Мацьвея 9 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

І, увайшоўшы ў човен, Ён пераплыў назад, і прыйшоў у Свой горад.
 
Затым Езус, увайшоўшы ў лодку, пераправіўся (назад) і прыбыў у свой горад.

І вось, прынесьлі да Яго спараліжаванага, які ляжаў на ложку. І, бачачы веру іх, Ісус сказаў спараліжаванаму: «Будзь пэўным, дзіця! Адпускаюцца табе грахі твае».
 
І зараз прынесьлі да Яго спараліжаванага, лежачага на ложку. І, бачачы іхнюю веру, (Езус) сказаў спараліжаванаму: "Вер, сыне, адпускаюцца табе твае грахі".

І вось, некаторыя з кніжнікаў сказалі самі ў сабе: «Ён блюзьніць».
 
І вось жа некаторыя з кніжнікаў думалі сабе: "Ён блюзьніць".

І, бачачы думкі іхнія, Ісус сказаў: «Чаму злое вы падумалі ў сэрцах вашых?
 
Езус жа, пранікшы іх думкі, сказаў: "Чаму ліха думаеце ў вашых сэрцах?

Бо што лягчэй сказаць: “Адпускаюцца табе грахі”, ці сказаць: “Устань і хадзі”?
 
Што лягчэй сказаць: "Адпускаюцца табе грахі", ці таксама: "Устань і хадзі?"

Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі», — кажа тады спараліжаванаму: «Устань, вазьмі ложак твой і ідзі ў дом твой».
 
А каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае на зямлі ўладу адпушчаньня грахоў, — кажа тады спараліжаванаму: "Устань, вазьмі ложак твой і ідзі ў дом твой".

І, устаўшы, ён пайшоў у дом свой.
 
Дык той устаў і пайшоў да дому свайго.

Бачачы гэтае, натоўпы зьдзівіліся і славілі Бога, Які даў такую ўладу людзям.
 
Бачачы гэта, грамады праняліся страхам і славілі Бога, што даў такую моц людзям.

І, праходзячы адтуль, Ісус убачыў чалавека, які сядзеў на мытні, званага Мацьвеем, і кажа яму: «Ідзі за Мною». І ён, устаўшы, пайшоў за Ім.
 
І, адыходзячы адтуль, убачыў Езус чалавека, імем Матэвуш, каторы сядзеў пры мытні. Дык сказаў яму: "Хадзі за Мной!" І ён, падняўшыся, пайшоў за Ім.

І сталася, як Ён узьлягаў у доме, вось, шмат мытнікаў і грэшнікаў, прыйшоўшы, узьляглі з Ісусам і вучнямі Ягонымі.
 
І сталася, калі Езус сядзеў за сталом у доме, прыйшлі многія мытнікі і грэшнікі і сядзелі разам з Езусам і Яго вучнямі.

І фарысэі, якія бачылі гэта, сказалі вучням Ягоным: «Дзеля чаго Настаўнік ваш есьць з мытнікамі і грэшнікамі?»
 
Бачачы гэта, фарысэі казалі вучням Ягоным: "Чаму з мытнікамі і грэшнікамі есьць ваш Вучыцель?"

А Ісус, пачуўшы, сказаў ім: «Не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, але хворыя.
 
Пачуўшы ж гэта, Езус сказаў: "Не здаровым трэба лекара, але тым, што блага чуюцца.

Пайдзіце ж, навучыцеся, што значыць: “Міласэрнасьці хачу, а не ахвяры”. Бо Я прыйшоў не праведнікаў, але грэшнікаў клікаць да навяртаньня».
 
Дык ідзіце і навучыцеся, што значыць: "Міласэрдзя хачу, а не ахвяры". Бо не прыйшоў Я прызываць справядлівых, але грэшнікаў".

Тады прыходзяць да Яго вучні Янавы, кажучы: «Чаму мы і фарысэі шмат посьцім, а Твае вучні ня посьцяць?»
 
Затым падышлі да Яго Янавы вучні і казалі: "Чаму гэта мы і фарысэі часта посьцім, а вучні Твае ня посьцяць?"

І сказаў ім Ісус: «Ня могуць плакаць сыны вясельля, пакуль з імі жаніх. Але прыйдуць дні, калі забяруць ад іх жаніха, і тады будуць посьціць.
 
Сказаў ім Езус: "Ці ж могуць вясельнікі сумаваць, пакуль малады з імі? Але прыйдуць дні, калі забяруць ад іх маладога, і тады яны будуць пасьціць.

Ніхто ж не прышывае латкі з новай тканіны да старога адзеньня, бо прышытае аддзярэцца ад адзеньня, і дзіра станецца большая.
 
Ніхто не прышывае латы новага сукна да старога адзеньня, бо яна разьдзірае яго, і дзіра робіцца большай.

Не ўліваюць новага віна ў старыя мяхі, бо рвуцца мяхі, і віно выцякае, і мяхі гінуць; але новае віно ўліваюць у новыя мяхі, тады захоўваецца адно і другое».
 
Таксама не ўліваюць маладое віно ў старыя мяхі, бо яно разрывае мяхі старыя, і віно выліваецца, і мяхі прападаюць. Дык вось маладое віно ўліваюць у новыя мяхі, і такім чынам адно і другое зьберагаецца".

Калі Ён гаварыў ім гэта, вось, падыйшоўшы, начальнік пакланіўся Яму, кажучы: «Дачка мая цяпер памірае, але прыйдзі, ускладзі на яе руку Тваю, і яна ажыве».
 
