Адкрыцьцё 2 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Анёлу Эфэскае царквы напішы: “Гэта кажа Той, Які трымае сем зорак у правіцы Сваёй і Які ходзіць сярод сямі залатых сьвечнікаў:
 
Анёлу царквы, што ў Эфэзе, напішы: Вось што кажа Той, які трымае сем зорак у сваёй правай руцэ, які ходзіць пасярод сямі залатых сьвечнікаў:

'Ведаю справы твае, і працу тваю, і цярплівасьць тваю, і што ня можаш пераносіць ліхіх, і дасьведчыў тых, якія называюць сябе апосталамі і ня ёсьць [імі], і знайшоў, што яны хлусы,
 
Я ведаю ўчынкі твае, і працу, і цярплівасьць тваю, і што ня можаш пераносіць ліхіх, і што выставіў ты на спробу тых, якія хочуць называцца апосталамі, а імі ня ёсьць, і прызнаў ты іх ашуканцамі.

і ты перанёс, і маеш цярплівасьць, і дзеля імя Майго працаваў і не зьнямогся.
 
І маеш ты вытрымаласьць, і перанёс шмат ты дзеля імя Майго, і не знеахвоціўся.

Але маю супраць цябе, што ты пакінуў першую любоў тваю.
 
Але маю Я супраць цябе тое, што адступіўся ты ад сваёй першай любові.

Дык памятай, адкуль выпаў, і навярніся, і рабі першыя справы твае; а калі не, хутка прыйду да цябе і зрушу сьвечнік твой з месца ягонага, калі не навернешся.
 
Памятай тады, адкуль упаў, і навярніся, і вярніся да першых учынкаў. Інакш бо прыйду да цябе і прыму твой сьвечнік, калі не навернешся.

Але тое ты маеш, што ненавідзіш справы Мікалаітаў, якія і Я ненавіджу'.
 
Але маеш тое за заслугу, што ненавідзіш Мікалаітаў, якіх і Я ненавіджу.

Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам. Таму, хто пераможа, Я дам есьці ад дрэва жыцьця, што пасярод раю Божага”.
 
Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам: Пераможцу дам Я спажываць (плод) з дрэва жыцьця, якое ў раі Божым.

І анёлу Сьмірнскае царквы напішы: “Гэта кажа Першы і Апошні, Які быў мёртвы і ажыў:
 
І анёлу царквы, што ў Сьмірне, напішы: Вось што кажа Першы і Апошні, каторы быў памёршы і жыве:

'Ведаю справы твае, і прыгнёт, і ўбоства, хоць ты багаты, і блюзьнерствы ад тых, якія называюць сябе Юдэямі і ня ёсьць, але ёсьць сынагога шатана.
 
Ведаю прыгнёт твой і беднасьць тваю, але ты багаты; і зьневажаньні тых, якія называюць сябе Юдэямі, а імі ня ёсьць, бо яны-сынагога шатана.

Не палохайся нічога, што маеш выцярпець. Вось, д’ябал мае кідаць [некаторых] з вас у вязьніцу, каб спакусіць вас; і будзеце мець прыгнёт дзесяць дзён. Будзь верны да сьмерці, і Я дам табе вянок жыцьця'.
 
Нічога ня бойся з таго, што трэба табе перанесьці. Вось жа пашле некаторых з вас д'ябал у вязьніцу, каб вас выпрабаваць, і будзеце цярпець гора праз дзесяць дзён. Будзь верны аж да сьмерці, і дам табе карону жыцьця.

Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам. Той, хто пераможа, не дазнае крыўды ад сьмерці другое”.
 
Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам: Хто пераможа, другой сьмерці не сустрэне.

І анёлу царквы, што ў Пэргаме, напішы: “Гэта кажа Той, Які мае меч двусечны востры:
 
І анёлу царквы, што ў Пэргаме, напішы: Гэта кажа Той, хто мае меч двусечны востры:

'Ведаю справы твае, і што жывеш там, дзе пасад шатана, і трымаеш імя Маё, і не адрокся веры Маёй у тыя дні, калі ў вас, дзе пасяліўся шатан, быў забіты Антыпа, сьведка Мой верны.
 
Ведаю, што жывеш, дзе трон шатана, і трымаеш імя Маё, і не выракся ты Маёй веры нават у тыя дні, калі ў вас, дзе пражывае шатан, быў забіты Мой верны сьведка Антыпас.

Але маю супраць цябе крыху, бо маеш там тых, якія трымаюцца вучэньня Білеама, які навучыў Балака кінуць згаршэньне перад сынамі Ізраіля, каб яны елі ахвяры ідалам і жылі распусна.
 
