Марка 12 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

І пачаў гаварыць ім у прыповесцях: Чалавек засадзіў вінаграднік, абгарадзіў плотам і выкапаў вінатоку ды збудаваў вежу й, аддаўшы яго ў арэнду земляробам, выехаў.
 
І пачаў Езус навучаць іх у прыповесьцях: "Адзін чалавек заснаваў вінаграднік, і загарадзіў яго плотам, і выкапаў вінатоку, і збудаваў вежу, і наняў вінаградараў, і выехаў.

І паслаў у свой час слугу к земляробам, каб атрымаць пладоў з вінаградніка.
 
У свой час паслаў ён слугу да вінаградараў атрымаць сваіх пладоў з вінаградніку.

Яны, схапіўшы яго, збілі й адаслалі бяз нічога.
 
Яны ж схапілі яго, зьбілі ды адправілі ні з чым.

І зноў паслаў да іх другога слугу, і таму разбілі голаў ды зняважылі.
 
І зноў выправіў да іх іншага слугу, а яны і тому разбілі галаву і зьняважылі.

І яшчэ да іх паслаў іншага слугу, а таго забілі; ды шмат іншых — адных б’ючы, а другіх забіваючы.
 
І паслаў яшчэ аднаго, і яго забілі, і многіх іншых, з каторых адных пакалечылі, другіх пазабівалі.

Меў яшчэ аднаго сына найдаражэйшага, і таго ўканцы паслаў да іх, кажучы: Ўшануюць сына майго.
 
Дык, маючы яшчэ адзінага, улюбленага Сына, паслаў Яго ўрэшце, кажучы: "Ушануюць сына майго".

Адыж земляробы сказалі адзін другому: Гэта-ж наследнік, пойдзем заб’ём яго, і спадчына будзе наша.
 
Але вінаградары гаварылі між сабой: "Ён — спадкаемца! Пойдзем, заб'ём яго і нашаю будзе спадчына".

І схапіўшы яго, забілі й выкінулі з вінаградніку.
 
Ды, схапіўшы яго, забілі і выкінулі з вінаградніку.

Дык што зробіць гаспадар вінаградніка? Прыйдзе й выгубіць земляробаў, а вінаграднік аддасьць іншым.
 
Дык што зробіць гаспадар вінаградніку? Ён прыйдзе і выгубіць вінаградараў, а вінаграднік аддасьць іншым.

І ці вы ня чыталі гэтага пісання: «Той камень, што адкінулі будаўнічыя, стаўся галавою вугла.
 
Няўжо вы не чыталі ў Пісаньні: "Камень, які адкінулі будаўнікі, стаўся галавой вугла.

Ад Усеспадара гэта сталася і ёсьць дзіўным у вачох нашых?» (Пс. 117:22).
 
Ад Госпада гэта сталася і дзіўна ў вачах нашых".

І маніліся схапіць яго, ды баяліся грамады, зразумелі бо, што пра іх сказаў гэту прыповесьць. І пакінуўшы яго, адыйшлі.
 
І шукалі Яго схапіць, але баяліся людзей. Бо ведалі, што супраць іх гаварыў гэту прыповесьць. Дык, пакінуўшы Яго, адыйшлі.

І пасылаюць к яму некаторых з фарызэеў і гэрэдыянаў, каб падхапіць яго на слове.
 
І паслалі да Яго фарысэяў і герадыянаў, каб падлавіць Яго на слове.

Тыя прыйшоўшы сказалі яму: Вучыцелю, мы ведаем, што ты праўдамоўны й не зважаеш на нікога, бо ня ўзіраешся ў твар людзям, а папраўдзе на шлях Божы настаўляеш. Ці гожа даваць падатак цэзару, ці не даваць?
 
Вось яны, падыйшоўшы, спыталіся ў Яго: "Вучыцель, мы ведаем, што Ты справядлівы і нікому не патураеш, і не глядзіш на аблічча людзей, але дарогі Божай па праўдзе навучаеш. Ці належыцца плаціць падатак цэзару, ці не? Даваць ці не даваць?"

Ён-жа, ведаючы іхнюю хітрасьць, сказаў ім: што вы мяне зводзіце? Прынясеце мне паглядзець дэнар.
 
А Ён, ведаючы іхнюю крывадушнасьць, кажа ім: "Чаму Мяне спакушаеце? Прынясіце Мне дынар, каб яго пабачыць".

