Марка 6 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 1999
І адыйшоўшы адтуль, падаўся ў сваю радзіму, а за ім ішлі ягоныя вучні.
І, выйшаўшы адтуль, Езус у таварыстве сваіх вучняў направіўся ў сваю бацькаўшчыну.
І калі настаў шабат, пачаў навучаць у бажніцы, многія-ж, слухаючы, дзівіліся з ягонай навукі, кажучы: Адкуль у яго ўсё гэта? Ды што гэта за мудрасьць, катора яму дадзена, й гэткія цуды дзеюцца ягонымі рукамі?
І калі прыйшла субота, пачаў вучыць у сынагозе. І многія з слухаючых захапляліся Яго навукаю ды казалі: "Скуль жа гэта ўсё ў Яго? І што гэта за мудрасьць, дадзеная Яму, ды моц такая, што дзейнічае праз Яго рукі?
Або-ж ён не цесляр, сын Марыі, брат Якуба, й Язэпа, й Юды, й Сымона? Ці-ж ня тут між намі й сёстры ягоныя? І горшыліся з яго.
Ці ж гэта не рамесьнік, сын Марыі, ці ня брат Якуба і Язэпа, Юды і Сымона? Ці ж і Ягоныя сёстры не прабываюць сярод нас?" І горшыліся з Яго.
Езус-жа казаў ім: Прарок ня бывае без пашаны, апрача ў сваёй бацькаўшчыне, ці ў доме сваім, ці ў радні сваёй.
І сказаў ім Езус: "Няма прарока без пашаны, хіба толькі ў сваёй бацькаўшчыне, ды ў сваіх родных, ды ў доме сваім".
І ня мог тамака здзеець аніводнага цуду, толькі аздаравіў хворых некулькіх, узлажыўшы рукі.
І ня мог там учыніць ніводнага цуду, толькі некалькі хворых аздаравіў, усклаўшы рукі на іх.
І дзівіўся з іхняга недаверства, ды хадзіў па сёлах навакольных, навучаючы.
І дзівіўся з іхняга недаверства. І, вучачы, абходзіў вакалічныя вёскі.
І паклікаў дванаццацёх ды пачаў іх рассылаць па двух і даў ім уладу над нячыстымі духамі.
І паклікаў Дванаццаць, і пачаў пасылаць іх па двух, і даў ім уладу над нячыстымі духамі,
Ды загадаў ім, каб нічога ня бралі ў дарогу, апрача кія толькі: ані торбы, ані хлеба, ані грошай у капшуку,
і загадаў ім, каб ня бралі нічога ў дарогу апрача кія: ані торбы, ані хлеба, ані грошы ў капшуку,
а каб абуўшыся былі ў сандалы, ды каб не адзяваліся ў дзве вопраткі.
каб толькі ў сандалы абуваліся і не адзявалі дзьвёх вопраткаў.
І казаў ім: Калі дзе ўвойдзеце ў дом, аставайцеся там, дакуль ня выйдзеце стуль.
Ды казаў ім: "Дзе зойдзеце ў дом, там заставайцеся да вашага адыходу адтуль.
А хто-б вас ня прыняў, ды ня слухаў-бы вас, абтрасеце, выйходзячы адтуль, пыл з ног вашых на пасветчанне ім.
А калі вас ня прымуць і ня будуць слухаць, выходзячы, абтрасіце пыл з вашых ног на сьведчаньне ім".
І выйшаўшы апавяшчалі, каб каяліся;
І яны, выйшаўшы, заклікалі да навяртаньня,
і шмат дэманаў выганялі, а многіх немачных намашчвалі алеем і адужвалі.
ды многа дэманаў выганялі, і многіх намашчалі алеем і аздараўлялі.
І пачуў кароль Гэрад — імя бо яго сталася ведамым — і казаў: Што Ян Хрысьціцель згробуўстаў і дзеля гэтага дзеюцца праз яго цуды.