Аднак трохі маю супраць цябе, бо маеш там тых, якія трымаюцца навукі Балаама, які вучыў Балака, каб спакушаў сыноў Ізраэлевых есьці ахвяры ідалам і займацца распустай.

Таксама маеш і ты тых, якія трымаюцца вучэньня Мікалаітаў, якое Я ненавіджу.
 
І ты маеш такіх, што трымаюцца навукі Мікалаітаў.

Навярніся, а калі не, хутка прыйду да цябе і буду ваяваць з імі мячом вуснаў Маіх'.
 
Дзеля таго навярніся, бо калі не, дык хутка прыйду да цябе і буду ваяваць з адступнікамі мячом вуснаў Маіх.

Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам. Таму, хто пераможа, Я дам есьці ад манны схаванае і дам яму каменьчык белы, і на каменьчыку імя новае напісанае, якога ніхто ня ведае, толькі той, хто атрымаў”.
 
Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам: Пераможцу дам Я манну таемную і дам яму белы камень, а на камені напісанае новае імя, якога ня ведае ніхто, толькі той, хто атрымае яго.

І анёлу царквы, што ў Тыятыры, напішы: “Гэта кажа Сын Божы, Які мае вочы Свае, як полымя агню, і ногі Свае, падобныя да сьпіжу:
 
І анёлу царквы, што ў Тыятыры, напішы: Гэта вось кажа Сын Божы, які мае вочы быццам полымя агню, а ногі падобныя да бронзы.

'Ведаю справы твае і любоў, і служэньне, і веру, і цярплівасьць тваю, і ўчынкі твае, і што апошнія большыя, чым першыя.
 
Спазнаў Я учынкі твае, і веру, і любоў тваю, і служэньне, і цярплівасьць тваю, і дзеяньні твае апошнія больш шматлікія, чым раней.

Але маю супраць цябе крыху, бо ты дазваляеш жанчыне Езабэлі, якая называе сябе прарочыцай, вучыць і падманваць слугаў Маіх, [каб яны] жылі распусна і елі ахвяры ідалам.
 
Аднак маю трохі супраць цябе, што дапускаеш жанчыне Езабэлі, якая называе сябе прарочыцай, вучыць і зводзіць слугаў Маіх, каб распутнічалі і спажывалі ахвяры для ідалаў.

І Я даў ёй час, каб навярнулася ад распусты сваёй, і яна не навярнулася.
 
І даў Я ёй час навярнуцца, але яна ня хоча за сваю распусту пакаяцца.

Вось, Я кідаю на ложак яе і тых, якія чужаложаць з ёю, — у вялікі прыгнёт, калі не навернуцца ад справаў сваіх,
 
Вось жа кіну яе на ложак (хворасьці), і тых, што з ёй чужаложаць, у вялікае гора, хіба што пакаяліся б за праступкі свае.

і дзяцей ейных сьмерцю заб’ю, і даведаюцца ўсе цэрквы, што Я — Той, Які дасьледуе ныркі і сэрца, і Я дам вам кожнаму паводле справаў вашых.
 
І дзяцей яе пакараю сьмерцю, і няхай усе цэрквы даведаюцца, што Я — Той, каторы пранікае ныркі і сэрцы, і дам кожнаму паводле учынкаў ягоных.

Вам жа кажу і рэшце, што ў Тыятыры, усім, якія ня маюць гэтага вучэньня і якія не даведаліся так званых глыбіняў шатана: “Ня ўскіну на вас іншага цяжару.
 
Вам жа кажу ды іншым, што ёсьць у Тыятыры, каторыя не прызнаюць гэтае навукі і якія не спазналі, як кажуць, бяздоньняў шатанскіх, што не пашлю на вас іншай цяжкасьці,

Толькі тое, што маеце, трымайце, пакуль не прыйду”.
 
апроч той, якую маеце; трымайцеся, пакуль да вас прыйду.

І таму, хто пераможа і захавае справы Мае да канца, Я дам уладу над паганамі,
 
А хто пераможа і захавае аж да канца справы Мае, таму дам уладу над паганамі,

і ён будзе пасьвіць іх кіем жалезным; як начыньне глінянае, яны будуць скрышаныя, як і Я атрымаў ад Айца Майго,
 
і валодаць будзе над імі кіем жалезным, крышачы іх, быццам посуд ганчарскі,

і дам яму зорку ранішнюю'.
 
як і Я атрымаў ад Айца Майго, і дам яму раньнюю зорку.

Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам”.
 
Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам.