Марка 5 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 1999
І прыбылі на другі бок мора ў краіну Гэразэнаў.
І пераплылі на другі бераг мора ў край Герацэнскі.
І калі ён выйходзіў з лодкі, зараз-жа выбег з грабовішчаў на сустрэч яму чалавек, што меў нячыстага духа.
І калі выходзіў Езус з лодкі, адразу з магілаў да Яго выбег чалавек, апанаваны нячыстым духам,
Ён меў прыстанішча ў магілах і ўжо ані ланцугамі ніхто ня мог яго звязаць,
які пражываў у магілах, і ніхто ня мог яго зьвязаць ланцугамі.
часта бо, звязаны путамі й ланцугамі, рваў іх ды разбіваў путы й ніхто ня мог яго ўгамаваць.
Бо зьвязаны і путамі, і ланцугамі, рваў часта ланцугі і разьбіваў путы, ды ніхто ня мог яго ўгамаваць.
Дзень і ноч прабываў ён у грабох і горах, крычучы й бючы сябе каменнямі.
І ён заўсёды днём і ноччу ў магілах і гарах крычаў ды біў сябе каменьнямі.
Угледзеўшы-ж Езуса здалёк, прыбег, пакланіўся яму,
І, здалёк убачыўшы Езуса, прыбег і пакланіўся Яму,
і крычучы на ўвесь голас, казаў: Што табе да мяне, Езусе, Сыне Бога Найвышэйшага? Заклінаю цябе Богам, ня муч мяне!
крычучы моцным голасам: "Што Табе да мяне, Езусе, Сыне Бога Узвышняга? Запрысягаю на Бога, каб мяне ня мучыў".
Ён бо казаў: Выйдзі, дух нячысты, з чалавека.
Бо Езус загадаў яму: "Выйдзі, духу нячысты, з чалавека".
Ды пытаўся яго: Як тваё ймя? Й адказаў яму: Маё імя Легіён, бо нас многа.
І спытаў яго: "Якое тваё імя?" Ён сказаў: "Маё імя — легіён, бо нас многа".
І вельмі прасіў, каб ня высяляў іх з тае ваколіцы.
Ды прасіў яго вельмі, каб не выганяў яго з гэтага краю.
А было там ля гары вялікае стада сьвіней на пасьвішчы.
А там на гарах пасьвілася дужа вялікае стада сьвіней.
І прасілі яго нячысьцікі, кажучы: Пусьці, нас, каб мы ўвайшлі ў сьвінне.
І прасілі Яго ўсе нячыстыя духі: "Пусьці нас у сьвіней, каб маглі мы ў іх увайсьці".
Езус зараз-жа дазволіў ім. І выйшаўшы нячыстыя, ўвайшлі ў сьвінне, і табун да дзвёх тысяч шыбануў з вялікім разгонам з крутога берагу ў мора ды захлынуўся ў моры.
І дазволіў ім Езус. І, выйшаўшы, духі нячыстыя ўвайшлі ў сьвіні. І блізу двухтысячнае стада з вялікім імпэтам з касагору кінулася ў мора, і патанула ў моры.
А тыя, што пасьвілі іх, уцяклі й далі знаць у горад ды па палёх. І павыходзілі паглядзець што сталася;
Тыя ж, што пасьвілі яго, паўцякалі і абвясьцілі гэта па горадзе і вёсках. Дык прыйшлі паглядзець, што здарылася.
ды прыйходзяць да Езуса й бачаць таго, што быў апанаваны дэманам, адзетага й пры сваім розуме, — дык спалохаліся.
І прыйшлі да Езуса, ды, бачачы таго, што быў апанаваны ліхім, як ён сядзеў адзеты пры здаровым розуме, той, у якім быў легіён (дэманаў), спалохаліся.
А бачыўшыя расказалі ім, як сталася з абянтэжаным дэманамі ды аб сьвіннях.
І тыя, што бачылі расказалі ім, што сталася з тым, які меў дэмана, і пра сьвіней.
І давай прасіць яго адыйсьці ад іхніх рубяжоў.
Дык прасілі яны Езуса, каб адыйшоўся ад іх межаў.
Калі-ж уваходзіў у лодку, пачаў яго прасіць той, што быў апанаваны дэманамі, каб з ім быць.
І калі Езус уваходзіў у лодку, пачаў яго прасіць той, што быў апанаваны ліхім, каб ён мог застацца пры Ім.
І не дапусьціў яго, але загадаў яму: Ідзі дамоў да сваіх ды паведам іх, якія вялікія рэчы ўчыніў табе Госпад і як зжаліўся над табою.
Але Езус не прыняў яго і кажа яму: "Ідзі да твайго дому і да тваіх, і раскажы ім, што ўчыніў Госпад з табою і як пашкадаваў цябе".
І пайшоў ды пачаў разглашаць у Дэкаполі, што зрабіў яму Езус; і ўсе дзівіліся.
І ён пайшоў, і пачаў абвяшчаць у Дэкаполю, што ўчыніў яму Езус, і ўсе дзівіліся.
А калі Езус пераправіўся на лодцы зноў на другі бераг, зыйшлася к яму вялікая грамада; і быў ён ля мора.
І калі пераправіўся Езус у лодцы на другі бераг, зыйшлася да Яго вялікая грамада, і Ён быў каля мора.
І вось прыйходзіць адзін із старшых над бажніцаю, на ймя Яір, і ўгледзеўшы яго, падае да ног яму,
І прыбыў з імі адзін начальнік сынагогі імем Яір, і, убачыўшы Езуса, упаў Яму да ног,
ды вельмі просіць, гаворачы: Дачка мая канае, прыйдзі, ўзлажы руку на яе, каб аздаравела й жыла.
і вельмі прасіў Яго, кажучы: "Дачка мая канае, прыйдзі, ускладзі на яе сваю руку, каб паздаравела і жыла".
І пайшоў з ім. А сьледам за ім пайшоў вялікі натаўп, ціснучыся да яго.
І Езус пайшоў за ім, і вялізарная грамада ішла за Ім, і націскала на Яго.
Жанчына-ж, праз дванаццаць год на крываток хварэўшая,
І адна жанчына, хворая на цячэньне крыві ад дванаццаці гадоў,
ад дахтароў шмат выцерпеўшая, выдаючы на іх усё сваё дабро, і замесь польгі, шчэ ёй пагоршвалася, —
якая шмат нацярпелася ад усякіх лекараў і ўсю сваю маёмасьць выдала, але нічога ёй не дапамаглі, але яшчэ горш чулася,
прачуўшы пра Езуса, даціснулася праз натоўп ззаду й дакранулася да ягонай адзежыны;
калі пачула пра Езуса, падыйшла ў грамадзе ззаду і дакранулася Ягонага адзеньня,
казала бо: як толькі да ягонага акрыцьця дакрануся, буду здарова.
бо яна казала: "Калі толькі дакрануся Яго адзеньня, паздаравею".
І якжа высах у яе выток і пачулася на целе аздаравелай ад хваробы.
І зараз жа затрымалася крывацеча і адчула на целе, што паздаравела ад хворасьці.
Езус у той момант, пазнаўшы ўсабешне выйшаўшую із сябе магату, абярнуўся да народу й кажа: Хто дакрануўся да мае адзежыны?
І Езус адразу адчуў, што моц, што ў Ім была, выйшла з Яго. Дык зьвярнуўшыся да грамады, спытаўся: "Хто дакрануўся адзеньня Майго?"
Й казалі яму яго вучні: Бачыш як тоўпіцца да цябе грамада й кажаш: «Хто да мяне дакрануўся»?
Вучні Ягоныя казалі Яму: "Бачыш, як грамада цісьнецца, і пытаеш: Хто дакрануўся да Мяне?"
Ды зірнуў навокал, каб згледзець тую, што гэта зрабіла.
Але Ён паглядзеў кругом, каб пабачыць тую, каторая дакранулася Яго.
Жанчына-ж, баючыся й дрыжачы, ведаючы, што з ёю сталася, падыйшла, упала перад ім і сказала яму ўсю праўду.
Жанчына ж, баючыся і дрыжучы, ведаючы, што з ёю сталася, падыйшла і ўпала перад Ім, і сказала ўсю праўду.
Ён-жа сказаў ёй: Дачка, вера твая аздаравіла цябе, ідзі ў супакоі ды будзь здарова ад твае немачы.
І Езус сказаў ёй: "Дачка! Вера твая аздаравіла цябе. Ідзі ў супакоі і будзь аздароўлена ад хваробы тваёй".
Калі шчэ ён гаварыў, прыйшлі ад старшага над бажніцай, кажучы: памярла дочанька твая, нашто шчэ турбуеш Вучыцеля?
Калі яшчэ Езус гаварыў, прыходзяць да начальніка сынагогі людзі і кажуць: "Дачка твая памерла, пашто яшчэ турбуеш Вучыцеля?"
Езус-жа дачуўшы сказанае слова, гавора архібажнічніку: Ня бойся, толькі вер.
Езус жа, пачуўшы сказанае слова, кажа да начальніка сынагогі: "Ня бойся, толькі мей веру".
І не дапусьціў нікога йсьці з сабою, апроч Пятра, Якуба й Яна, брата Якубавага.
І не дазволіў нікому ісьці за Ім, адно Пятру, Якубу і Яну, брату Якуба.
І прышлі ў дом старшыны бажніцы й бачыць трывогу, плачучых ды моцна галосячых.
І прыходзяць у дом начальніка сынагогі, і бачаць трывогу, плач і галашэньне вялікае.
І ўвайшоўшы кажа ім: Чаго плачаце й трывожыцеся? Ня ўмярла дзяўчына, але спіць.
І, увайшоўшы, кажа ім: "Чаму сумуеце і плачаце? Дзяўчынка не памерла, але сьпіць".
І насьмяхаліся з яго. А ён, выправіўшы ўсіх, узяў бацьку й матку дзяўчаці ды тых, што былі з ім, увайходзіць, дзе ляжала дзяўчына.
І сьмяяліся з Яго. Езус жа, адправіўшы ўсіх, бярэ бацьку і маці дзяўчынкі ды тых, што з Ім былі, і ўваходзіць туды, дзе ляжала дзяўчынка.
І, ўзяўшы дзяўчо за руку, гавора ёй: Таліта кумі, што знача: Дзяўчынка, табе кажу — ўстань.
І, узяўшы за руку дзяўчынкі, кажа ёй: "Таліта кум", што значыць: "Дзяўчынка, табе кажу, устань!"
І ў той момант паднялося дзяўчатко й хадзіла; бо было ёй дванаццаць год. І астаўпянелі ўсе ад вялікага дзіва.
І зараз жа ўстала дзяўчынка, і хадзіла, а мела яна дванаццаць гадоў. І ўсе дзівіліся з дзіва вялікага.
І моцна прыказаў ім, каб ніхто ня ведаў аб гэтым; а ёй сказаў даць есьці.
І загадаў ім моцна, каб ніхто аб гэтым ня ведаў, ды сказаў, каб далі ёй есьці.