2 да Фесаланікійцаў 3 разьдзел

Другое пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Нарэшце, маліцеся за нас, браты, каб слова Госпада пашыралася і выслаўлялася, як і ў вас,
 
Нарэшце, браты, маліцеся за нас, каб слова Госпада пашыралася і выслаўлялася, як і ў вас,

і каб мы былі выбаўленыя ад нягодных і злых людзей, бо не ў-ва ўсіх вера.
 
і каб мы ўсьцерагліся ад людзей крывадушных і ліхіх, бо ня ўсе маюць веру.

Але верны Госпад, Які ўмацуе вас і захавае ад злога.
 
Верны Госпад, які ўмацуе вас і ўхавае ад ліхога.

Мы пэўныя адносна вас у Госпадзе, што вы выконваеце і будзеце выконваць тое, што мы загадваем вам.
 
Маем пэўнасьць у Госпадзе, што да вас, што вы робіце і будзеце рабіць тое, што мы загадваем вам.

Няхай Сам Госпад накіруе сэрцы вашыя да любові Божае і цярплівасьці Хрыстовай.
 
Хай жа Госпад пакіруе сэрцы вашыя да любові Божай і цярплівасьці Хрыстовай.

Загадваем вам, браты, у імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, каб цураліся ўсякага брата, які ходзіць свавольна і не паводле традыцыі, прынятай ад нас,
 
Паведамляем жа вам, браты, у імя Госпада нашага Езуса Хрыста, каб высьцерагаліся ўсякага брата, які ходзіць ня ў лад і не паводле традыцыі, якую вы атрымалі ад нас.

бо вы самі ведаеце, як трэба насьлядаваць нас, бо мы не сваволілі між вамі,
 
Самі бо ведаеце, як належыць пераймаць нас, бо мы не жылі паміж вас нягодна,

таксама дарма ні ў каго хлеба ня елі, але ў працы і стоме рабілі ўначы і ўдзень, каб не абцяжарыць каго з вас,
 
ды дарма нічыйго хлеба ня елі, але днём і ноччу працуючы, нікому з вас не былі цяжарам.

не таму, што ня маем улады, але каб сябе саміх даць вам за прыклад дзеля перайманьня нас.
 
Не дзеля таго, што ня мелі мы ўлады, але каб з сябе даць вам прыклад для перайманьня.

Бо калі мы былі ў вас, дык загадалі вам: калі хто ня хоча працаваць, той няхай і ня есьць.
 
Бо, калі мы былі ў вас, гэта вам загадвалі: хто ня хоча працаваць, хай і ня есьць.

Але чуем, што некаторыя ў вас ходзяць свавольна, нічога ня робяць, але мітусяцца.
 
Чуем бо мы, што ёсьць некаторыя паміж вамі, што нягожа паступаюць, нічога ня робяць, а толькі бадзяюцца.

Гэтакім загадваем і молім у Госпадзе нашым Ісусе Хрысьце, каб яны, працуючы моўчкі, елі свой хлеб.
 
Такім вось, што так жывуць, загадваем і запрысягаем у Госпадзе Езусе Хрысьце, каб, спакойна працуючы, свой уласны хлеб елі.

А вы, браты, не журыцеся, робячы дабро.
 
Вы ж, браты, не спыняйцеся рабіць дабро.

Калі ж хто не паслухаецца слова нашага праз гэтае пасланьне, таго мейце на прыкмеце і ня мейце справы з ім, каб быў асаромлены;
 
Калі хто часам не паслухае словаў лісту нашага, такога прыкмецьце ды не сябруйце з такім, каб быў асаромлены.

але не лічыце яго за ворага, але настаўляйце, як брата.
 
Але не ўважайце яго за ворага, але напамінайце як брата.

Сам жа Госпад супакою няхай дасьць вам супакой заўсёды і ў-ва ўсім. Госпад з усімі вамі.
 
Хай жа сам Госпад супакою дасьць вам супакой заўсёды на ўсякім месцы. Госпад (хай будзе) з усімі вамі.

Прывітаньне маёю рукою, Паўлаваю, што ёсьць знак у-ва ўсякім пасланьні; пішу я гэтак:
 
Прывітаньне маёю рукою, Паўлаваю, што ёсьць знак у кожным лісьце; так Я пішу:

ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амэн.
 
Ласка Госпада нашага Езуса Хрыста з усімі вамі.