Біблія » Пераклады » Пераклад Ягора Прыстаўкі

Якуба 2 Пасланне Якуба 2 разьдзел

1 Браты мае, няхай наша вера ў слаўнага Госпада Ісуса Хрыста будзе пазбаўлена староннасці!
2 Дапусцім, прыйдзе на ваш сход чалавек у навюткім адзенні, з пярсцёнкам; прыйдзе таксама і бядняк у замурзаным адзенні.
3 А вы пагледзіце на таго, хто ў навюткім адзенні, і скажаце: “Сядай-ка тут, у добрым месцы”. А бядняку скажаце: “Ты стой там, або сядай {на падлозе}, ля маіх ног”.
4 Хіба {такім чынам} вы не раздзяляеце сваіх і не становіцеся суддзямі з благімі думкамі?
5 Паслухайце, браты мае ўлюбёныя! Хіба не Бог абраў бедных свету быць багатымі верай і спадкаемцамі царства, якое Ён абяцаў тым, хто Яго любіць?
6 А вы зняважылі беднага! Хіба не багатыя прыгнятаюць вас, ці ж не яны цягаюць вас у суды?
7 Хіба не яны ганьбяць прыўкраснае імя, якім вы названыя?
8 Аднак калі вы паводле Пісання выконваеце царскі закон: “Палюбі бліжняга свайго як самога сябе”, — добра робіце.
9 Калі ж вы зважаеце на асобы — вы грашыце, і закон абвінавачвае вас як парушальнікаў.
10 Бо кожны, хто выконвае ўвесь закон, але памыляецца ў чымсьці адным, становіцца вінаватым ва ўсім.
11 Таму што той, хто сказаў “Не чужалож!”, сказаў і “Не забі!”. Калі ж ты не чужаложыш, але забіваеш, ты становішся парушальнікам закону.
12 Гаварыце і рабіце так, як людзі, якіх будуць судзіць паводле закону свабоды.
13 Бо суд без літасці таму, хто не чыніў літасці. Літасць няхай узносіцца над судом!
14 Браты мае! Якая карысць, калі нехта кажа: “Я маю веру”, а ўчынкаў не мае? Хіба можа {такая} вера выратаваць яго?
15 Калі здарылася, што брат або сястра пазбаўленыя адзення і штодзённай ежы,
16 і нехта з вас скажа ім: “Ідзіце з мірам, грэйцеся і харчуйцеся”, але не дасць ім неабходнага для цела, якая {з таго} карысць?
17 Так і вера без учынкаў сама па сабе мёртвая.
18 Але скажа хто-небудзь: ”Ты маеш веру, а я ўчынкі. Пакажы мне тваю веру без учынкаў, а я пакажу табе веру з маіх учынкаў.
19 Ты верыш, што Бог адзіны? Добра! Але дэманы таксама вераць і дрыжаць”.
20 А ці не хочаш ведаць, бясплодны чалавеча, што вера без учынкаў бессэнсоўная?
21 Аўраам, бацька наш, хіба не праз учынкі атрымаў апраўданне, калі прынёс свайго сына Ісаака на алтар?
22 Бачыш, што вера і ўчынкі супрацоўнічаюць, а вера здзяйсняецца праз учынкі.
23 Так споўнілася Пісанне: “Паверыў Аўраам Богу, і {гэта} залічылася яму ў праведнасць, і ён быў названы сябрам Бога”.
24 Бачыце, што чалавек апраўдваецца ўчынкамі, а не толькі праз веру.
25 Падобна і прастытутка Рааў хіба не праз учынкі была апраўдана, прыняўшы разведчыкаў і іншай дарогай накіраваўшы іх?
26 Як цела без духу мёртвае, так і вера без учынкаў мёртвая.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Пасланне Св. Якуба, 2 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© Ягор Прыстаўка, 2013.