1 Пятра 1 разьдзел

Першае пасланьне Пятра
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Л. Дзекуць-Малея

 
 

Пётр Апостал Езуса Хрыстуса прыбышом, расьцярушаным у Понце, Галяцыі, Кападоцыі, Азіі й Бітыніі,
 
Пётра, Апостал Ісуса Хрыста, — выбраным захаджэнцам, расьцярушаным у Поньце, Галятыі, Каппадокіі, Азіі й Вітыніі,

выбраным водля праведы Бога Айца, для пасьвяцін Духа, для послуху й акроплення крывёй Езуса Хрыстуса: ласка і супакой у вас хай памножацца.
 
згодна з прадве́даньнем Бога Айца, праз асьвячэньне ад Духа, дзеля паслухмянасьці й акрапле́ньня крывёю Ісуса Хрыста: няхай памножыцца вам ласка і мір!

Багаслаўлёны Бог і Айцец Ўсеспадара нашага Езуса Хрыстуса, што зь вялікага міласэрдзя свайго адрадзіў нас к жывой надзеі згробуўстаннем Езуса Хрыстуса (Кор. 1:3),
 
Багаслаўлены Бог і Аце́ц Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які праз вялікую ласку Сваю адрадзіў нас ускрасе́ньнем Ісуса Хрыста з мёртвых дзеля жывое надзе́і,

на нетлую няткнённую плямай і нявянучую спадчыну, ў небе захаваную вам,
 
дзеля спадчыны нятле́ннае, бяз сказы, што не завяне й захавана на нябёсах для вас,

сілаю Божаю сьцеражоным празь веру для збаўлення, гатовага аб’явіцца ў вапошняй часіне.
 
сілаю Божаю праз ве́ру аховываных дзеля выбаўле́ньня, што гатова адкрыцца ў астатні час!

З гэтага цешцеся, крыху цяпер патужыўшы, калі трэба, ад розных спакусаў,
 
З гэтага це́шцеся, крыху цяпер (калі трэба) ад розных спакусаў патужыўшы,

каб выпрабаванне веры вашай, шмат каштаўнейшай за гібнучае, хоць і вагнём прабаванае, золата аказалася на хвалу і чэсьць і славу ў аб’яве Езуса Хрыстуса,
 
каб выпрабаваная ве́ра вашая, шмат каштаўне́йшая за гібнучае, хоць і агнём прабаванае золата, аказалася на хвалу і чэсьць і славу ў адкрыцьці Ісуса Хрыста,

якога, ня бачыўшы, любіце і ў якога, не аглядаючы, верыце, а веручы будзеце радавацца нявымоўнаю і слаўлёнаю радасьцю,
 
Якога, ня бачыўшы, любіце і, хоць ня гле́дзячы на яго, але ве́ручы ў Яго, радуецеся радасьцю нявымоўнаю і найслаўне́йшаю,

дасягаючы мэты вашай веры: збаўлення душ.
 
дасягаючы нарэшце ве́раю вашаю збаўле́ньня душ.

Таго збаўлення, аб якім дапытваліся й гадалі прарокі, запавяшчаючыя будучую ў вас ласку,
 
Гэтага то збаўле́ньня шукалі й дапытываліся прарокі, якія прадвяшчалі вызначаную вам ласку,

дасьцейваючыя на каторы або на які час меціў у іх дух Хрыстовы, прадвяшчаючы цярпенні Хрыстуса й за імі сьледуючую славу;
 
даходзячы, на калі і ў які час паказваў у іх Дух Хрыстовы, прадвяшчаючы мукі Хрыстовыя і славу за імі.

каторым было аб’яўлена, што не самым сабе, але вам выконывалі паслугу запавесьці выглашанага цяпер праз прапаведваўшых Эванэлію Духам Сьвятым, зь неба зысланым, у што й Анёлы жадаюць пранікнуць.
 
