Мацьвея 27 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 1999
А калі настала раніца, усе першасьвятары і старшыні народу мелі нараду адносна Ісуса, каб забіць Яго.
А калі настала раніца, зыйшліся ўсе першасьвятары і старшыні народу на раду супраць Езуса, каб асудзіць Яго на сьмерць.
І, зьвязаўшы Яго, павялі і выдалі Яго Понтыю Пілату, ваяводзе.
Затым, зьвязанага, завялі і перадалі Яго намесьніку Понцію Пілату.
Тады Юда, які выдаў Яго, убачыўшы, што Ён асуджаны, пакаяўшыся, зьвярнуў трыццаць срэбнікаў першасьвятарам і старшыням,
Тады Юда, які Яго выдаў, бачачы, што Ён быў асуджаны, жалем праняты, аднёс трыццаць сярэбранікаў першасьвятарам і старшыням,
кажучы: «Саграшыў я, выдаўшы кроў бязьвінную». Яны ж сказалі яму: «Што нам да гэтага? Глядзі сам».
кажучы: "Саграшыў я, выдаючы кроў нявінную". А яны сказалі: "А што нам да таго? Гэта твая справа!"
І, кінуўшы срэбра ў бажніцы, ён выйшаў і, адыйшоўшы, павесіўся.
І, кінуўшы сярэбранікі ў сьвятыні, выйшаў, пайшоў і павесіўся.
А першасьвятары, узяўшы срэбра, сказалі: «Нельга кінуць яго ў скарбонку, бо яно — цана крыві».
А першасьвятары, узяўшы сярэбранікі, казалі: "Нельга ісьці класьці іх у скарбону, бо гэта плата крыві".
Зрабіўшы ж нараду, яны купілі за яго поле ганчара, каб хаваць чужынцаў.
І, параіўшыся, купілі за іх поле ганчара на хаваньне падарожных.
Дзеля гэтага завецца поле тое “полем крыві” аж да сёньня.
Таму тое поле аж да сёньняшняга дня завецца Полем крыві.
Тады споўнілася сказанае праз Ярэмію прарока, які кажа: «І ўзялі трыццаць срэбнікаў, цану Ацэненага, Якога ацанілі сыны Ізраіля,
Тады зьдзейсьнілася сказанае прарокам Ярэміям, які казаў: "І ўзялі трыццаць сярэбранікаў, заплату ацэненага, якога ацанілі сыны Ізраэля,
і далі іх за поле ганчара, як загадаў мне Госпад».
ды далі іх за поле ганчара, як мне загадаў Госпад".
А Ісус стаў перад ваяводам; і спытаўся ў Яго ваявода, кажучы: «Ты — Валадар Юдэйскі?» Ісус жа сказаў яму: «Ты кажаш».
А Езус стаў перад намесьнікам; і спытаўся ў Яго намесьнік: "Дык Ты — Кароль Юдэйскі?" Сказаў яму Езус: "Ты гаворыш".
І, калі абвінавачвалі Яго першасьвятары і старшыні, Ён нічога не адказваў.
І калі Яго вінавацілі першасьвятары і старшыні, Езус нічога не адказваў.
Тады кажа Яму Пілат: «Ня чуеш, колькі сьведчаць супраць Цябе?»
Тады сказаў Яму Пілат: "Ня чуеш, колькі сьведчаньняў падаюць супраць Цябе?"
І не адказаў яму ніводнага слова, так што ваявода надта дзівіўся.
А (Езус) не адказваў яму на ніводнае слова, так што намесьнік дужа дзівіўся.
А на сьвята ваявода меў звычай вызваляць натоўпу аднаго вязьня, якога яны хочуць.
На дзень сьвяточны намесьнік меў звычай выпускаць народу аднаго вязьня, якога хацелі б.
Мелі ж тады знакамітага вязьня, называнага Барабба.
А меў тады вядомага вязьня, званага Барабай.
Дык калі яны сабраліся, сказаў ім Пілат: «Каго хочаце, каб я вызваліў вам: Бараббу ці Ісуса, называнага Хрыстом?»
Калі ўсе сабраліся, спытаўся Пілат: "Каго хочаце, каб я вам пусьціў? Барабу, ці Езуса, якога завуць Хрыстом?"
Бо ведаў, што праз зайздрасьць выдалі Яго.
Бо ведаў, што Езуса выдалі праз зайздрасьць.
Калі ён сядзеў на судовым пасадзе, жонка ягоная паслала да яго, кажучы: «Няма чаго [рабіць] табе і Праведніку Гэтаму, бо я шмат перацярпела сёньня ў-ва сьне дзеля Яго».
Калі ён сядзеў на пасадзе судзёўскім, жонка ягоная паслала да яго пасланца, каб яму сказаць: "Не рабі зла гэтаму Справядліваму, бо я сёньня ў сьне многа цярпела дзеля Яго".
Але першасьвятары і старшыні пераканалі натоўп, каб прасілі Бараббу, а Ісуса загубілі.
А першасьвятары і старшыні падбухторылі народ, каб дамагаліся Барабу, а Езуса загубілі.
Адказваючы, ваявода сказаў ім: «Каго хочаце з гэтых двух, каб я вызваліў вам?» Яны ж сказалі: «Бараббу».
Дык намесьнік спытаўся ў іх: "каторага з двух хочаце, каб я вам пусьціў?" Яны сказалі: "Барабу".
Кажа ім Пілат: «Што тады я ўчыню Ісусу, называнаму Хрыстом?» Кажуць яму ўсе: «Няхай будзе ўкрыжаваны!»
Кажа Пілат: "А што я маю зрабіць з Езусам, якога завуць Хрыстом?" Кажуць яму ўсе: "Хай будзе ўкрыжаваны!"
А ваявода сказаў: «Дык якое зло ўчыніў Ён?» А яны яшчэ мацней закрычалі, кажучы: «Няхай будзе ўкрыжаваны!»
Кажа ён: "А што Ён благога зрабіў?" А яны яшчэ мацней крычалі: "Хай будзе ўкрыжаваны!"
Пілат, бачачы, што няма ніякай рады, але замяшаньне стаецца яшчэ большае, узяўшы ваду, памыў рукі перад натоўпам, кажучы: «Бязьвінны я ў крыві Праведніка Гэтага. Вы глядзіце».
Пілат, бачачы, што нічога не дапамагае, а замяшаньне робіцца большае, узяўшы ваду, памыў рукі перад народам і сказаў: "Я не вінаваты у крыві гэтага Справядлівага. Гэта ваша справа".
І, адказваючы, увесь народ сказаў: «Кроў Ягоная на нас і на дзецях нашых!»
А ў адказ увесь народ загаманіў: "Кроў Яго на нас і на нашых сынах".
Тады ён вызваліў ім Бараббу, а Ісуса, убічаваўшы, выдаў, каб быў укрыжаваны.
Тады Пілат выпусьціў Барабу, а Езуса, убічаваўшы, аддаў на ўкрыжаваньне.
Тады жаўнеры ваяводы, узяўшы Ісуса ў прэторыю, сабралі на Яго ўсю кагорту.
Тады жаўнеры намесьніка ўзялі Езуса ў прэторыю і склікалі да Яго ўсю кагорту.
І, зьняўшы з Яго [ўсё], усклалі на Яго плашч пунсовы,
І, зьняўшы з Яго адзеньне, усклалі на Яго плашч з пурпуру
і, сплёўшы вянок з церня, усклалі на галаву Ягоную, і [далі] трысьціну ў правую руку Ягоную, і, кленчучы перад Ім, зьдзекваліся з Яго, кажучы: «Радуйся, Валадару Юдэйскі!»
ды, сплёўшы карону з церняў, усклалі Яму на галаву, і далі трысьціну ў правую руку, і, кленчучы, зьдзекаваліся з Яго, кажучы: "Вітай, кароль Юдэйскі!"
І тыя, што плявалі на Яго, узялі трысьціну, і білі па галаве Ягонай.
І, плюючы на Яго, бралі трысьціну і білі Яго па галаве.
І, калі назьдзекваліся з Яго, зьнялі з Яго плашч, і апранулі Яго ў адзеньне Ягонае, і павялі Яго на ўкрыжаваньне.
А калі ўжо назьдзекаваліся, зьнялі пурпуровы плашч, адзелі Яго ў Яго адзеньне, і павялі на ўкрыжаваньне.
А выходзячы, яны знайшлі чалавека Кірэнэйца, на імя Сымон; яго прымусілі несьці крыж Ягоны.
Выходзячы, напаткалі чалавека з Цырэны, імем Сымон; яго прымусілі несьці крыж Ягоны.
І прыйшлі на месца, называнае Галгофа, што азначае Месца Чэрапа.