Калі Езус гэта гаварыў, якраз адзін начальнік падыйшоў да Езуса, і пакланіўся, і сказаў: "Госпадзе, дачка мая перад хвілінай сканала, але прыйдзі, ускладзі на яе сваю руку, і яна жыць будзе".

І, устаўшы, Ісус пайшоў за ім, і вучні Ягоныя.
 
І Езус, падняўшыся, разам з вучнямі сваімі пайшоў за ім.

І вось, жанчына, якая дванаццаць гадоў хварэла на крывацечу, падыйшоўшы ззаду, дакранулася да крыса шаты Ягонай,
 
І вось жанчына, каторая праз дванаццаць гадоў цярпела на крывацёк, падыйшла ззаду і дакранулася да краю адзеньня Яго.

бо яна казала ў сабе: «Калі толькі дакрануся да шаты Ягонай, буду выратаваная».
 
Бо казала сабе: "Калі толькі дакрануся да вопраткі Ягонай, паздаравею".

Ісус жа, павярнуўшыся і ўбачыўшы яе, сказаў: «Будзь пэўная, дачка! Вера твая збавіла цябе». І жанчына ў тую ж гадзіну паздаравела.
 
Езус жа, павярнуўшыся і ўбачыўшы яе, сказаў: "Вер, дачка, вера твая аздаравіла цябе". І аздароўленай была жанчына ад тае хвіліны.

І, прыйшоўшы ў дом начальніка і ўбачыўшы жалейнікаў і ўзрушаны натоўп,
 
А Езус прыйшоў у дом начальніка, і ўбачыў жалейнікаў і натоўп галосячы, і сказаў:

Ісус сказаў ім: «Адыйдзіцеся, бо не памерла дзяўчынка, але сьпіць». І сьмяяліся з Яго.
 
"Адступецеся, не памерла дзяўчына, але сьпіць". Дык сьмяяліся з Яго.

Калі ж вывелі натоўп, Ён, увайшоўшы, узяў яе за руку, і дзяўчынка ўстала.
 
А калі людзей выправілі, увайшоў і ўзяў яе за руку, і дзяўчынка паднялася.

І разыйшлася чутка пра гэта па ўсёй той зямлі.
 
І вестка аб гэтым разыйшлася па ўсёй той зямлі.

І калі Ісус ішоў адтуль, ішлі за Ім два сьляпыя, крычучы і кажучы: «Зьлітуйся над намі, Сыне Давідаў!»
 
Калі Езус адыходзіў адтуль, ішлі за Ім два сьляпыя, крычучы: "Сыне Давідаў, зжалься над намі!"

Калі ж Ён прыйшоў у дом, падыйшлі да Яго сьляпыя. І кажа ім Ісус: «Ці вы верыце, што Я магу гэтае зрабіць?» Кажуць яму: «Так, Госпадзе!»
 
А калі Езус увайшоў у дом, сьляпыя падыйшлі да Яго. Дык Езус спытаўся ў іх: "Ці верыце, што Я магу вам гэта зрабіць?" Сказалі Яму: "Так, Госпадзе".

Тады Ён дакрануўся да вачэй іхніх, кажучы: «Паводле веры вашае няхай станецца вам».
 
Тады Езус дакрануўся да іх вачэй і сказаў: "Хай вам станецца як вы верыце".

І адчыніліся вочы іхнія. І Ісус грозна глянуў на іх, кажучы: «Глядзіце, каб ніхто ня ведаў».
 
І адкрыліся вочы ім. А Езус прыгразіў ім, кажучы: "Глядзіце, каб ніхто пра гэта не даведаўся".

А яны, выйшаўшы, шырылі вестку пра Яго па ўсёй той зямлі.
 
Але яны, адыйшоўшыся, разславілі Яго па ўсёй той зямлі.

Калі ж тыя выходзілі, вось прывялі да Яго чалавека нямога, апанаванага дэманам.
 
Па іх адыходзе прывялі да Яго чалавека нямога, апанаванага нячыстым.

І, калі дэман быў выгнаны, нямы загаварыў, і натоўп зьдзіўляўся, кажучы: «Ніколі не здаралася гэткае ў Ізраілі».
 
Калі ж выгнаў нячыстага духа, нямы той прагаварыў. Дык дзівіліся людзі і казалі: "Ніколі гэтага не здаралася ў Ізраэлю".

А фарысэі казалі: «Праз князя дэманаў Ён выганяе дэманаў».
 
Фарысэі ж казалі: "Сілай князя д'ябальскага выганяе ліхія духі".

І абыходзіў Ісус усе гарады і мястэчкі, навучаючы ў сынагогах, і абвяшчаючы Эвангельле Валадарства, і аздараўляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у народзе.
 
І абходзіў Езус усе гарады і вёскі, вучачы ў сынагогах, і вешчучы Эвангельле Каралеўства Божага, і аздараўляючы ўсякую хваробу ды ўсякую немач.

Убачыўшы ж натоўпы, Ён зьлітаваўся над імі, што былі саслабелыя і расьцярушаныя, быццам авечкі, якія ня маюць пастуха.
 
Бачачы людзей, Езус шкадаваў іх, бо былі зьняможаныя і кінутыя як авечкі бяз пастыра.

Тады кажа вучням Сваім: «Сапраўды, жніво багатае, а работнікаў мала.
 
Затым сказаў вучням сваім: "Жніво вялікае, але працаўнікоў мала.

Дык прасіце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво Сваё».
 
Дык прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў працаўнікоў на жніво сваё".