Марка 10 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

І, выбраўшыся адтуль, прыйходзіць у межы Юдэі за Ярданам; ды зноў зыйшліся да яго грамады, і ён сваім звычаем навучаў іх.
 
І, выйшаўшы адтуль, Езус прыходзіць у межы Юдэі за Ярданам. І там зноў сабралася вакол Яго многа людзей, і Ён, як звычайна, навучаў іх.

І фарызэі прыступіўшы пыталіся яго, спакушаючы: Ці можна мужу кінуць жонку?
 
І, падыйшоўшы, фарысэі пыталіся Яго, зводзячы: "Ці належыцца мужу кінуць жонку?"

Ён-жа ў адказ гавора: Што вам загадаў Майзей?
 
Езус у адказ сказаў ім: "А што вам загадаў Майсей?"

Яны кажуць: Майзей дазволіў напісаць разводны ліст ды пакінуць.
 
Яны адказалі: "Майсей дазволіў напісаць разводны ліст і пакінуць яе".

Езус на гэта адказвае: Дзеля закамянеласьці сэрца вашага напісаў ён вам гэты дазвол;
 
У адказ сказаў ім Езус: "Дзеля жорсткасьці сэрца вашага даў ён вам такі загад.

адыж на пачатку тварэння Бог стварыў іх мужчынай і жанчынай (Быць. 1:21).
 
Але на пачатку стварэньня мужчынай і жанчынай стварыў іх Бог.

“Дзеля гэтага пакіне чалавек бацьку свайго і матку ды прыгорнецца да жонкі свае;
 
Таму пакіне чалавек бацьку свайго і маці ды злучыцца з жонкаю сваёю

і будуць двое ў адным целе; і так ужэ ня два, але адно цела” (Быць. 2:24).
 
ды будуць двое адным целам; дык іх ужо ня двое, але адно цела.

Дык што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае.
 
Што вось Бог злучыў, хай чалавек не разлучае".

А дома зноў спыталіся ў яго вучні ягоны аб гэтым-жа.
 
І дома зноў пра тое самае пыталіся ў Яго вучні.

І сказаў ім: Хто-б кінуў жонку сваю і ўзяў другую, дапускаецца чужалоства адносна яе.
 
І кажа ім: "Хто пакіне жонку сваю і возьме іншую, той чужаложыць.

І калі-б жонка пакінула свайго мужа ды выйшла за другога, чужаложыць.
 
І калі б жонка пакінула мужа свайго ды пайшла б за іншага — чужаложыць".

І прыносілі да яго дзяцей, каб дакрануўся да іх, а вучні сварыліся на тых, што прыносілі.
 
І прыносілі дзеткі да Яго, каб да іх дакрануўся. А вучні забаранялі ім.

Убачыўшы гэта Езус, сярдаваў і сказаў ім: Дайце дзеткам прыйсьці ка мне, не забараняйце ім, гэткіх бо ёсьць валадарства Божае.
 
Бачачы гэта, Езус абурыўся на іх і кажа ім: "Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне ды не забараняйце ім, бо такіх ёсьць Каралеўства Божае.

Сапраўды кажу вам: Хтоб ня прыняў Божага валадарства, як дзіця, ня ўвойдзе ў яго.
 
Сапраўды кажу вам: Калі хто ня прыйме Каралеўства Божага як дзіця, ня ўвойдзе ў яго".

І абыймаючы іх ды ўскладаючы на іх рукі, багаславіў іх.
 
І, абняўшы іх і ўсклаўшы на іх рукі свае, багаславіў іх.

А калі выйшаў у дарогу, нехта прыбегшы ды ўпаўшы перад ім на калені, пытаўся ў яго, Вучыцелю добры, што мне рабіць, каб здабыць жыцьцё вечнае?
 
Калі Езус выходзіў у дарогу, прыбег нехта і, упаўшы перад ім на калені, пытаўся ў Яго: "Вучыцель добры, што маю рабіць, каб здабыць жыцьцё вечнае?"

Езус-жа сказаў яму: Што ты завеш мяне добрым? Ніхто ня добры, толькі адзін Бог.
 
Езус жа сказаў яму: "Чаму Мяне называеш добрым? Ніхто ня добры, толькі адзін Бог.

Ведаеш прыказанні: Ня чужалож, не забівай, не крадзі, ня сьветч фальшыва, ня крыўдзь, паважай бацьку твайго і матку (Выйсь. 20:12−17).
 
Ведаеш прыказаньні: не забівай, не чужалож, не крадзі, не гавары фальшывага сьведчаньня, не рабі крыўды, паважай бацьку свайго і маці".

А той у адказ гавора яму: Вучыцелю, гэтага ўсяго пільнаваўся я змалку.
 
А ён у адказ сказаў: "Вучыцель, я гэта ўсё спаўняў ад маленства свайго".

