Адкрыцьцё 1 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 1999
Адкрыцьцё Ісуса Хрыста, якое даў Яму Бог, каб паказаў слугам Сваім, што мусіць стацца неўзабаве. І Ён даў знак, паслаўшы [яго] праз анёла Свайго слузе Свайму Яну,
Адкрыцьцё Езуса Хрыста, якое Яму даў Бог, каб выявіў слугам сваім, што павінна стацца ў хуткім часе, і, паслаўшы анёла, паведаміў за дапамогаю знакаў слузе свайму Яну,
які засьведчыў слова Божае, і сьведчаньне Ісуса Хрыста, і ўсё, што бачыў.
які сьведчыць аб Слове Божым, і аб Езусе Хрысьце, і аб усім, што бачыў.
Шчасьлівы той, які чытае, і тыя, якія слухаюць словы прароцтва і захоўваюць тое, што напісана ў ім, бо час блізкі.
Шчасьлівы той, хто чытае і чуе словы прароцтва ды захавае тое, што ў іх напісана; час бо блізкі.
Ян — да сямі цэркваў, што ў Азіі: ласка вам і супакой ад Таго, Які ёсьць, і Які быў, і Які прыходзіць, і ад сямі духаў, якія перад пасадам Ягоным,
Ян сямі цэрквам у Азіі: Ласка вам і супакой ад Таго, які ёсьць, які быў і які прыйдзе, і ад сямі духаў, што перад тронам Ягоным,
і ад Ісуса Хрыста, сьведкі вернага, Першароднага з мёртвых і Начальніка валадароў зямных. Яму, Які палюбіў нас і ў крыві Сваёй абмыў нас ад грахоў нашых,
і ад Езуса Хрыста, Сьведкі вернага, Першароднага з памёршых і Валадара каралёў зямных. Яму, які ўзьлюбіў нас і абмыў нас ад грахоў нашых крывёй сваёй,
і зрабіў нас валадарамі і сьвятарамі Богу і Айцу Свайму, слава і ўлада на вякі вякоў. Амэн.
і зрабіў нас каралеўствам і сьвятарамі Богу і Айцу свайму, Яму хвала і валаданьне на вякі вечныя. Амэн.
Вось, Ён прыходзіць з аблокамі, і ўгледзіць Яго кожнае вока і тыя, якія прабілі Яго, і заплачуць перад Ім усе плямёны зямлі. Так, амэн.
Вось жа прыходзіць у хмарах, і ўбачыць Яго ўсякае вока і тыя, што Яго пракалолі, і залямантуюць над Ім усе плямёны зямлі. Так, амэн.
«Я ёсьць Альфа і Амэга, Пачатак і Канец, — кажа Госпад, — Які ёсьць, і Які быў, і Які прыходзіць, Усеўладны».
Я -Альфа і Амега, пачатак і канец,-кажа Госпад Бог, які ёсьць, які быў і які прыйдзе, Усемагутны.
Я, Ян, брат ваш і ўдзельнік у прыгнёце, і ў Валадарстве, і ў цярплівасьці Ісуса Хрыста, быў на востраве, называным Патмас, за слова Божае і за сьведчаньне Ісуса Хрыста.
Я, Ян, брат ваш і ўдзельнік у прыгнёце, у каралеўстве і вытрымаласьці ў Хрысьце Езусе, быў на востраве Патмас дзеля Слова Божага і сьведчаньня аб Езусе.
Я быў у духу ў дзень Госпада і пачуў за сабою вялікі голас, як трубы,
Я быў у захапленьні духа ў дзень Госпадаў, і пачуў за сабою зычны голас, быццам трубы,
які казаў: «Я ёсьць Альфа і Амэга, Першы і Апошні; і што бачыш, напішы ў кнігу і пашлі цэрквам, што ў Азіі: у Эфэс, і ў Сьмірну, і ў Пэргам, і ў Тыятыру, і ў Сарды, і ў Філядэльфію, і ў Ляадыкею».
які казаў: "Што бачыш, запішы ў кнізе і пашлі сямі цэрквам: у Эфэз, і ў Сьмірну, і ў Пэргам, і ў Тыятыру, і ў Сарды,і ў Філядэльфію, і ў Ляодыцэю".
І я павярнуўся, каб пабачыць той голас, што гаварыў са мною, і, павярнуўшыся, убачыў сем залатых сьвечнікаў,
Я павярнуўся, каб зірнуць, адкуль быў голас, што да мяне гаварыў; і, павярнуўшыся, убачыў сем залатых сьвечнікаў,
і сярод сямі сьвечнікаў — Падобнага да Сына Чалавечага, Які апрануты ў доўгую шату і падперазаны праз грудзі залатым паясом.
і паміж сьвечнікаў залатых кагосьці падобнага да Сына Чалавечага, адзетага ў доўгую шату і падперазанага пад грудзі залатым паясом;
А галава Ягоная і валасы белыя, як белая воўна, як сьнег; і вочы Ягоныя — як полымя агню,
галава ж Ягоная і валасы былі белыя, як белая воўна, быццам сьнег, і вочы Яго як полымя агню,
і ногі Ягоныя падобныя да халкалібану, як у печы распаленыя; і голас Ягоны — як гук водаў многіх.
і ногі Яго падобныя да бронзы, распаленай у печы, і голас Ягоны падобны на гук бурных водаў,
І меў Ён у правай руцэ Сваёй сем зорак, і з вуснаў Ягоных выходзіў меч двусечны востры; і твар Ягоны — як сонца, якое сьвеціць у сіле сваёй.
і Ён трымаў у правай руцэ сваёй сем зорак, з вуснаў жа Яго вытыркаў меч двусечны востры, і твар Ягоны зіхацеў, як сонца ў магутнасьці сваёй.
І калі я ўбачыў Яго, я ўпаў ля ног Ягоных як мёртвы, і Ён паклаў на мяне правую руку Сваю, кажучы мне: «Ня бойся. Я ёсьць Першы і Апошні,
І, убачыўшы Яго, упаў я да ног Яго, быццам нежывы. А Ён паклаў правую руку сваю на мяне, кажучы: "Ня бойся! Я — Першы, і Апошні, і Жывы;
і Жывы, і Я быў мёртвы, і вось, жыву на вякі вякоў, амэн. І Я маю ключы пекла і сьмерці.
і Я быў памёршым, і вось жывы на вякі вечныя, і маю ключы сьмерці і пекла.
Напішы, што ты бачыў, і што ёсьць, і што мае стацца пасьля гэтага.
Дык напішы, што ты ўбачыў, што ёсьць і што павінна стацца пасьля.
Тайна сямі зорак, якія ты бачыў у правіцы Маёй, і сямі сьвечнікаў залатых: сем зорак — гэта анёлы сямі цэркваў, а сем сьвечнікаў, якія ты бачыў, — гэта сем цэркваў.
Таямніца сямі зорак, якія ты бачыў у маёй правай руцэ, і сямі сьвечнікаў залатых вось якая: сем зорак — гэта сем анёлаў сямі цэркваў, а сем сьвечнікаў — гэта сем цэркваў.