І прыйшлі на месца, званае Гальгота, што значыць Месца Чэрапа,
Яны далі Яму піць воцат, зьмяшаны з жоўцю; і, пакаштаваўшы, Ён не захацеў піць.
і далі Яму піць віно, зьмяшанае з жоўцю. А калі Яго пакаштаваў, не хацеў піць.
А тыя, што ўкрыжавалі Яго, падзялілі адзеньне Ягонае, кідаючы жэрабя, каб споўнілася сказанае праз прарока: «Падзялілі адзеньне маё між сабою і пра вопратку маю кідалі жэрабя».
І, укрыжаваўшы Яго, дзялілі адзеньне Яго, кідаючы жэрабя, каб споўнілася сказанае прарокам: "Разьдзялілі між сабою адзеньне Маё, а аб сукні Маёй кінулі жэрабя".
І, пасеўшы, пільнавалі Яго там.
І, седзячы, сьцераглі Яго там.
І зьмясьцілі над галавою Яго надпіс пра віну Ягоную: «Гэта Ісус, Валадар Юдэйскі».
І над галавой Ягонай памясьцілі надпіс віны Яго: "Гэта Езус, Кароль Юдэйскі".
Тады былі ўкрыжаваныя з Ім разам два разбойнікі: адзін — праваруч, а другі — леваруч.
Тады укрыжавалі побач Яго двух разбойнікаў, аднаго па правым, а другога па левым баку.
А тыя, што праходзілі міма, блюзьнілі на Яго, ківаючы галовамі сваімі
Праходзячыя побач блюзьнілі на Яго, ківаючы галовамі
і кажучы: «Ты, Які руйнуеш бажніцу і ў тры дні адбудоўваеш, збаў Сябе Самога! Калі Ты — Сын Божы, зыйдзі з крыжа!»
і кажучы: "Гэй Ты, што руйнуеш сьвятыню Божую і ў тры дні адбудоўваеш, ратуй сябе самога; калі Ты — Сын Божы, зыйдзі з крыжа!"
Таксама і першасьвятары з кніжнікамі і старшынямі, зьдзекуючыся, казалі:
Першасьвятары з кніжнікамі падобна насьмяхаліся і казалі:
«Іншых збаўляў, а Сябе ня можа збавіць! Калі Ён — Валадар Ізраіля, няхай зыйдзе цяпер з крыжа, і мы паверым Яму.
"Другіх ратаваў, а сам сябе ўратаваць ня можа. Калі Ты — Кароль Ізраэля, зыйдзі з крыжа, і паверым табе.
Спадзяваўся на Бога, няхай Ён цяпер выбавіць Яго, калі хоча Яго. Бо Ён казаў: “Я — Сын Божы”».
Спадзяваўся на Бога, дык хай ратуе Яго цяпер, калі хоча Яго; казаў бо: "Я — Сын Божы".
Да таго і разбойнікі, укрыжаваныя разам з Ім, зьневажалі Яго.
Таксама разбойнікі, з ім укрыжаваныя, зьневажалі Яго.
А ад шостае гадзіны цемра сталася па ўсёй зямлі да гадзіны дзявятае.
А ад гадзіны шостай усю зямлю ахутала цемра аж да гадзіны дзевятай.
Каля ж дзявятае гадзіны загаласіў Ісус моцным голасам: «Элі! Элі! Лама сабахтані?», што значыць: «Божа Мой! Божа Мой! Чаму Ты Мяне пакінуў?»
І каля дзевятай гадзіны закрычаў Езус моцным голасам: "Элі, Элі, лема сабактані?", што значыць: "Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?"
А некаторыя з тых, што там стаялі, пачуўшы, казалі: «Ён Ільлю кліча».
Дык некаторыя з стаяўшых там, чуючы гэта, казалі: "Гальяша кліча".
І адразу адзін з іх, пабегшы, і ўзяўшы губку, і напоўніўшы яе воцатам, і ўсклаўшы на трысьціну, даваў Яму піць.
Дык адзін з іх адразу пабег і, узяўшы губку, памачыў у воцаце, усклаў на трысьціну і даў Яму піць.
А іншыя казалі: «Пакінь, паглядзім, ці прыйдзе Ільля збавіць Яго».
Іншыя ж казалі: "Кінь, паглядзім, ці прыйдзе Гальяш ратаваць Яго".
А Ісус, зноў усклікнуўшы моцным голасам, аддаў духа.
А Езус, закрычаўшы моцным голасам, сканаў.