Езус-жа, паглядзеўшы на яго, ўпадабаў яго й сказаў яму: Аднаго табе не стае: ідзі, распрадай усё, што маеш ды раздай убогім, а мецімеш скарб у небе, і прыхгодзь, ідзі за мною.
 
Езус жа, глянуўшы на яго, узьлюбіў яго ды сказаў яму: "Аднаго табе не хапае: ідзі, прадай, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе, а тады прыходзь і ідзі за Мною".

Той-жа захныпіўся на гэтае слова й адышоў засмучаны, бо меў вялікія маемасьці.
 
Той, засмучаны гэтым словам, адыйшоўся сумны, бо меў вялікую маёмасьць

І глянуўшы навокал, Езус кажа сваім вучням: Як цяжка будзе тым, што маюць грошы, увайсьці ў валадарства Божае!
 
І Езус, паглядзеўшы вакол, кажа сваім вучням: "Як цяжка тым, што маюць багацьце, увайсьці ў Каралеўства Божае".

Вучні вельмі здзівіліся з гэтых слоў. Але Езус ізноў у адказ гавора ім: Як цяжка тым, дзеткі, што маюць надзею ў грашах, увайсьці ў валадарства Божае.
 
Вучні ж дзівіліся дзеля словаў Ягоных. Але Езус зноў кажа ім: "Дзеці, як цяжка ўвайсьці ў Каралеўства Божае тым, хто надзею ўскладае на багацьце.

Лягчэй вярблюду прайсьці праз голчына вуха, чым багатаму ўвайсьці ў Божае валадарства.
 
Лягчэй вярблюду праціснуцца праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсьці ў Каралеўства Божае".

Яны шчэ болей дзівіліся. гаворачы між сабою: Дык хто-ж тады можа збавіцца?
 
А яны тым болей дзівіліся, гаворачы між сабою: "Ды хто можа быць збаўлены?"

А Езус, паўзіраўшыся на іх, кажа: Немагчыма ў людзей, але ня ў Бога, бо ў Бога ўсё магчыма.
 
Езус, паглядзеўшы на іх, кажа: "У людзей гэта немагчыма, але ў Бога ўсё магчыма".

І пачаў Пётр гаварыць яму: Вось мы пакінулі ўсё й пашлі за табою.
 
Дык Пётар пачаў гаварыць Яму: "Вось жа мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табой".

Езус адказвае на гэта: Сапраўды кажу вам: няма такога, хто-б пакінуў дом, або сёстры, або бацьку, або матку, ці дзеці, або поле дзеля мяне і дзеля эванэліі,
 
Кажа Езус: "Сапраўды кажу вам: Няма нікога, хто б пакінуў дом, або братоў, або сёстраў, або матку, або бацьку, або сыноў, або поле дзеля Мяне і дзеля Эвангельля,

які-б не атрымаў устораз гэтулькі цяпер у гэтым часе, дамоў, і братоў, і сёстраў. і матак, і дзяцей, і палёў з прасьледамі, а ў будучым веку жыцьцё вечнае.
 
каб ён не атрымаў у сто разоў больш цяпер, у гэты час, дамоў, і братоў, і сёстраў, і матак, і дзяцей, і палёў сярод перасьледаваньняў, ды жыцьцё вечнае ў будучым веку.

А многа першых будуць апошнімі, й апошніх — першымі.
 
І многія першыя будуць апошнімі, і апошнія — першымі".

І былі яны ў дарозе, ідучы ў Ерузалім. Езус ішоў перад імі, а яны зумяваліся ды, йдучы за ім, жахаліся. І, ўзяўшы зноў дванаццацёх, пачаў ім гаварыць, што з ім станецца.
 
І былі ў дарозе ў Ерузалім, і Езус ішоў перад імі, а яны, за Ім ідучы, дзівіліся і былі ў страху. І паклікаў зноў Дванаццаць ды пачаў казаць, што мае стацца:

Што вось увайходзім у Ерузалім і Сын чалавечы будзе выданы першасьвятаром. і асудзяць яго на сьмерць, ды выдадуць яго паганам;
 
"Вось жа ўваходзім у Ерузалім; і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасьвятарам і кніжнікам, і асудзяць Яго на сьмерць, і выдадуць паганам,

і будуць здзекавацца над ім, і плявацімуць на яго, й бічавацімуць, ды заб’юць яго, а на трэці дзень згробуўстане.
 
і будуць з Яго зьдзекавацца і пляваць на Яго, будуць бічаваць Яго ды заб'юць Яго, але праз тры дні Ён уваскрэсьне".

Тады падыйходзяць к яму Якуб і Ян, сыны Зэбэдэевы, кажучы: Вучыцелю, мы хочам, каб ты зрабіў нам, чаго папросім.
 
І падыйшлі да Езуса Якуб і Ян, сыны Зэбэдэевы, кажучы: "Вучыцель, хочам, каб зрабіў нам, пра што будзем прасіць Цябе".

