Амоса 9 разьдзел

Кніга прарока Амоса
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Я бачыў Госпада, Які стаяў на ахвярніку, і Ён сказаў: «Удар па бэльцы, і затрасуцца вушакі, і ўпадуць на галовы ўсіх іх. А тых, якія застануцца, Я заб’ю мячом. Не ўцячэ той, які ўцякае, і не схаваецца той, які хаваецца.
 

Нават калі яны закапаюцца ў апраметную, адтуль рука Мая возьме іх. Нават калі яны ўзьлезуць у неба, адтуль Я скіну іх.
 

Нават калі яны схаваюцца на вяршыні Кармэлю, і там адшукаю іх і вазьму іх. Нават калі схаваюцца перад вачыма Маімі на дне мора, і там загадаю зьмею, і ён укусіць іх.
 

І нават калі яны пойдуць у палон перад абліччам ворагаў сваіх, там загадаю мячу, і ён заб’е іх; і Я зьвярну вочы Мае на іх на ліха, а не на дабро.
 

І Госпад, ГОСПАД Магуцьцяў, дакранецца да зямлі, і яна растопіцца, і залямантуюць усе, якія жывуць на ёй, і яна ўся ўздымецца, як рака, і затопіць, як рака Эгіпецкая.
 

Той, Які збудаваў сьвяцілы Свае ў небе і скляпеньні Свае заклаў на зямлі, кліча воды марскія і вылівае іх на аблічча зямлі. ГОСПАД — імя Ягонае.
 

Хіба вы для Мяне не такія, сыны Ізраіля, як сыны Кушанаў, кажа ГОСПАД? Хіба ня Я вывеў Ізраіля з зямлі Эгіпецкай, а Філістынцаў — з Кафтору, і Сірыйцаў — з Кіру?
 

Вось, вочы Госпада ГОСПАДА — супраць валадарства грэху, і Я зьнішчу яго з аблічча зямлі, але зьнішчаючы, ня зьнішчу дом Якуба, кажа ГОСПАД.
 

Бо, вось, Я загадаю і расьцярушу дом Ізраіля паміж усіх народаў так, як сеюць у рэшаце, і не ўпадуць зярняты на зямлю.
 

Ад мяча памруць усе грэшнікі народу Майго, якія кажуць: “Не наблізіцца, не сустрэне нас ліха”.
 

У той дзень Я пастаўлю намёт Давіда, які ўпаў, зараблю выломы ягоныя, і аднаўлю руіны ягоныя, і адбудую яго, як у дні старадаўнія,
 

каб яны ўспадкаемілі рэшту Эдому і ўсе народы, над якімі клікалі імя Маё, кажа ГОСПАД, Які робіць гэта.
 

Вось, прыходзяць дні, кажа ГОСПАД, што араты сустрэне жняца, а той, які топча вінаград, таго, які сее насеньне; і з гор будзе сьцякаць маладое віно, і ўсе ўзгоркі растопяцца.
 

І Я вярну палонных народу Майго Ізраіля, і яны адбудуюць гарады спустошаныя, і будуць жыць, і пасадзяць вінаграднікі, і будуць піць віно іхняе, і закладуць сады, і будуць есьці плады іхнія.
 

І Я пасаджу іх на зямлі іхняй, і ня будуць больш выганяць іх з зямлі іхняй, якую Я даў ім, кажа ГОСПАД, Бог твой».