Якава 1 разьдзел
Пасланьне Якава
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Л. Дзекуць-Малея
Якуб слуга Бога і Ўсеспадара нашага Езуса Хрыстуса дванаццаці пакаленням, што знайходзяцца ў расцярушэнні, прывет.
Якуб, раб Бога і Госпада Ісуса Хрыста, — дванаццацём родам, што расьцярушаны, — ра́давацца!
Лічэце сабе за вялікую радасьць, браты мае, калі рожныя спакусы вас агорнуць,
З вялікаю радасьцяй прымайце (гзта), браты маі, калі папада́еце ў розныя спакушэньні,
ведаючы, што дазнанне веры вашай творыць вытрываласьць;
ве́даючы, што выпрабаваньне вашае ве́ры вытварае цярплівасьць;
а вытрываласьць гэта дзеля дасканалячае, каб вы былі поўнадасканальнымі без ніякіх недахопаў.
цярплівасьць жа няхай мае закончанае дзе́ла, каб вы былі закончанымі й поўнымі, бяз ніякае нястачы.
І калі хто з вас патрабуе мудрасьці няхай просіць у Бога, шчодра даючага без дакораў, і дасцца яму.
Калі-ж у каго з вас не хапае мудрасьці, няхай просіць у Бога, які дае́ ўсім проста і без дакораў, — і будзе яму дадзена.
Але хай просіць зь вераю бязь ценю сумніву; хто бо сумняваецца, падобны марской хвалі, ветрам падыманай ды ганянай.
Але няхай просіць з ве́раю, ані не сумляваючыся, бо той, хто сумляваецца, падобны да марское хвалі, якую ве́цер уздыймае й разьбівае.
Гэткі чалавек хай не спадзяецца атрымаць што ад Бога.
Дык няхай ня думае гэткі чалаве́к, што не́шта дастане ад Госпада.
Двудушны муж хісткі ёсьць на ўсіх шляхох сваіх.
Двудушны чалаве́к няцьвёрды на ўсіх сваіх шляхох.
Хай ганарыцца брат пакорны высокасьцю сваёю;
Няхай жа хваліцца паніжаны брат сваей высокасьцяй,
а багаты — сваёю нізкасьцю, праміне бо як той квет на траве:
а багаты сваім паніжэньнем, бо праміне́, як цьве́т на траве́.
узыйдзе сонца, настане сьпека, высушыць траву і квет ападае, краса выгляду ягонага нікне; так вяне і багаты на сваіх шляхох.
Бо ўзыйшло сонца са сьпе́кай і высушыла траву, і цьве́т яе́ апаў, і хараство аблічча яе счэзла; гэтак і багаты на шляхох сваіх завяне.
Шчасьлівы муж, які вытрымоўвае спакусу, бо-ж калі быў выпрабаваны, атрымае вянец жыцьця, які абяцаў Бог Любячым Яго.
Шчасьлівы чалаве́к, які выдзе́ржывае спакусу, бо, як выпрабаваны, ён дастане вянок жыцьця, што абяцаў Госпад тым, хто любіць Яго.
Ніхто ў спакусе хай не кажа: Бог мяне спакушае; Бог бо не спакушаецца злом і Сам нікога ня кусіць.
У часе спакушэньня ніхто хай ня кажа: Бог мяне́ спакушае; бо Бог не спакушаецца злом, і сам нікога не спакушае.
Але кажны спакушаецца поцягам і прывабай свае похаці.
А кожны спакушаецца, захоплены й прываблены ўласным пажаданьнем;
Похаць-жа, зачаўшы, родзіць грэх; а грэх дакананы родзіць сьмерць.
а пасьля пажаданьне, зачаўшы, спараджае грэх, а зроблены грэх спараджае сьме́рць.
Дык не манеце сабе, браты найдаражэйшыя:
Не баламуцьцеся, браты маі ўмілаваныя:
ўсякае найлепшае дарэнне і ўсякі дасканальны дар згары ёсьць, зыйходзіць ад Айца сьвятла, ў якога няма зьменнасьці ані ценю перамены;
кожнае добрае даньнё і кожны дасканалы дар зыходзе з вышыні, ад Айца сьве́тласьцяў, у Якога няма адме́ны, ані зьме́ннасьці.
з уласнае бо волі радзіў нас словам праўды, каб мы былі нейкім начаткам яго стварэння.
Захаце́ўшы, спарадзіў нас словам праўды, каб быць нам нейкім пачаткам тварэньняў Яго.
Вы гэта ведаеце, браты мае мілыя. Хай, восьжа, кажны чалавек хуткі будзе да слухання, а спавольны да гутаркі й спавольны да гневу.
Дык вось, браты маі ўмілаваныя, усякі чалаве́к няхай будзе хуткі паслухаць, павольны гаварыць, няскоры гне́вацца,
Гнеў бо да справядлівасці Божай ня спрычыняецца.
бо гне́ў чалаве́ка ня творыць праўды Божае.
Таму, адкінуўшы ўсялякую нечысьць ды лішнюю злосьць, з лагоднасьцю прыймайце ўсеванае слова, могучае збавіць вашыя душы.
Дзеля гэтага, адклаўшы ўсякі бруд і астачу злосьці, у пакоры прыме́це насаджа́нае слова, што душы вашыя збавіць можа.
Будзьце выканальнікамі слова, а не слухачамі толькі, ашукваючымі сябе.
Будзьце-ж выпаўніцелямі слова, а не слухача́мі толькі, ашуківаючымі самых сябе́.
Бо калі хто слухае слова ды ня выконвае, той падобны да чалавека, што прызіраецца ў люстры прыроднаму абліччу:
Бо хто слухае слова і не выпаўняе, той падобны да чалаве́ка, які разглядае прыраджонае аблічча свае́ ў люстры:
ён азірнуў сябе і адыйшоў ды зараз забыўся, якім быў.
ён паглядзе́ў на сябе́ і адыйшоўся, ды ўраз жа забыўся, які ён.
А хтоб пранік дасканалы закон вольнасьці ды вытрываў быў ім, ня слухачом забудчывым стаўшыся, але выканальнікам дзела, той шчасьлівы будзе ў чыне сваім.
Але хто ўглыбляецца ў дасканалы закон свабоды і трывае ў ім, той, стаючыся не слухачом забываючымся, але выпаўніцелем дзе́ла, шчасьлівы будзе ў дзе́яльнасьці.
Каліж хто думае, што ён пабожны, ня сутрымоўваючы языка свайго, але абласучваючы сэрца сваё, таго пабожнасьць пустая.
Калі хто сярод вас думае, што ён багабойны, ды не закелза́е языка свайго, але ашуківае сэрца свае́, у таго багабойнасьць пустая.
Чыстай і беззаганнай перад Богам і Айцом ёсьць тая пабожнасьць: каб вясьці догляд сірат і ўдоваў, а сябе ўсьцярэгчы неапаганеным ад гэтага сьвету.
Чыстая і беззаганная багабойнасьць перад Богам Айцом — у тым, каб даглядаць сірот і ўдоваў у горы іх і дзяржацца неапага́неным ад сьвету.