Яны прынясьлі яму. І кажа ім: Чый гэта воблік і напіс? Кажуць яму: Цэзараў.
 
Дык прынесьлі Яму дынар. І кажа ім: "Чый гэта адмалюнак і надпіс?" Кажуць Яму: "Цэзараў".

Езус-жа ў адказ ім гавора: Дык аддайце, што цэзарава, цэзару, а што Божае, Богу. Й дзівіліся з яго.
 
Дык у адказ сказаў ім Езус: "Што цэзара, аддайце цэзару, а што Божае — Богу". І дзівіліся з Яго.

І прыйшлі да яго садуцэі, якія кажуць, няня згробуўстання. ды пыталіся ў яго. кажучы:
 
І прыходзяць да Езуса садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрасеньня целаў, і пытаюцца ў Яго:

Вучыцелю. Майзей напісаў нам, што калі-б у каго памёр брат і пакінуў жонку ды не аставіў дзяцей, то няхай брат ягоны возме ягону жонку й адродзіць патомства брату свайму.
 
"Вучыцель, Майсей напісаў нам: Калі памрэ нечый брат і пакіне жонку, ня маючы дзяцей, дык хай ягоны брат возьме яе за жонку і пакіне патомства брату свайму.

І вось было сем братоў, першы ўзяў жонку й памёр, не аставіўшы патомства.
 
Было вось сем братоў, з іх першы ажаніўся і памёр, не пакінуўшы патомства.

І ўзяў яе другі й памёр, дый гэты не аставіў патомства. І трэці гэтаксама.
 
І другі ўзяў яе за жонку, і таксама памёр, не пакінуўшы патомства. Падобна і трэці.

І гэтак бралі яе сямёх, а не аставілі патомства. Апошняй з усіх памярла й жанчына.
 
Так з ёю ажаніліся сем братоў і не пакінулі патомства. Пасьля ўсіх памерла і жанчына.

Дык пры згробуўстанні, калі з мяртвых устануць, каторага з іх яна будзе сужэнкай? Бо сямёх мелі яе за жонку.
 
Дык пры ўваскрасеньні, калі ўваскрэснуць з памёршых, чыёй з іх будзе яна жонкаю? Бо сямёх іх мелі яе за жонку".

І ў адказ Езус гавора ім: Ці ня дзеля таго вы мыляецеся, што ня ведаеце ні Пісанняў, ні моцы Божай?
 
Езус у адказ кажа ім: "Ці ж не таму вы памыляецеся, што не разумееце Пісаньня, ані моцы Божай?

Бо калі згробуўстануць, ня будуць ані жаніцца, ані замуж выйходзіць, а будуць як анелы ў небе.
 
Бо калі ўвасрэснуць з памёршых, дык ня будуць жаніцца, ані замуж выходзіць, але будуць як анёлы ў небе.

А пра ўмерлых, што паўстануць, ці вы ня чыталі ў кнізе Майзеевай, як Бог ля куста гаварыў яму, кажучы: Я Бог Абрагама, і Бог Ізаака, і Бог Якуба? (Выйсь. 3:6).
 
Пра памёршых, што ўваскрэснуць, ці не чыталі вы ў кнізе Майсея, як Бог з куста прамаўляў да яго: "Я — Бог Абрагама, і Бог Ізааака, і Бог Якуба?"

Ня ёсьць Бог умерлых, але жывых. Дык вы дужа мыляецеся.
 
Бог ня ёсьць Богам памёршых, але жывых! Таму вы моцна памыляецеся".

І прыступіў адзін з кніжнікаў, каторы чуў як яны спрачаліся ды бачачы, што ім добра адказаў, спытаўся яго: каторае прыказанне з’яўляецца першаважным?
 
І адзін кніжнік, каторы чуў іх, як спрачаліся, ды бачыў, што добра ім Езус адказаў, падыйшоў да Езуса і спытаўся ў Яго: "Каторае прыказаньне з усіх першае?"

Езус-жа адказаў яму: Што першае з усіх прыказанняў ёсьць: “Слухай Ізраэль! Госпад Бог твой ёсьць Бог адзіны”;
 
А Езус адказаў яму: "Першае з усіх прыказаньняў такое: "Слухай, Ізраэль! Госпад, Бог наш — Бог адзіны.

і «любі Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсёю думкаю тваёю, і ўсёю сілаю тваёю» (Паўт. Пр. 6:45). Гэта вось першаважнае прыказанне.
 
Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам сваім, усёю душой тваёй, усім розумам тваім ды ўсімі сіламі сваімі".

