагане і выслаўляйце ўсе народы (Пс. 116:1).
І зноў: "Хваліце Госпада, усе пагане, і слаўце Яго, усе народы".
А Ізай кажа: З’явіцца патомак Ессэвы, што падымецца валадарыць над народамі; на Яго спадзявацца будуць пагане (Із. 11:10).
А Ісая вось што кажа: "Будзе корань Есэя і Той, хто паўстане, валадарыць над паганамі. У Ім пагане будуць мець надзею".
Няхайжа Бог надзеі напоўніць вас усякай радасьцяй і супакоем у веры, каб вы абагаціліся надзеяй і моцай Святога Духа.
А Бог надзеі хай напоўніць вас усякаю радасьцю і супакоем у веры, каб праз моц Духа Сьвятога вы сталіся багатымі надзеяй.
І сам я упэўнены аб вас, браты мае, што й вы самы поўныя дабраты, поўнасныя ўсякай умеласьці й можаце даваць адзін другому напамін;
Браты, што да вас, я перакананы, што вы поўныя дабраты, багатыя ўсякай ведай, так што можаце адзін другога напамінаць.
сьмялей-жа пісаў я вам, браты, часткова як-бы дзеля прыпаміну вам праз даную мне ад Бога ласку:
Я можа вам сьмела пісаў у лісьце, як бы вам прыводзячы на памяць ласку, якая мне дадзена Богам,
быць слугою Хрыстуса Езуса між паганамі сьвятарска абвяшчаючы Эванэлію Божу каб ахвяра паганаў была асьвячоная Духам Святым і прынятая.
каб быў я слугой Хрыста Езуса для паганаў, сьвятарна абвяшчаючы Эвангельле Божае, каб сталіся яны ахвярай, мілай Богу, асьвечанай Духам Сьвятым.
Маю восьжа перад Богам пахвалу ў Езусе Хрыстусе;
Магу пахваліцца ў Хрысьце Езусе (працай) для Бога.
ня сьмею бо пра тое й гаварыць, чаго не даканаў Хрыстус празь мяне, каб упаслушніць паганаў: словам і чынам,
Ня маю адвагі, аднак, гаварыць больш таго, што ўчыніў Хрыстос праз мяне, каб давесьці паганаў да паслухмянасьці веры словам і чынам,
моцаю знакаў і цудаў, магуцтвам Святога Духа; так што ад Ерузалему й ваколіц аж да Іллірыі напоўніў я ўсё Эванэліяй Хрыстуса.
моцай знакаў і цудаў ды магутнасьцяй Духа Сьвятога, так што ад Ерузаліму і ваколіц аж да Ілірыка вясьціў я Эвангельле Хрыстовае.
Пры гэтым я мяркаваў вясьціць Эванэлію не там, дзе імя Хрыстуса ўжо было ведамае, каб ня будаваць на чужой заснове,
Прытым я стараўся вясьціць Эвангельле там, дзе не ўспаміналася імя Хрыста, каб не будаваць на чужым фундаманце,
але як напісана: Каму не абвяшчана аб ім, убачаць, а нячуўшыя даведаюцца (Із. 52:15).
як напісана: "Тыя, каторым аб Ім не было вешчана, убачаць, і тыя, што ня чулі, даведаюцца".
Якраз дзеля гэтага я шмат разоў і перашкоды меў прыйсьці к вам.
Дзеля гэтага меў я многа перашкодаў і ня мог прыбыць да вас.
Цяпер-жа, ня маючы болей поля працы ў тых краінах, ды ад многіх лет задаючы да вас прыбыць,
Цяпер, не знаходзячы месца ў гэтых краінах і многа ўжо гадоў жадаючы прыбыць да вас,
як толькі накіруюся ў Гішпанію, спадзяюся ў дарозе пабачыцца з вамі; а вы мяне правядзяце туды, як толькі крыху нацешуся вамі.
як толькі пайду ў Гішпанію, спадзяюся пабачыць вас, і вы правядзіцё мяне туды, калі крыху пацешуся вамі.
А цяпер я іду ў Ерузалім з паслугаю для сьвятых;
Цяпер жа я сабраўся ў Ерузалім паслужыць сьвятым.
бо Македонія й Ахаія вырашылі зрабіць дапаможную нейкую зборку на патрэбы убогіх сьвятых у Ерузаліме.
Бо Македонія і Ахая вырашылі зрабіць складку для бедных сьвятых, што ў Ерузаліме.
Вырашылі, бо-ж даўжнікамі іх зьяўляюцца; калі бо пагане сталіся супольнікамі іхніх духовых скарбаў, дык тады і — цялесных.
Спадабалася бо ім, і яны — даўжнікі іхнія. Бо калі пагане атрымалі ўдзел у іхніх (даброцьцях) духовых, дык і яны павінны паслужыць ім у цялесных.
І як гэта выканаю, даручыўшы ім гэтую зборку асабіста, накіруюся адведваючы вас, у Гішпанію.
Калі гэтую справу збуду і даручу ім пад пячаткай плод гэты, праз вашыя мясьціны рушу ў Гішпанію.
Я ведаю, што калі прыйду да вас, дык прыйду ў поўні багаслаўленства Хрыстусавай Эванэліі.
А ведаю я, што прыходзячы да вас, прыйду з багатым багаславенствам Хрыстовым.
Прымеж таго малю вас, браты, праз Езуса Хрыстуса Усеспадара нашага і праз ласку Духа Святога, ўспамагайце мяне ў сваіх малітвах да Бога,
Дык прашу вас, браты, праз Госпада нашага Езуса Хрыста і праз любоў Духа, каб успамаглі мяне вашымі малітвамі да Бога за мяне,
каб выбавіў мяне ад няверных у Юдэі ды каб мая ахвяра паслугі сьвятым у Ерузаліме была прынятая;
каб усьцярогся ад рук няверучых у Юдэі, ды каб мая паслуга для Ерузаліма была прыемнай сьвятым,
каб мне з радасьцю прыйсьці да вас, калі гэта Богу міла, й падбадзёрыцца між вамі.
каб з волі Божай у радасьці прыбыўшы да вас, набраў сілы з вамі.
Бог супакою хай будзе з усімі вамі. Амэн.
Хай Бог супакою будзе з усімі вамі. Амэн.