Мацьвея 6 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Сабілы і Малахава

 
 

Высьцерагайцеся даваць субожыну вашу перад людзьмі, каб яны бачылі вас, ато ня будзеце мець нагароды ад Айца вашага, што ёсьць у небе.
 
Глядзеце, ня рабеце міласьціны вашай перад людзьмі з тым, каб яны бачылі, інакш ня маеце ўзнагароды перад Ба́цькам вашым, Які ў Нябёсах.

Дык ты, калі абдараеш, ня трубі перад сабою, як гэта робяць крывадушнікі ў бажніцах і на вуліцах, каб хвалілі іх людзі. Сапраўды кажу вам: яны атрымалі сваю заплату.
 
Калі ж робіш міласьціну, ня трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сынагогах і на вуліцах, каб быць пахваляемымі людзьмі. Праўду кажу вам: (яны ўжо) атрымоўваюць поўную ўзнагароду сваю.

А ты, як робіш дарэнне, хай левая рука твая ня ведае, што робіць правая,
 
Але ў цябе, калі робіш міласьціну, ня павінна ведаць левая (рука) твая, што робіць правая (рука) твая,

каб дарэнне тваё было ў скрытнасьці, і Айцец твой, які бачыць у скрытнасьці, аддасьць табе.
 
каб была міласьціна твая ў тайне; і Ба́цька твой, Які бачыць тайны, Ён аддасьць табе яўна.

І калі моліцеся, ня будзьце, як крывадушнікі, якія любяць у бажніцах і на вуглох вуліц стоячы маліцца, каб іх людзі бачылі; сапраўды кажу вам: яны атрымалі сваю нагароду.
 
І калі молішся, ня будзь як крывадушнікі, бо яны любяць у сынагогах і на рагох вуліц, спыніўшыся, маліцца, каб іх убачылі людзі. Праўду кажу вам, што яны (ужо) атрымоўваюць поўную ўзнагароду сваю.

А ты як молішся, ўвайдзі ў сьвятліцу сваю і, зачыніўшы дзьверы, маліся да Айца твайго ў скрытнасьці і Айцец твой, які бачыць утоенае, аддасьць табе.
 
Ты ж, калі молішся, зайдзі ў пакой твой, і, зачыніўшы дзьверы твае, памаліся Ба́цьку твайму, Які ў тайне; і Ба́цька твой, Які бачыць тайну, аддасьць табе яўна.

А молячыся не гаварэце лішне, як пагане, бо яны думаюць, што ў многаслоўі сваім будуць выслуханы.
 
А молячыся ня гаварыце лішняга, як пагане: бо яны думаюць, што ў многаслоўі сваім будуць пачутыя.

Ня будзьце падобны да іх, бо ваш Айцец ведае, чаго вам трэба, перш, чым у яго папросіце.
 
Ня будзьце ж падобнымі ім. Бо ведае Ба́цька ваш, якую маеце патрэбу, раней вашага прашэньня (ў) Яго.

Малецеся-ж вось гэтак: Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё,
 
Пагэтаму вы маліцеся гэтак: Тата наш, Які (ёсьць) на Нябёсах! Няхай сьвяціцца Імя Тваё;

прыдзі валадарства Тваё, будзь Твая воля, як у небе, так і на зямлі.
 
хай прыйдзе Валадарства Тваё; хай будзе Воля Твая, як на Небе, (так) і на зямлі;

Хлеба нашага штодзеннага дай нам сяння.
 
хлеб наш штодзённы дай нам сягоньня.

і адпусьці нам віны нашы, як і мы адпушчаем вінаватым нашым
 
І даруй нам грахі нашыя, як і мы даруем даўжніком нашым.

і ня ўводзь нас у пакусу, але збаў нас ад злога. Амэн.
 
І ня ўводзь нас у спакусу, але захавай нас ад злога, бо Тваё ёсьць Валадарства, і Сіла, і Слава на векі. Амін.

Бо калі вы адпусьціце людзям віну іхнюю, то і вам адпусьціць Айцец ваш нябесны праступкі вашы.
 
Бо калі (вы) даруеце людзям правіны іхныя, (то) даруе і вам Ба́цька ваш Нябесны.

А калі не даруеце людзям, то і Айцец ваш не даруе вам правінаў вашых.
 
Калі ж (вы) ня даруеце людзям правінаў іхных, таксама Ба́цька ваш ня даруе правінаў вашых.

А як посьціце, ня будзьце, як крывадушнікі, гмырлівыя, бо яны насупліваюць сваё аблічча, каб паказацца перад людзьмі, што посьцяць. Папраўдзі кажу вам, яны дасталі нагароду сваю.
 
Калі ж посьціце, ня будзьце, як крывадушнікі, панурымі. Бо яны азмрочваюць абліччы свае, каб быць заўважанымі людзьмі, што посьцяць. Праўду кажу вам, што (яны) ужо атрымоўваюць сваю поўную ўзнагароду.

А ты, калі посьціш, намасьць галаву сваю ды абмый твар свой,
 
Ты ж, посьцячы, памаж галаву тваю і ўмый аблічча тваё,

каб ня людзям паказацца посьцячым, але Айцу свайму, які ёсьць у скрытнасьці, і Айцец твой, што відзіць у скрытнасьці, аддасьць табе.
 