Ім было адкрыта, што ня ім, а нам служыла абве́шчанае вам сягоньня тымі, якія нясьлі вам добрую ве́сьць праз Духа Сьвятога, пасланага з нябёсаў, у што навет Ангелы жадаюць пранікнуць.

Падперазаўшы восьжа паясьніцы розуму вашага, бадзёрцеся й шчыра спадзявайцеся на падаваную вам ласку ў аб’яўленні Езуса Хрыстуса.
 
Дзеля гэтага, падперазаўшы паясьніцы розуму вашага, чувайце й да канца спадзявайцеся на ласку, што прыносіцца вам у адкрыцьці Ісуса Хрыста.

Як паслухмяныя дзеці, ня кіруйцеся вашымі ранейшымі похацямі няведы вашай;
 
Як послухмяныя дзе́ці, ня кіруйцеся ране́йшымі вашымі пажаданьнямі ў няве́даньні вашым;

але за прыкладам паклікаўшага вас Сьвятога, будзьце й самы сьвятымі ў ва ўсіх дачыненях;
 
але, па прыкладу паклікаўшага вас сьвятога, і самі будзьце сьвятымі ў-ва ўсіх учынках.

напісана бо : Будзьце сьвятымі, бо-ж Я сьвяты ёсьць (Із. 19:2).
 
Бо напісана: будзьце сьвятыя, бо Я сьвяты (Лявіт 19:2).

І калі Айцом завяце Таго, Каторы судзіць ня водля мілапозірку, а водля дзела кажнага, дык із боязьзю праводзіць вандраванне вашае;
 
І калі называеце Айцом Таго, Хто судзіць кожнага паводле дзе́ла яго, ня ўзіраючыся на аблічча ягонае, дык са страхам праводзьце час бытаваньня вашага,

ведаючы, што не сярабром і золатам тлелым вы адкуплены ад нікчомага жыцьця, пераказанага вам бацькамі,
 
ве́даючы, што не трухле́ючым серабром ці золатам адкуплены вы ад марнага жыцьця, данага вам ад айцоў,

але найдаражэйшаю крывёю Хрыстуса, як прачыстага, няткнёнага плямаю ягняці,
 
але многацэннаю крывёю Хрыста, як чыстага агняці бяз сказы,

прадугледжанага шчэ да стварэння сьвету, а зьявіўшагася ў вапошніх часах для вас,
 
празначанага яшчэ да стварэньня сьве́ту, але зьявіўшагася ў апошнія часы дзеля вас,

уверыўшых празь Яго ў Бога, Які збудзіў Яго зь мяртвых і даў яму славу, каб вы мелі веру й надзею на Бога.
 
паве́рыўшых праз Яго ў Бога, Які ўскрасіў Яго з мёртвых і даў Яму славу, каб была ве́ра ваша й надзе́я на Бога.

Ачысьціўшы душы вашыя ў послусе праўдзе праз Духа, ў братняй любасьці шчырай, любеце адзін другога заўсёды з чыстага сэрца,
 
Паслухмянасьцяй праўдзе праз Духа ачысьціўшы душы вашыя дзеля некрывадушнае любві братняе, заўсёды любе́це адзін аднаго ад чыстага сэрца,

як адроджаныя ня з тлелага насення, але зь нетлі, з Божага слова, жывога й трываючага навекі.
 
як адроджаныя ня з тле́ючага насеньня, але з нятле́ннага, праз слова Бога Жывога і прабываючага даве́ку.

Бо ўсякае цела — бы трава, а ўсякая слава чалавека, моў травяны цьвет: засохла трава і цьвет ейны апаў (Экл. 14:8; Із. 40:6−8; Як. 1:10);
 
Бо ўсякае це́ла, як трава, і ўсякая слава чалаве́чая, як цьве́т на траве́: засохла трава, і цьве́т яе́ апаў;

слова-ж Госпадава трывае навекі. А гэта й ёсьць тое слова, якое вам абвешчана.
 
але слова Госпадавае трывае даве́ку (Ісая 40:6−8). А гэта й ёсьць тое слова, якое вам абве́шчана.