Мацьвея 18 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Сабілы і Малахава
У тую часіну прыступіліся да Езуса вучні, кажучы: Хто, думаеш, ёсьць большы ў валадарсьцьве нябесным?
У той час прыступіліся вучні да Ісуса, кажучы: дык хто большы ў Валадарстве Нябёсаў?
Езус, прыклікаўшы дзіцянё, паставіў пасярод іх
І, паклікаўшы дзіця, Ісус паставіў яго пасярод іх
і кажа: Сапраўды гавару вам, калі не навернецеся і не станеце як дзеці, ня ўвойдзеце ў валадарства нябеснае.
і сказаў: праўду кажу вам, калі ня навернецеся і ня будзеце, як дзеці, ня ўвойдзеце ў Валадарства Нябёсаў.
Дык хто-б паніжыў сябе, як гэта дзіцятка, той большы ў валадарсьцьве нябесным.
Пагэтаму хто ўмалíць сябе як гэтае дзіця, той ёсьць большы ў Валадарстве Нябёсаў.
І хто прыняў-бы адно гэткае дзіця ў імя маё, мяне прыймае.
І калі хто прыйме адно гэткае дзіця ў Імя Маё, Мяне прыймае.
А хто-б згоршыў адно з гэтых малых, што ў мяне вераць, лепш яму, камень з мліна ўчапіць за шыю ды ўтапіць у глыбі марской.
А хто спакусіць аднаго з малых гэтых веручых у Мяне, лепш (было бы) яму, каб яму павесілі на шыю млынавы жо́ран і каб ён быў утоплены на глыбіні мора.
Гора сьвету ад згаршэнняў; бо хоць мусяць прыйсці згаршэнні, аднакжа гора таму чалавеку, праз якога згаршэнне прыйходзіць.
Гора сьвету ад спакусаў: бо спакусы мусяць прыйсьці; але гора таму чалавеку празь якога спакуса прыходзіць.
Калі-ж рука твая, або нага твая цябе горшыць, адатні яе ды адкінь ад сябе: лепш табе ўвайсьці ў жыцьцё калекім, ці кульгавым, чым, маючы абедзьве рукі або абедзьве нагі, быць укінутым у вагонь вечны.
Калі ж рука твая ці нага твая спакушае цябе, адсячы іх і кінь ад сябе: лепш табе ўвайсьці ў жыцьцё бяз рукі ці бяз нагі, чым зь дзьвюма рукамі ці дзьвюма нагамі быць укінутым у вагонь вечны.
І калі вока тваё спакушае цябе, вырві яго і адкінь ад сябе: лепш табе з адным вокам увайсьці ў жыцьцё, чымся, маючы двое вачэй, быць укінутым у гэгэнну (gehennu) вагністую.
І калі вока тваё спакушае цябе, вырві яго і кінь ад сябе: лепш табе з адным вокам увайсьці ў жыцьцё, чым зь двума вачыма быць укінутым у геенну вогненную.
Глядзеце, каб не пагарджаць ніводным з гэтых малых, бо кажу вам, анёлы іх у небе заўсёды бачаць воблік Айца майго, каторы ёсьць у небе.
Глядзеце, ня пагарджайце ніводным з малых гэтых; бо кажу вам, што Ангелы іхныя на Нябёсах заўсёды бачаць Аблічча Ба́цькі Майго, Які (ёсьць) на Нябёсах.
Сын бо чалавечы прыйшоў збавіць што было загінена.
Бо прыйшоў Сын Чалавечы выратаваць загінуўшае.
Як вам здаецца? Калі-б у каго было сто авец і адна з іх заблукалася, то ці не пакіне ён дзевяцьдзесят дзевяць у горах ды ня пойдзе шукаць тае, што адбілася?
Як вам здаецца? Калі б у нікаторага чалавека было сто авечак і заблудзілася адна зь іх, то ці ня пакінуў бы ён у гарах дзявяноста дзевяць і ці ня пайшоў бы шукаць заблудзіўшуюся?
І калі ўдасцца яму знайсці яе, сапраўды кажу вам, ён больш цешыцца зь яе, чым з дзевяцьдзесят дзевяці незаблуканых.
І калі б сталася знайсьці яе, праўду кажу вам: ён радуецца за яе больш, чым за дзявяноста дзевяць ня заблудзіўшыхся.
Гэтак вось ня ёсьць воляй Айца вашага, каторы ёсьць у небе, каб згінуў адзін з гэтых малых.
Пагэтаму няма Волі Ба́цькі вашага, Які (ёсьць) на Нябёсах, каб загінуў адзін з малых гэтых.
А калі-б зграшыў супроць цябе брат твой, ідзі і напамінай яго між табою й ім адным; як паслухае цябе, здабудзеш брата твайго.
І калі саграшыў супраць цябе брат твой, ідзі і дакары яго між табою і ім адным, калі паслухаецца цябе, то здабыў ты брата твайго.
Калі-ж не паслухае цябе, вазмі з сабою яшчэ аднаго ці двух, каб вуснамі двух або трох сьветкаў сьцьвярдзілася кожнае слова.
Калі ж ня паслухаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго ці двох, каб вуснамі двох ці трох сьведкаў было пацьверджана кожнае (сказанае) слова.
Калі-б іх не паслухаў, скажы эклезіі, а калі-б эклезіі не паслухаў, няхай будзе табе як паганін і кунойміт.