І дачуўся Герод, бо імя Езуса сталася ведамым, і сказаў: "Ян Хрысьціцель уваскрос, і таму многа цудаў ён творыць".
Другія-ж гаварылі: Гэта Гальяш. А іншыя казалі: Гэта прарок, ці адзін з прарокаў.
Другія ж казалі, што гэта Гальяш. Яшчэ іншыя гаварылі, што гэта прарок, або адзін з прарокаў.
Гэрад, дачуўшыся аб гэтым, сказаў: Гэта Ян, якому я сьцяў голаў, ён устаў з умерлых.
Пачуўшы гэта ўсё, Герод сказаў: "Гэта Ян, катораму я адсёк галаву, ён уваскрос".
Гэты бо Гэрад паслаў быў і ўзяў Яна ды звязаў яго ў вастрозе дзеля Гэрэдыяды, жонкі свайго брата Філіпа, што быў ажаніўся з ёю.
Бо сам Герод паслаў і схапіў Яна, і зьвязаў яго ў вязьніцы дзеля Герадыяды, жонкі Філіпа, брата свайго, якую ён узяў за жонку.
Бо Ян казаў Гэраду: Ня можна табе мець жонкі твайго брата.
Ян сварыўся на Герода: "Нельга табе мець за жонку жонку брата твайго".
Гэрэдыяда-ж рабіла подступы супроць яго й хацела яго забіць, але не магла,
А Герадыяда злавала на яго і хацела яго загубіць, але не магла,
бо Гэрад баяўся Яна, знаючы яго, як чалавека справядлівага й сьвятога, і сьцярог яго, дый шмат рабіў слухаючы яго, а слухаў яго ахвотна.
бо Герод баяўся Яна, ведаючы, што ён чалавек справядлівы ды сьвяты, і сьцярог яго ды шмат чаго рабіў, слухаючыся яго, і ахвотна яго слухаў.
І, як надарыўся прынагодны дзень, Гэрад з прычыны сваіх нарадзін справіў банкет вяльможам, тысячнікам і важнейшым Галілейскім.
І з нагоды сваіх урадзін Герод справіў баль для князёў, начальнікаў, трыбунаў і старшыняў Галілейскіх.
І калі ўвайшла дачка гэнай Гэрэдыяды і танцавала, і спадабалася Гэраду, ды тым, што разам сядзелі, кароль сказаў дзяўчыне: Прасі ў мяне чаго хочаш, а дам табе.
І калі дачка Герадыяды паявілася на балі і танцавала, то спадабалася Героду і банкетуючым. І сказаў кароль дзяўчыне: "Прасі мяне, што хочаш, і я дам табе".
І прысягнуў ёй: Чаго-б ты не зажадала, дам табе, хоць-бы й палавіну майго каралеўства.
І прысягнуў ёй: "Пра што будзеш прасіць, дам табе, хоць бы нават палову каралеўства майго".
Яна-ж, выйшаўшы, пытае маці свае: Чаго мне прасіць? Тая кажа: Галаву Яна Хрысьціцеля.
Яна, выйшаўшы, спыталася ў маці сваёй: "Чаго мне прасіць?" Тая ж сказала: "Галаву Яна Хрысьціцеля".
І зараз-жа ўвайшоўшы да караля борзда, прасіла, кажучы: Хачу, каб ты цяпер вось даў мне на тацы галаву Яна Хрысьціцеля.
Дык яна борзда пабегла да караля і прасіла: "Хачу, каб зараз даў ты мне галаву Яна Хрысьціцеля".
І зажурыўся кароль; адыж дзеля прысягі й дзеля банкетнікаў не хацеў яе засмучаць,
І засмуткаваў кароль, але дзеля гэтае клятвы ды дзеля банкетаваўшых не хацеў ёй адмаўляць,
і паслаўшы ката, загадаў прынесьці галаву яго на тацы.