І вось, заслона ў бажніцы была разьдзёртая надвое ад верху да нізу; і зямля затрэслася; і скалы разьдзерліся.
І вось заслона ў сьвятыні разарвалася на дзьве часткі зьверху ўніз, і зямля затрэслася, і скалы палопаліся,
І магілы адчыніліся; і шмат целаў памёршых сьвятых паўстала,
і адкрыліся магілы, і многа цел паснуўшых сьвятых, паўстала,
і, выйшаўшы з магілаў, пасьля ўваскрасеньня Ягонага ўвайшлі ў сьвяты горад і зьявіліся многім.
і, выйшаўшы з магілаў, па ўваскрасеньні Яго, прыйшлі ў сьвяты горад і паказваліся многім.
Сотнік жа і тыя, што з ім пільнавалі Ісуса, убачыўшы землятрус і тое, што сталася, страхам напалохаліся, кажучы: «Праўда, Ён — Сын Божы».
Сотнік жа ды тыя, што з ім былі, вартуючы Езуса, убачыўшы трасеньне зямлі ды ўсё, што адбывалася, перапалохаліся дужа і казалі: "Сапраўды Ён быў Сын Божы".
Было там шмат жанчынаў, што глядзелі здалёк, якія ішлі за Ісусам з Галілеі, паслугуючы Яму.
Было там шмат жанчын, углядаючыхся здалёка, якія хадзілі з Езусам, пачынаючы з Галілеі, паслугоўваючы Яму.
Між імі былі Марыя Магдалена, і Марыя, маці Якуба і Ёсіі, і маці сыноў Заўдыя.
Сярод іх Марыя Магдалена і Марыя, маці Якуба і Язэпа, дый матка сыноў Зэбэдэявых.
А калі настаў вечар, прыйшоў багаты чалавек з Арыматэі, на імя Язэп, які таксама быў вучнем Ісуса.
А калі настаў вечар, прыйшоў адзін багаты чалавек з Арыматэі, на імя Язэп, каторы таксама быў вучнем Езуса.
Ён, падыйшоўшы да Пілата, прасіў цела Ісуса. Тады Пілат загадаў аддаць цела.
Ён прыйшоў да Пілата і прасіў узяць цела Езуса. Тады Пілат загадаў аддаць яму цела.
І, узяўшы цела, Язэп абкруціў Яго чыстай палатнінаю
І Язэп, узяўшы цела, увярнуў яго ў чыстае палатно,
і палажыў Яго ў сваёй новай магіле, якую ён высек у скале; і, прываліўшы вялікі камень да ўваходу ў магілу, адыйшоў.
і палажыў Яго ў сваёй новай магіле, якую быў высякшы ў скале, і вялікім каменем закрыў уваход у магілу, і пайшоў.
Былі ж там Марыя Магдалена і другая Марыя, якія сядзелі насупраць магілы.
А Марыя Магдалена і другая Марыя сядзелі насупраць магілы.
А на наступны дзень, які пасьля дня прыгатаваньня, сабраліся першасьвятары і фарысэі ў Пілата,
А на другі дзень, які ёсьць пасьля дня Прыгатаваньня, сабраліся першасьвятары і фарысэі ў Пілата
кажучы: «Пане! Мы ўзгадалі, што падманшчык той, як быў яшчэ жывы, казаў: “Праз тры дні ўваскрэсну”.
і казалі: "Пане, прыпомнілі мы, што ашуканец гэты яшчэ жывы казаў: "Па трох днях уваскрэсну".
Дык загадай вартаваць магілу да трэцяга дня, каб не прыйшлі вучні Ягоныя ўначы, і ня ўкралі Яго, і не сказалі народу: “Ён уваскрос з мёртвых”. І будзе апошні падман горшы за першы».
Дык загадай сьцерагчы магілу аж да трэцяга дня, каб часам не прыйшлі вучні Яго і ня выкралі Яго ды не сказалі людзям: "Паўстаў з мёртвых", бо тады апошні падман будзе горшы за першы".
Пілат жа прамовіў да іх: «Маеце варту; ідзіце, вартуйце, як ведаеце».
Пілат сказаў ім: "Маеце варту, ідзіце і сьцеражыце, як умееце".
Яны ж, пайшоўшы, вартавалі магілу з вартаю, запячатаўшы камень.
Яны, пайшоўшы, забясьпечылі магілу вартай, ды запячаталі камень.