А другое падобнае да яго: «Любі бліжняга твайго, як сябе самога» (Лев. 19:18). Іншага прыказання, большага за гэта, нямашака.
 
Другое ж такое: "Любі бліжняга свайго як самога сябе". Большага над гэтыя прыказаньні няма".

І сказаў яму кніжнік: Добра, Вучыцель, ты праўду сказаў, што ёсьць адзін Бог, і няма іншага апрача яго;
 
І кажа Яму кніжнік: "Добра, Вучыцель! Праўду сказаў, што Бог адзін, ды няма іншага апрача Яго,

ды каб любіць яго ўсім сэрцам, і ўсім розумам, і ўсёю сілаю, і любіць бліжняга як сябе самога — гэта болей за ўсе жэртвы й ахвяры.
 
і любіць Яго ўсім сэрцам, усім розумам, усёю душой ды ўсімі сіламі, дый, любіць бліжняга як самога сябе больш, чым усе цэлапаленьні і ахвяры".

Езус-жа, бачачы, што разумна адказаў, гавора яму: Недалёка ты ад валадарства Божага. І ніхто больш ня важыўся пытаць яго.
 
Езус жа, бачачы, што разумна ён адказаў, сказаў яму: "Недалёка ты ад Каралеўства Божага". І ніхто ўжо болей не адважыўся Яго пытацца.

А Езус, адзываючыся ў набожні навучаў, кажучы: Як гэта гавораць кніжнікі, што Хрыстус ёсьць сынам Давіда?
 
І, вучачы ў сьвятыні, Езус казаў: "Як жа кніжнікі кажуць, што Хрыстос ёсьць сынам Давіда?

Калі сам Давід кажа ў Духу сьвятым: «Сказаў Госпад майму Ўсеспадару: сядзь праваруч мяне, пакуль палажу тваіх ворагаў падножжам ног тваіх» (Пс. 109:1).
 
Сам жа Давід сказаў праз Духа Сьвятога: Сказаў Госпад Госпаду майму: Сядзь па правіцы Маёй, пакуль не пакладу непрыяцеляў Тваіх пад ногі Твае.

Сам-жа Давід заве яго Ўсеспадарам, дык скуль-жа ён сын ягоны? І вялікая грамада ахвотна яго слухала.
 
Сам жа Давід называе Яго Госпадам, дык як жа Ён — сын яго?" І вялізарны натоўп людзей ахвотна слухаў Яго.

І казаў ім у сваёй навуцы: Сцеражэцеся кніжнікаў, што любяць хадзіць у доўгіх вопратках ды быць вітанымі на рынку,
 
І ў сваёй навуцы казаў Езус: "Высьцерагайцеся кніжнікаў, каторыя ахвотна ходзяць у доўгіх шатах і любяць прывітаньні на рынку,

й сядзець на першых лавах у бажніцах ды першыя месцы на вячэрах;
 
і першыя месцы ў сынагогах ды першыя месцы на банкетах,

якія аб’ядаюць дамы ўдоваў пад пакрывай доўгай малітвы. Тыя дастануць цяжэйшы прысуд.
 
якія аб'ядаюць дамы ўдоваў і дзеля віду доўга моляцца. Чакае іх строгі прысуд".

І седзячы насупроць скарбоны, Езус глядзеў, як грамада кідала грошы ў скарбону; і многа багатых кідала шмат.
 
І, сеўшы насупраць скарбонкі, глядзеў, як людзі кідалі грошы ў скарбонку. І многія багатыя кідалі шчодра.

Калі-ж прыйшла адна бедная ўдава, ўкінула два шэлегі, што выносіць грош.
 
І прыйшла адна бедная ўдава, і кінула дзьве дробныя манэты, значыць грош.

І паклікаўшы сваіх вучняў, гавора ім: Сапраўды кажу вам, гэта бедная ўдава палажыла болей за ўсех, што клалі ў скарбону.
 
І Езус, паклікаўшы сваіх вучняў, кажа ім: "Сапраўды кажу вам: Гэтая ўбогая ўдава ўкінула больш, чым усе, хто кідаў у скарбонку.

Бо ўсе клалі з таго, што для іх было лішнім, а гэтая палажыла з нястачы свае ўсё, што мела, ўвесь свой пражытак.
 
Бо ўсе кідалі з лішку свайго, а гэтая ў сваім недастатку ўсё, што мела, укінула, усё сваё ўтрыманьне".