і паслаў ката, і загадаў прынесьці галаву яго.
І сьцяў яго ў вастрозе й прынёс галаву Яго на тацы ды аддаў яе дзяўчыне, а дзяўчына аддала сваёй матцы.
І кат пайшоў, і адсек галаву ў вязьніцы ды прынёс галаву яго на місе, ды падаў дзяўчыне, а дзяўчына аддала яе сваёй маці.
Пачуўшы аб гэтым вучні ягоны, прыйшлі й забралі цела ягона ды палажылі яго ў гробе.
Пачуўшы пра гэта, вучні ягоныя прыбылі, і забралі яго цела, і палажылі яго ў магіле.
І пасходзіліся апосталы да Езуса й расказалі яму ўсё, што рабілі й чаго навучалі.
І, вярнуўшыся да Езуса, апосталы расказалі Яму ўсё, што рабілі і чаго вучылі.
І сказаў ім: Пайдзеце самы на адзіноце ў бязлюднае месца ды супачыньце крыху. Так бо шмат прыходзіла й адыходзіла, што ня мелі часу й перакусіць.
І Езус кажа ім: "Ідзіце адны ў пустыннае месца, ды аддыхніце крыху". Бо многа было тых, што прыходзілі і адыходзілі, і нават паесьці ня мелі часу.
Увайшоўшы вось-жа ў лодку, адплылі на бязлюдздзе.
Дык, сеўшы ў лодку, адплылі на бязьлюднае месца адны.
Адыж бачылі іх адплываючых і шмат хто пазнаў іх, дык збегліся пехатою туды з усіх местаў, выпераджаючы іх.
Але многія бачылі іх адплываючых, і, дадумаўшыся куды, зьбегліся туды пешшу з усіх гарадоў, і выперадзілі іх.
І выйшаўшы, пабачыў Езус грамаду вялізную, ды зжаліўся над імі, былі бо як авечкі, ня маючыя пастыра. І шмат чаго пачаў іх навучач.
І, выйшаўшы на бераг, Езус убачыў вялікі натоўп людзей і пашкадаваў іх, бо былі як авечкі без пастыра, і пачаў іх вучыць многа чаго.
А калі была ўжо позная гадзіна, падышлі вучні ягоныя, кажучы: Бязлюдздзе гэтта дый пара ўжо позная,
І калі мінула шмат часу, прыйшлі да Яго вучні Яго і казалі: "Тут пустыннае месца, а час ужо позьні,
пусьці іх, хай пойдуць у ваколічныя сялібы й вёскі ды купяць сабе еміны з’есьці.
адпусьці іх, каб пайшлі да бліжэйшых сёлаў і вёсак, ды купілі сабе штосьці паесьці".
Ён-жа ў адказ гавора ім: Вы ім дайце есці. Кажуць яму: Хіба пойдземо й купімо за дзвесьце дэнараў хлеба ды дамо ім есьці.
У адказ кажа ім Езус: "Вы дайце ім есьці". Яны адказалі: "Няўжо маем ісьці, і купіць за дзьвесьце дынараў хлеба, і даць ім есьці?"
А ён кажа ім: Колькі маеце хлябоў? Ідзеце паглядзеце. Яны, даведаўшыся, кажуць: Пяць, і дзве рыбы.
Езус пытае ў іх: "Колькі маеце хлябоў? Ідзіце і паглядзіце!" І калі праверылі, кажуць: "Пяць і дзьве рыбы".
І загадаў ім каб рассадзілі ўсіх на зялёнай траве грамадамі.
Дык загадаў ім пасадзіць усіх на зялёнай траве, грамадамі.
І паселі радамі па сто й па пяцьдзесят.
Дык паселіся, грамада за грамадой, па сто і па пяцьдзесят.
І ўзяўшы пяць хлябоў і дзве рыбы ды ўзглянуўшы ў неба, багаславіў і ламаў хлябы ды даваў сваім вучням, каб клалі перад імі; і дзве рыбы падзяліў усім.
