2 да Фесаланікійцаў 1 разьдзел

Другое пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Павал, і Сілуан, і Цімафей — царкве Тэсалонцаў у Богу Айцу нашым і Госпадзе Ісусе Хрысьце:
 
Павал, і Сільван, і Цімафей Тэсалонскай царкве ў Богу, Айцу нашым, і Госпадзе Езусе Хрысьце:

ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
 
Ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада Езуса Хрыстуса.

Заўсёды павінны мы дзякаваць Богу за вас, браты, як належыцца, бо моцна ўзрастае вера вашая і памнажаецца любоў кожнага адзін да аднаго між усімі вамі,
 
Дзякаваць павінны мы заўсёды Богу за вас, браты, як бо і належыцца, бо вера ваша вельмі ўзрастае, ды ўзаемная любоў між вамі ўзмацняецца,

так што мы самі хвалімся вамі ў цэрквах Божых дзеля цярплівасьці вашай і веры ў-ва ўсіх перасьледаваньнях вашых і прыгнётах, якія вы пераносіце,
 
так што мы самі хвалімся вамі ў цэрквах Божых дзеля вашай цярплівасьці і веры ва ўсіх перасьледваньнях вашых і напасьцях, якія пераносіце,

на выяўленьне праведнага суду Божага, каб вам быць вартымі Валадарства Божага, дзеля якога і пакутуеце.
 
на доказ справядлівага суда Божага, каб аказаліся вартымі Каралеўства Божага, дзеля якога і церпіце.

Бо праведна перад Богам аднагарадзіць прыгнётам тым, якія вас прыгнятаюць,
 
Бо справядліва ёсьць у Бога адгадзіць прыгнётам тым, якія вас прыгнятаюць,

а вам, прыгнятаным, — патоляй разам з намі ў адкрыцьці Госпада Ісуса з неба з анёламі сілы Яго,
 
і вам, якія прыгнёт пераносіце, (даць) супачынак з намі ў час аб'яўленьня з неба Госпада нашага Езуса з анёламі магутнасьці Ягонай,

Які ў полымі агню зьдзяйсьняе помсту над тымі, што ня ведаюць Бога і не паслухмяныя Эвангельлю Госпада нашага Ісуса Хрыста.
 
у полымі агню, несучы адплату тым, што ня ведаюць Бога і ня слухаюць Эвангельля Госпада нашага Езуса.

Яны атрымаюць прысуд — вечнае зьнішчэньне, ад аблічча Госпада і ад славы магутнасьці Яго,
 
Яны атрымаюць кару, будуць пазбаўлены аблічча Божага і хвалы моцы Ягонай,

калі Ён прыйдзе ўславіцца ў сьвятых Сваіх і стацца дзівосным у дзень той у-ва ўсіх, якія паверылі, бо вы паверылі нашаму сьведчаньню сярод вас.
 
калі Ён прыйдзе праславіцца ў сваіх сьвятых ды ў той дзень задзівіць ўсіх, якія паверылі, а вы паверылі нашаму сьведчаньню.

Дзеля гэтага і молімся заўсёды за вас, каб Бог наш зрабіў вас дастойнымі пакліканьня і споўніў з моцаю ўсякае ўпадабаньне добрасьці і справу веры,
 
Дзеля гэтага і молімся заўсёды за вас, каб Бог наш зрабіў вас годнымі пакліканьня і напоўніў вас моцай ва ўсякім жаданьні добрага і ўчынках веры,

каб праславілася імя Госпада нашага Ісуса Хрыста ў вас, і вы — у Ім, паводле ласкі Бога нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
 
каб праславілася ў вас імя Госпада нашага Езуса Хрыста, і вы — у Ім, паводле ласкі Бога нашага і Госпада Езуса Хрыста.