1 Браты мае, не імкніцеся ўсе стаць настаўнікамі. Ведайце, што на судзе з нас, настаўнікаў, больш строга спытаюць.
2 Бо мы ўсе робім шмат памылак. Хто не памыляецца ў слове, той дасканалы чалавек, здольны ўтаймаваць таксама і ўсё цела.
3 Калі мы кладзем цуглі ў рот каня, каб ён нас слухаўся, то кіруем усім яго целам.
4 Вось і караблі, — яны такія велізарныя і ходзяць пад суровымі вятрамі! — а невялічкае стырно накіроўвае іх куды заўгодна стырнавому.
5 Так і язык — маленькі член цела, а столькі задаецца!
Паслухайце, вось маленечкі агонь, а запальвае такі вялікі лес!
6 Язык — таксама агонь, аздоба няпраўды! Язык — адзін з нашых членаў, але пры гэтым ён апаганьвае ўсё цела і, сам запалены ад геены, успламяняе наш жыццёвы шлях.
7 Усякія істоты: і зверы, і птушкі, і змеі, і жыхары мора ўтаймоўваюцца або ўжо ўтаймаваны чалавекам.
8 А язык ніхто з людзей утаймаваць не можа, ён — нястомнае зло, ён поўны смертаноснай атруты.
9 Ім мы бласлаўляем Госпада і Айца, і ім жа зневажаем людзей, створаных паводле падабенства Бога.
10 З тых самых вуснаў сыходзіць блаславенне і праклён! Не павінна так быць, браты мае.
11 Хіба выходзіць з адной свідравіны прэсны і горкі струмень?
12 Хіба смакоўніца, браты мае, можа даваць масліны, а вінаградная лаза — смоквы? А салёная вада ў крыніцы хіба можа стаць прэснай?
13 Ëсць сярод вас нехта мудры і дасведчаны? Хай дакажа {гэта} добрым жыццём, учынкамі, зробленымі ў лагоднай мудрасці.
14 Калі ж у вашым сэрцы горкая зайздрасць і інтрыгі, не ўзносьцеся і не хлусіце на ісціну!
15 Гэта не тая мудрасць, што прыходзіць звыш, але зямная, душэўная, дэманічная.
16 Бо дзе зайздрасць і інтрыгі, там мітусня і ўсялякія брыдотныя справы.
17 А вышняя мудрасць найперш чыстая, затым мірная, добразычлівая, пакорлівая, поўная літасці і добрых пладоў, яе немагчыма абвергнуць і падрабіць.
18 Плод жа праведнасці праяўляецца ў тых, хто захоўвае мір.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Пасланне Св. Якуба, 3 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© Ягор Прыстаўка, 2013.