каб ня быць заўважаным людзьмі, што посьціш, але Ба́цькам тваім, Які (ёсьць) у тайным, і Ба́цька твой, Які бачыць у тайным, аддасьць табе яўна.

Ня збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе іржа і моль з’ядае, ды дзе зладзеі падкопваюць і крадуць,
 
Ня зьбірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і іржа нішчаць, і дзе злодзеі падкапваюцца і краду́ць:

але збірайце скарбы ў небе, дзе ані іржа, ані моль ня глуміць і дзе зладзеі не крадуць.
 
а зьбірайце сабе скарбы на Небе, дзе ні моль, ні іржа ня нішчаць, і дзе злодзеі ня падкапваюцца і ня краду́ць.

Бо дзе скарб твой, там і сэрца тваё.
 
Бо дзе ёсьць скарб ваш, там будзе і сэрца вашае.

Светачам цела твайго ёсьць тваё вока. Калі вока тваё будзе шчырае, то ўсё цела тваё будзе сьветлае.
 
Сьветачам цела ёсьць вока. Дык вось, калі ж вока тваё ёсьць чыстае, (то) усё цела тваё будзе поўным сьвятла.

А калі вока тваё будзе нягоднае, то ўсё цела тваё будзе цёмнае. Дык калі сьвятло, што ў табе, ёсьць цемрай, то якая-ж вялікая будзе сама цемра?
 
Калі ж вока тваё нягоднае, то ўсё цела тваё будзе ў цемры. Калі ж сьвятло, якое ў табе, ёсьць цемра, то тады якая сапраўдная цемра?

Ніхто ня можа двом паном служыць, бо або аднаго ненавідзеціме, а другога любіціме, або да аднаго прыхінецца, а другога зняхаіць. Ня можаце Богу служыць і мамоне.
 
Ніхто ня можа служыць двум пана́м: бо альбо аднаго зьнянавідзіць, а другога будзе любіць; альбо аднаго будзе трымацца, а другім будзе грэбаваць. Ня можаце служыць Богу і мамоне.

Вось чаму і кажу вам: ня журэцеся аб жыцьці вашым што будзеце есьці, ані аб целе вашым у вошта адзецца. Ці-ж душа не важнейшая за пажыву, а цела за адзежу?
 
Пагэтаму кажу вам: нічуць ня турбуйцеся аб умовах жыцьця вашага, што вам есьці і што вам піць; ні аб целе вашым, што вам апрануць. Душа ёсьць больш за яду, а цела больш за вопратку.

Паглядзеце на птушкі нябесныя, што ня сеюць, ані жнуць, ані збіраюць у сьверні, адыж Айцец ваш нябесны корміць іх. Ці-ж вы ня варты многа болей за іх?
 
Гляньце на птушак нябесных: ня сеюць, ня жнуць, і ня зьбіраюць у сьвірны, а Ба́цька ваш Нябесны корміць іх. Ці ж вы ня намнога лепшыя за іх?

Дый хто з вас можа сваёю турботай дадаць да ўласнага ўзросту адзін локаць?
 
Хто ж сярод вас, турбуючыся, можа дадаць да росту свайго (хаця бы) локаць адзін?

І аб адзенні нашто турбавацца? Гляньце на лілеі ў полі, як яны растуць: не працуюць, не прадуць;
 
І пра вопратку што турбуецеся? Паглядзеце на палявыя лілеі, як яны растуць: ня працуюць, ня прадуць;

а я вам кажу, што і Салямон ва ўсёй славе сваёй ня быў гэтак адзеты, як адна з іх.
 
а (Я) кажу вам, што і Салямон ува ўсёй славе сваёй ня апранаўся так, як кожная зь іх.

Калі-ж палявую траву, якая сяння ёсьць, а заўтра кідаецца ў печ, Бог так адзяе, то куды болей вас малаверных?
 
Калі ж траву палявую, якая сягоньня ёсьць, а заўтра будзе ўкінена ў печ, Бог гэтак адзявае, наколькі ж болей вас, малаверы!

Дык не клапацецеся, кажучы: «Што будзем есьці, або што будзем піць, ці ў вошта адзявацімемся?»
 
Дык вось, ня турбуйцеся і ня кажэце: што нам есьці? і што нам піць? і што нам апрануць?

бо ўсяго гэтага пагане шукаюць. Дый Айцец ваш ведае, што ўсяго гэтага вам патрэба.
 
Бо ўсяго гэтага шукаюць пагане. Бо Ба́цька ваш Нябесны ведае, што (вы) маеце патрэбу ва ўсім гэтым.

Дык шукайце перш валадарства Божага й справядлівасьці яго, а гэнае ўсё будзе вам дададзена.
 
Шукайце ж перш Валадарства Бога і праведнасьці Ягонай, і гэта ўсё будзе прыложана вам.

Вось-жа ня турбуйцеся пра заўтрашняе, бо заўтрашні дзень сам аб сабе турбавацімецца. Хопіць на кожын дзень свае бяды.
 
Дык вось, ня турбуйцеся пра заўтрашні дзень, бо заўтрашні дзень патурбуецца сам за сябе: досыць кожнаму дню свайго клопату.