Да Рымлянаў 2 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Дзеля таго неапраўдальны ты, чалавеча, які асуджаеш, чым бо судзіш другога, тым ганьбіш сябе самога, бо робіш тоеж самае, што асуджаеш.
 
Таму няма выбачэньня табе, кожны чалавеча, які асуджаеш. Бо ў чым асуджаеш іншага, асуджаеш сябе, бо робіш тое самае, што асуджаеш.

Мы-ж ведаем, што іставетна ёсьць суд Божы на тых, каторыя гэтак робяць.
 
Ведаем бо, што Бог справядліва асудзіць тых, каторыя дапускаюцца такіх чынаў.

Думаеш мо, што ты ўцячэш ад суду Божага, чалавеча асуджаючы гэтак паступаючых, дый сам тоеж робячы?
 
Ці думаеш, чалавеча, каторы асуджаеш тых, якія такое робяць, і сам робіш тое ж, што ўцячэш ад суду Божага?

Ці мо празьмерную дабрату, лагоднасьць і доўгацярплівасьць Ягону за нішто маеш, таго не цямячы, што Божая ласкавасьць накіроўвае цябе пакаяцца?
 
Ці пагарджаеш багацьцем дабраты, цярплівасьці і вялікадушнасьці Бога, не разумеючы, што дабрата Божая прынукае цябе да пакаяньня?

Ты-ж праз сваё упорства й непакайнае сэрца прыспараеш сабе гнеў на дзень гневу і зьявы суду Бога,
 
Дзеля закамянеласьці тваёй і ненавернутага сэрца рыхтуеш сабе гнеў (Божы) на дзень гневу і аб'явы справядлівага суду Бога,

Які «аддасьць кажнаму водля учынкаў ягоных» (Пс. 61:13):
 
які аддасьць кожнаму паводле яго ўчынкаў:

тым, каторыя праз вытрыванне ў добрым дзеле шукаюць славы, чэсьці й беззаганнасьці — вечнае жыцьцё;
 
тым, што праз стойкасьць у добрых учынках шукаюць славы, пашаны і несмяротнасьці — жыцьцё вечнае;

а тым, што ўпіраюцца й не ўдавольваюцца праўдай, але вераць непраўдзе — гнеў і лютасьць.
 
а тым, што ўпорыстыя і за праўдай ісьці ня хочуць, але аддаюцца беззаконьню — гнеў і лютасьць.

Сум і прыгноба на кажную душу чалавека, што робіць благое, перш Юдэя дый Грэка!
 
Сум і прыгнёт (зваліцца) на кожнага чалавека, каторы дапускаецца зла, перш на Юдэя, а потым Грэка.

А слава, чэсьць і спакой кажнаму робячаму дабро, Юдэю першаму, пасьля і Грэку!
 
Хвала, і пашана, і супакой усякаму, чынячаму дабро, найперш Юдэю, а потым Грэку.

Няма бо ў Бога ўвагі на асобу.
 
Бо Бог не зважае на асобу.

Тые, што без Закону зграшылі, без Закону й пагінуць, а тые, што ў Законе зграшылі, Законам і асуджаны будуць;
 
Бо тыя, што, ня маючы закону, саграшылі, без закону і пагінуць, а тыя, што, маючы закон, саграшылі, законам будуць асуджаны.

бо не такія перад Богам справядлівыя, што Закону толькі слухаюць, але такіе, што спаўняюць Закон, усправядлівецца;
 
Бо ня тыя, што слухаюць закон, справядлівыя ў Бога, але тыя, што выпаўняюць закон, будуць апраўданы.

калі бо пагане, якія ня маюць Закону, з прыраджэння законнае робяць, дык яны нямаючыя Закону — самы сабе закон;
 
Калі бо пагане, ня маючы ніякага закону, па прыродзе робяць тое, што загадвае закон, дык ня маючы закону, яны самі сабе закон.

яны выяўляюць зьмест Закону, выпісанага ў іхніх сэрцах, аб гэтым сьветчыць іх сумленне ды думкі, то абвінавачваючыя, то баронячыя адна другую;
 
Паказваюць яны, што зьмест закону напісаны ў іхніх сэрцах, пра гэта сьведчыць іх сумленьне і думкі, каторыя то абвінавачваюць, то апраўдваюць адна другую,

ў дню, калі Бог судзіць будзе людзкія тайніцы празь Езуса Хрыстуса, водле мае Эванэліі.
 
у той дзень, калі Бог будзе судзіць праз Езуса Хрыста таемныя (ўчынкі) людзей паводле майго Эвангельля.

А калі ты завеш сябе Юдэем, спасылаешся на Закон, Богам ганарышся
 
Калі ты завешся Юдэем, і пакладаешся на закон, і ганарышся Богам,

і знаеш волю Яго ды распазнаеш усё лепшае, навучаны Законам,
 
ды, павучаны законам, ведаеш волю Яго, і разумееш, што лепшае,

і ўпэўнены, што ты павадыр сьляпых, сьвятло для занураных у цьме,
 
і перакананы, што ты — павадыр сьляпых, сьвятло для тых, што ў цемры,

адукатар невукаў, вучыцель недалеткаў, маючы ў Законе форму веды і праўды —
 
выхавацель неразумных, настаўнік маладых, маючы ў законе поўнае веданьне і праўду.

дык якжа ты, вучачы другога, ня вучыш сябе самога;
 
Дык як жа ты вучыш другіх, а сябе самога ня вучыш? Вучыш, што нельга красьці, а крадзеш?

навучаючы ня красьці, крадзеш; кажучы не распуставаць, распустуеш; гідзішся балванамі, а дапушчаешся сьвятазьнявагі;
 
Вучыш, што нельга чужаложыць, а чужаложыш? Брыдзішся ідаламі, а абкрадваеш сьвятыню?

ганарышся Законам, а нарушэннем яго зьняважаеш Бога?
 
Ганарышся законам, а парушаючы закон, Бога зьневажаеш?

Бо-ж напісана: «Праз вас імя Божае зьняважаецца ў паганаў» (Із. 52:5).
 
Як напісана: "Дзеля вас між паганаў зьневажаецца імя Божае".

Абразанне то карыснае, калі спаўняеш Закон; але калі ты нарушаеш Закон, дык абразанне тваё сталася неабрэзаннем.
 
Абразаньне тады карыснае, калі спаўняеш закон. Калі ж парушаеш закон, будучы абрэзаным, дык становішся як неабрэзаны.

Калі восьжа неабразанец спаўняе пастановы Закону, то ціж неабразанне ягонае не палічыцца яму за абразанне?
 
А калі неабрэзаны спаўняе пастановы закону, дык ці ж яго неабразаньне не палічыцца яму за абразаньне?

І той, што хоць з натуры неабразаны, але спаўняе Закон, ці не асудзіць цябе, маючага абразанне й літару Закону ды нарушаючага Закон?
 
Дык вось той, хто папрыродзе неабрэзаны, але спаўняе закон, будзе судзіць цябе, які парушаеш закон, маючы літару (закону) і абразаньне.

Ня той бо Юдэй, хто гэткім ёсьць на выгляд, і ня тое абразаннем ёсьць, што маніфэстуецца на целе;
 
Бо ня той Юдэй, хто такі па выглядзе, ды ня тое абразанне, якое відаць на целе,

але — хто ўсабешне Юдэй, і тое абразаннем ёсьць, што ў духу і сэрцы, ня ў літары; яму й хвала не ад людзей, але ад Бога.
 
але той, хто ўнутры Юдэй, і абразаньне сэрца ў духу, а не паводле літары. Вось такі мае пахвалу не ад людзей, але ад Бога.