Мацьвея 1 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Кніга радаводу Ісуса Хрыста, Сына Давіда, Сына Абрагама:
 
Кніга радаводу Езуса Хрыста, сына Давіда, сына Абрагама.

Абрагам нарадзіў Ісаака; Ісаак нарадзіў Якуба; Якуб нарадзіў Юду і братоў ягоных;
 
Абрагам быў бацькам Ізаака, а Ізаак быў бацькам Якуба, а Якуб быў бацькам Юды і братоў ягоных.

Юда нарадзіў Пэрэса і Зару ад Тамар; Пэрэс нарадзіў Эсрома; Эсром нарадзіў Арама;
 
А Юда быў бацькам Фарэса і Зары з Тамары, а Фарэс быў бацькам Эсрома, а Эсром быў бацькам Арама.

Арам нарадзіў Амінадава; Амінадаў нарадзіў Наасона; Наасон нарадзіў Сальмона;
 
А Арам быў бацькам Амінадаба, а Амінадаб быў бацькам Наасона, а Наасон быў бацькам Сальмона.

Сальмон нарадзіў Боаза ад Рахаў; Боаз нарадзіў Абэда ад Рут; Абэд нарадзіў Есэя;
 
А Сальмон быў бацькам Баоза з Рагабы, а Баоз быў бацькам Абэда з Руты, а Абэд быў бацькам Есэя,

Есэй нарадзіў Давіда валадара; Давід валадар нарадзіў Салямона ад [жонкі] Урыі;
 
а Есэй быў бацькам Давіда караля, а Давід кароль быў бацькам Салямона з тае, што была Урыява.

Салямон нарадзіў Рабаама; Рабаам нарадзіў Абію; Абія нарадзіў Асу;
 
А Салямон быў бацькам Рабаама, а Рабаам быў бацькам Абіі, а Абія, быў бацькам Асы.

Аса нарадзіў Язафата; Язафат нарадзіў Ярама; Ярам нарадзіў Озію;
 
А Аса быў бацькам Язафата, а Язафат быў бацькам Ярама, а Ярам быў бацькам Озіі.

Озія нарадзіў Ёатама; Ёатам нарадзіў Ахаза; Ахаз нарадзіў Эзэкію;
 
А Озія быў бацькам Ёатама, а Ёатам быў бацькам Ахаза, а Ахаз быў бацькам Эзэхіі.

Эзэкія нарадзіў Манасу; Манаса нарадзіў Амона; Амон нарадзіў Ёсію;
 
А Эзэхія быў бацькам Манасэса, а Манасэс быў бацькам Амона, а Амон быў бацькам Ёзіі.

Ёсія нарадзіў Ёакіма; Ёакім нарадзіў Ехонію і братоў ягоных перад перасяленьнем у Бабілон.
 
А Ёзія быў бацькам Ехоніі і братоў яго ў час перасяленьня ў Бабілён.

А пасьля перасяленьня ў Бабілон Ехонія нарадзіў Салятыэля; Салятыэль нарадзіў Зэрубабэля;
 
А па перасяленьні ў Бабілён Ехонія быў бацькам Салятыеля, а Салятыель быў бацькам Зарабабэля.

Зэрубабэль нарадзіў Абіюда; Абіюд нарадзіў Эліякіма; Эліякім нарадзіў Азора;
 
А Зарабабэль быў бацькам Абіюда, а Абіюд быў бацькам Эліяхіма, а Эліяхім быў бацькам Азора.

Азор нарадзіў Садока; Садок нарадзіў Ахіма; Ахім нарадзіў Эліюда;
 
А Азор быў бацькам Садока, а Садок быў бацькам Ахіма, а Ахім быў бацькам Эліюда.

Эліюд нарадзіў Элеазара; Элеазар нарадзіў Маттана; Маттан нарадзіў Якуба;
 
А Эліюд быў бацькам Элеазара, а Элеазар быў бацькам Матана, а Матан быў бацькам Якуба.

Якуб нарадзіў Язэпа, мужа Марыі, ад якой нарадзіўся Ісус, называны Хрыстос.
 
А Якуб быў бацькам Язэпа, мужа Марыі, з каторай нарадзіўся Езус, называны Хрыстос.

Гэтак усіх пакаленьняў ад Абрагама да Давіда чатырнаццаць пакаленьняў; ад Давіда да перасяленьня ў Бабілон чатырнаццаць пакаленьняў; і ад перасяленьня ў Бабілон да Хрыста чатырнаццаць пакаленьняў.
 
Дык ад Абрагама да Давіда ўсіх пакаленьняў было чатырнаццаць; і ад Давіда да перасяленьня ў Бабілён — чатырнаццаць пакаленьняў; і ад перасяленьня ў Бабілён да Хрыста — чатырнаццаць пакаленьняў

Нараджэньне Ісуса Хрыста было вось як: па заручынах маці Яго Марыі з Язэпам, раней, чым яны зыйшліся, выявілася, што яна цяжарная ад Духа Сьвятога.
 
З нараджэньнем Езуса Хрыста было так: Калі маці Яго Марыя была заручана з Язэпам, перш чым пачалі жыці разам, выявілася, што яна цяжарная за справай Духа Сьвятога.

Язэп, муж ейны, будучы праведным і ня хочучы выставіць яе на сорам, хацеў цішком адпусьціць яе.
 
Язэп жа, яе муж, будучы справядлівым і ня хочучы яе зьняславіць, надумаўся тайком яе пакінуць.

Але, калі ён падумаў гэтае, вось, анёл Госпада зьявіўся яму ў-ва сьне і сказаў: «Язэп, сыне Давідаў! Ня бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо Тое, што нарадзілася ў ёй, ёсьць ад Духа Сьвятога.
 
А калі пра гэта думаў, вось жа анёл Госпадаў паказаўся яму ў-ва сьне і сказаў: "Язэпе, сыне Давідаў, ня бойся прыняць Марыю, сужонку тваю, бо што ў ёй пачалося, пачалося з Духа Сьвятога.

Вось, яна народзіць Сына, і дасі Яму імя Ісус, бо Ён збавіць народ Свой ад грахоў іхніх».
 
Вось жа народзіць сына, і дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад грахоў ягоных".

А ўсё гэтае сталася, каб споўнілася сказанае Госпадам праз прарока, які кажа:
 
А ўсё гэта сталася, каб збылося тое, што сказана было Госпадам праз прарока, які сказаў:

«Вось, Дзева прыйме ва ўлоньне і народзіць Сына; і дадуць Яму імя Іммануэль, гэта значыць: З намі Бог».
 
"Вось жа Дзева пачне і народзіць сына, і назавуць імя Яго Эмануэль", што значыць Бог з намі.

Устаўшы зо-сну, Язэп зрабіў, як загадаў яму анёл Госпада, і прыняў жонку сваю,
 
Затым Язэп, падняўшыся зо сну, зрабіў так, як яму загадаў анёл Госпадаў, і прыняў сваю сужонку.

і не спазнаў яе, аж нарадзіла Сына свайго Першароднага, і ён даў Яму імя Ісус.
 
І не пазнаў яе, аж пакуль яна нарадзіла Сына, і даў імя Яму Езус.