І Езус, узяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбы, глянуў у неба, пабагаславіў і паламаў хлябы, і даў вучням сваім, каб падавалі людзям. І дзьве рыбы разьдзяліў між усіх.
І елі ўсе й наеліся.
І ўсе елі, і наеліся,
Ды назбіралі што асталося ад кускоў і ад рыбаў дванаццаць поўных кашоў.
і з астаткаў сабралі дванаццаць кашоў і рэшткі рыбы.
А тых, што елі, было пяць тысяць мужчын.
А тых, што елі, было пяць тысяч мужчынаў.
І зараз прымусіў вучняў сваіх увайсьці ў лодку, каб паплыць перад ім на той бераг да Бэтсаіды, пакуль ён сам распусьціць гарод.
І зараз змусіў Езус вучняў сваіх сесьці ў лодку і перад Ім плысьці на другі бераг у Бэтсаіду, пакуль Ён адпусьціць людзей.
І адправіўшы іх, пайшоў на гару памаліцца.
І, адправіўшы іх, сам пайшоў на гару маліцца.
А як ужо павячарэла, лодка была пасярэдзіне мора, ён-жа сам адзін на сушы.
І калі сьцямнела, лодка была на сярэдзіне мора, Ён жа адзін на зямлі.
І відзячы іх, як мучыліся пры вёслах (быў бо супраціўны вецер), каля чацьвёртае начное варты прыйшоў да іх, ідучы па моры — і хацеў іх мінуць.
І бачачы іх, як мучыліся пры вёслах, бо дуў супраўціўны вецер, каля чацьвёртай варты ноччу прыйшоў да іх, ідучы па моры, ды маніўся мінуць іх.
Яны-ж, убачыўшы яго ступаючага па моры, думалі, гэта здань і закрычалі.
Але яны, убачыўшы Езуса, ідучага па моры, думалі, што гэта здань, і закрычалі.
Усе бо бачылі яго і стрывожыліся. Дык зараз-жа прагаварыў да іх і сказаў ім: Схамянецеся, гэта я, ня бойцеся.
Усе бо бачылі Яго і стрывожыліся. Ён зараз прамовіў да іх, ды сказаў ім: "Супакойцеся, гэта Я, ня бойцеся!"
Ды ўвайшоў к ім у лодку і вецер аціх. І шчэ болей дзівіліся ўсабешне,
І увайшоў у лодку да іх, і вецер сьціх. Ды тым болей яны дзівіліся ў душы,
бо не зразумелі аб хлябох, затым, што сэрца іх было закамянелае.
бо нічога не зразумелі з хлябамі, бо сэрца іх было засьлеплена.
І, пераплыўшы, прыбылі ў зямлю Гэназарэцкую ды прысталі да берагу.
І калі пераплылі, апынуліся ў зямлі Генэсарэцкай і прысталі да берагу.
Калі-ж выйшлі з лодкі, якбач пазналі яго;
І ледзь выйшлі з лодкі, адразу пазналі Яго (людзі),
і абягаючы ўсю тую краіну, пачалі зносіць на ношах тых, што дрэнна меліся, дзе чулі, ён ёсьць.
і, разьбегшыся па ўсёй той ваколіцы, пачалі на лежаках зносіць хворых туды, дзе, як чулі, быў Езус.
І куды-б ён не ўвайходзіў, у сёлы, ці ў мястэцкі, ці ў гарады, клалі хворых на вуліцах і малілі яго, каб дакрануцца хоць краю адзеньня ягонага. І хто толькі дакрануўся, аздараўляўся.
І, калі ўваходзіў у якое-колечы пасяленьне, або горад, або вёску, клалі перад Ім хворых на пляцах, і прасілі Яго, каб хоць краю Яго адзеньня маглі дакрануцца; і колькі з іх дакранулася Яго, былі аздароўлены.