Калі ж ня паслухаецца іх, скажы царкве, калі ж і царквы ня паслухаецца, няхай будзе ён табе, як пага́нін і мытнік.
Сапраўды кажу вам, што-толькі звяжаце на зямлі. будзе звязана і ў небе, і што-толькі развяжаце на зямлі, будзе развязана і ў небе.
Праўду кажу вам: усё, што зьвяжаце на зямлі, будзе зьвязана на небе; і ўсё, што разьвяжаце на зямлі, тое будзе разьвязана на небе.
Яшчэ кажу вам, калі-б двух з вас згадзілася на зямлі адносна кожнай рэчы, якую-толькі папросяць, станецца ім ад Айца майго, каторы ёсьць у небе.
Яшчэ кажу вам: калі двое з вас на зямлі прыйдуць да згоды аб кожную рэч, (дык) чаго б ні папрасілі, будзе ім ад Ба́цькі Майго, Які (ёсьць) на Нябёсах.
Бо дзе двух, або трох сышліся ў імя маё, там я сярод іх.
Бо дзе ёсьць двое ці трое, сабраныя дзеля Майго Імені, там Я сярод іх.
Тады Пётр, прыступіўшы да яго, сказаў: Усеспадару, колькі разоў, як правініцца супроць мяне брат мой, маю дараваць яму? Ці аж да сямі разоў?
Тады Пётра падыйшоўшы да Яго сказаў: Госпадзе! Колькі разоў дараваць брату майму, калі саграшыць супраць мяне? да сямі разоў?
Кажа яму Езус: Не гавару табе: аж да сямі разоў, але аж да сямідзесяці сямі разоў.
Ісус кажа яму: ня кажу табе: да сямі разоў, але да сямідзясяці разоў па сем.
Тым-то й падобнае валадарства нябеснае да чалавека гаспадара, які хацеў разрахавацца із сваімі слугамі.
Пагэтаму Валадарства Нябёсаў упадоблена чалавеку валадару, які захацеў зрахавацца з рабамі сваімі.
І калі пачаў ён разрахоўвацца, прывялі яму аднаго, што быў вінаваты яму дзесяць тысяч талентаў.
Калі ж ён пачаў рахавацца, быў прыведзены да яго адзін даўжнік, які (вінен быў) дзесяць тысяч талантаў.
А як ён ня меў чым аддаць, гаспадар той загадаў прадаць яго, і жонку ягону, й дзяцей, і ўсё што меў, ды аддаць.
А як ён ня меў чым заплаціць, ягоны гаспадар загадаў: прадаць яго, і жонку ягоную, і дзяцей, і ўсё, што (ён) меў, і заплаціць.
Тады слуга той маліў: пацярпі мне яшчэ, а ўсё табе аддам.
Тады раб той упаўшы пакланіўся яму, кажучы: валадару, пацярпі на мне і ўсё табе заплачу.
І зжаліўся гаспадар над гэным слугою, адпусьціў яго і дараваў яму доўг.
Валадар, зьлітаваўшыся над тым рабом, адпусьціў яго і доўг дараваў яму.
Гэны-ж слуга, выйшаўшы знайшоў аднаго із сваіх таварышаў, які быў яму вінават сто дэнараў і, схапіўшы, душыў яго, кажучы: аддай што вінават.
Выйшаўшы ж раб гэны знайшоў аднаго саслужбовага сябру свайго, каторы быў вінен яму сто дынараў і, схапіўшы яго, душыў, кажучы: аддай мне, што вінен.
Таварыш той, упаўшы да ног яго, маліў: пацярпі мне яшчэ, а ўсё табе аддам.
Тады саслужывец ягоны, упаўшы да ног ягоных, маліў яго, кажучы: пацярпі на мне, і ўсё аддам табе.
Адыж ён не схацеў, толькі пайшоў і пасадзіў яго ў вастрог, пакуль не аддасьць доўгу.
Ён жа ня хацеў (пацярпець), але пайшоўшы ўкінуў яго ў вязьніцу, пакуль ня аддасьць доўгу.
А таварышы ягоны, ўвідзеўшы што сталася, вельмі зажурыліся і прыйшлі расказалі свайму гаспадару ўсё што было сталася.
Убачыўшы ж стаўшаеся саслужыўцы ягоныя вельмі засмуціліся і, прыйшоўшы, расказалі валадару свайму ўсё, што сталася.
Тады ягоны гаспадар паклікаў яго і сказаў яму: Слуга нягодны! Я табе дараваў увесь доўг, затым што ты прасіў мяне,
Тады валадар ягоны паклікаўшы яго кажа яму: нягодны раб, увесь той доўг (я) дараваў табе, бо ты ўпрасіў мяне;
дык ціж ня сьлед было й табе зжаліцца над сваім таварышам, гэтак як я зжаліўся над табою?
ці ня належала і табе памілаваць саслужыўца твайго, як і я памілаваў цябе?
І засярдаваў гаспадар ягоны й аддаў яго катам, пакуль ня верне ўсяго доўгу.
І разгневаўшыся валадар ягоны аддаў яго ка́там, пакуль ня аддасьць усяго доўгу яму.
Так і Айцец мой нябесны зробіць вам, калі не адпусьціце кожны брату свайму з сэрцаў вашых.
Так і Ба́цька Мой Нябесны зробіць вам, калі ня даруеце кожны брату свайму ад сэрца свайго правінаў ягоных.