1 Паслухайце цяпер вы, багатыя. Плачце і лямантуйце аб пакутах, якія вас чакаюць!
2 Ваша багацце спарахнела, і вопратка вашая паедзеная моллю.
3 Ваша золата і срэбра пакрываецца іржою, і гэтая іржа будзе для вас сведчаннем, яна быццам агонь зжарэ вашыя целы. На апошнія дні вы назбіралі скарбы.
4 Вось лямантуе заробак, скрадзены {вамі} ў працаўнікоў, якія сабралі ўраджай на вашых землях, і лямант жняцоў дайшоў да вушэй Госпада Саваофа.
5 На зямлі вы жылі ў раскошы ды асалодзе і на дзень забою адкормлівалі ўласныя целы.
6 Вы асудзілі і забілі Праведніка, але Ëн не працівіўся вам.
7 Браты, набярыцеся цярпення, ажно да прышэсця Госпада. Земляроб чакае каштоўны плод зямлі і трывае дзеля яго, пакуль не атрымае {дождж} ранні і позні.
8 Набярыцеся цярпення і вы, умацоўваце сэрцы, таму што наблізілася прышэсце Госпада.
9 Не наракайце, браты, адзін на аднаго, каб не быць асуджанымі: Суддзя стаіць ля дзвярэй.
10 За прыклад пакутаў і цярплівасці, браты, вазьміце прарокаў, якія казалі ад імя Госпада.
11 Мы называем шчаслівымі тых, хто ўсё вытрываў. Вы чулі пра трываласць Іова і ведаеце пра мэту, якая была ў Госпада, бо Госпад велікадушны і міласэрны.
12 Але перш за ўсё, браты мае, не кляніцеся ані небам, ані зямлёй, аніякай іншай клятвай. Няхай жа вашае “так” будзе {сапраўдным} “так”, а “не” будзе {сапраўдным} “не”, каб вы не патрапілі пад асуджэнне.
13 Хтосьці з вас пакутуе? Няхай моліцца. Камусьці добра? Няхай усхваляе {Бога}.
14 Нехта сярод вас хварэе? Няхай пакліча прэсвітараў царквы, яны памоляцца за яго і памажуць яго алеем у імя Госпада.
15 Малітва выратуе знямоглага, і адновіць яго Госпад. І калі ён зрабіў грэх, адпусціцца яму.
16 Таму вызнавайце грахі адзін перад адным і маліцеся адзін за аднаго, каб атрымаць ацаленне: настойлівае прашэнне праведніка мае вялікую моц!
17 Ілля быў чалавек падобны да нас; ён памаліўся малітвай, каб не было дажджу, — і на зямлі не было дажджу тры гады і шэсць месяцаў.
18 Памаліўся зноў — і неба дало залеву, і зямля дала свой плод.
19 Браты мае, калі хтосьці з вас збочыць ад ісціны, і нехта яго наверне,
20 — хай ведае, што адвярнуўшы грэшніка ад зманлівага шляху, ён выратуе яго душу ад смерці і пакрые мноства грахоў.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Пасланне Св. Якуба, 5 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© Ягор Прыстаўка, 2013.
