1 І сказаў ГОСПАД Майсею: «Яшчэ адну загубу Я навяду на фараона і на Эгіпет. Пасьля гэтага ён адпусьціць вас адгэтуль. Калі ён будзе адпускаць вас, выганяючы, выганіць вас адгэтуль.
2 Прамоў, прашу, у вушы народу, і няхай мужчына папросіць у бліжняга свайго, і жанчына — у бліжняй сваёй начыньне срэбнае і начыньне залатое».
3 І даў ГОСПАД ласку народу ў вачах Эгіпцянаў, таксама гэты чалавек Майсей быў вельмі вялікі ў зямлі Эгіпецкай, у вачах слугаў фараона і ў вачах народу.
4 І сказаў Майсей: «Гэтак кажа ГОСПАД: “Апоўначы Я прайду пасярод Эгіпту.
5 І памрэ кожны першародны ў зямлі Эгіпецкай, ад першароднага фараона, які сядзіць на пасадзе сваім, да першароднага нявольніцы, якая пры жорнах, і ўсе першародныя скаціны.
6 І будзе крык вялікі ў-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай такі, што падобнага да яго не было і падобнага да яго больш ня будзе.
7 А ў сыноў Ізраіля не варухне сабака языком сваім ані на чалавека, ані на скаціну, каб вы ведалі, што робіць адрозьненьне ГОСПАД паміж Эгіптам і Ізраілем”.
8 І прыйдуць усе гэтыя слугі твае да мяне, і паклоняцца мне, кажучы: “Выйдзі ты і ўвесь народ, які каля ног тваіх”, і пасьля гэтага я выйду». І выйшаў [Майсей] ад фараона, палаючы гневам.
9 І сказаў ГОСПАД Майсею: «Не паслухае вас фараон, каб памножыліся цуды Мае ў зямлі Эгіпецкай».
10 І Майсей і Аарон зрабілі ўсе цуды гэтыя перад фараонам, і зацьвярдзіў ГОСПАД сэрца фараона, і ён не адпусьціў сыноў Ізраіля з зямлі сваёй.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Выхад, 11 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023