Ён-жа гавора ім: А што-ж вы хочаце, каб я вам зрабіў?
 
Спытаўся ў іх: "Што хочаце, каб Я вам зрабіў?"

Кажуць: Дай нам, каб сядзець ля цябе аднаму праваруч, а другому леваруч, у славе тваёй.
 
Яны ж сказалі: "Дай нам, каб сядзець у Цябе аднаму па правым баку, а другому — па левым у хвале Тваёй".

Езус-жа адказвае ім: Ня ведаеце, чаго просіце. Ці вы зможаце піць кіліх, што я п’ю, або быць хрышчанымі хростам, якім я хрышчуся?
 
Езус жа кажа ім: "Ня ведаеце, пра што просіце. Ці ж можаце піць келіх, які Я п'ю, або хрысьціцца хростам, якім Я хрышчуся?"

Яны гавораць яму: Можам. Езус-жа кажа ім: Кіліх, які п’ю, то вы піць будзеце, і хрос-там, якім я хрышчуся, будзеце хрышчаны;
 
Яны адказалі Яму: "Можам". Езус кажа ім: "З келіха, з якога Я п'ю, будзеце, піць, ды хростам, якім Я хрышчуся, будзеце ахрышчаны.

адыж сядзець праваруч, або леваруч, ня мне даваць вам, але каму прыгатавана.
 
Але сядзець з правага боку Майго або з левага ня Мне даваць вам, але каторым прыгатавана".

А пачуўшы дзесяцёх, пачалі сярдаваць на Якуба і Яна.
 
Чуючы ж гэта, дзесяць пачалі абурацца на Якуба і Яна.

Езус-жа, паклікаўшы іх, сказаў ім: Вы ведаеце, што тыя, якія ўважаюцца валадарамі народаў, пануюць над імі, а іхнія князі маюць над імі ўладу.
 
І, паклікаўшы іх, Езус кажа: "Ведаеце, што тыя, каторыя ўважаюцца за валадароў народаў, пануюць над імі, ды князі іхнія маюць уладу над імі.

А між вамі ня гэтак; але хто-б хацеў быць вялікшым, будзе вашым слугою;
 
Ня так будзе паміж вамі, але хто хацеў бы быць сярод вас большым, хай будзе вашым слугою.

і хто-б хацеў быць між вамі першым, будзе ўсім слугою.
 
І хто хацеў бы ў вас быць першым, хай будзе слугою ўсіх.

Бо і Сын чалавечы ня прыйшоў, каб яму служылі, але каб служыць і даць душу сваю на выкуп за многіх.
 
Бо і Сын Чалавечы не прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і даць душу сваю на адкупленьне многіх".

І прыйшлі ў Ерыхон. А калі ён выйходзіў з Ерыхону і ягоныя вучні ды вялікая грамада, сядзеў пры дарозе жабруючы сьляпы Бартымей, сын Тымея.
 
І прыходзяць у Ерыхон. І калі Ён выходзіў з Ерыхону разам з вучнямі сваімі і вялікай грамадой, сьляпы Бартымей, сын Тымея, сядзеў пры дарозе і жабраваў.

Ён, пачуўшы, што ёсьць Езус Назарэнскі, пачаў крычма казаць: Езусе, сыне Давіда, зжалься нада мною!
 
Пачуўшы, што гэта Езус з Назарэту, пачаў крычаць і прасіць: "Езусе, сыне Давідаў, зжалься нада мной!"

І многія сварыліся на яго, каб маўчаў. Але ён яшчэ болей крычаў: Сыне Давідавы, зжалься нада мною!
 
І сварыліся многія на яго, каб маўчаў. Але ён тым мацней крычаў: "Сыне Давідаў, пашкадуй мяне!"

І Езус, прыпыніўшыся, загадаў паклікаць яго. Пазвалі сьляпога, кажучы яму: Ня бойся, ўставай, кліча цябе.
 
І Езус спыніўся, і казаў яго паклікаць. Дык паклікалі сьляпога і сказалі яму: "Будзь добрай надзеі, устань, кліча цябе".

Ён схапіўся, пакінуўшы сваю вопратку, прыйшоў к яму.
 
Ён, скінуўшы плашч свой, падняўся і прыйшоў да Езуса.

І ў адказ яму сказаў Езус: Што хочаш, каб я зрабіў табе? А сьляпы гавора яму: Вучыцель, каб мне відзець.
 
Езус спытаўся ў яго: "Што хочаш, каб Я табе ўчыніў?" Сьляпы адказаў Яму: "Раббоні, каб мне бачыць".

Кажа яму Езус: вера твая цябе аздаравіла. І зараз жа відзеў ды пайшоў за ім дарогаю.
 
І Езус кажа яму: "Ідзі, вера твая аздаравіла цябе". І зараз ж стаў бачыць і пайшоў за Ім дарогаю.