Мацьвея 4 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 1999
Тады Ісус заведзены быў Духам у пустыню дзеля спакушэньня праз д’ябла,
Пасьля Езус быў заведзены Духам у пустыню для спакушаньня д'яблам.
і, прапасьціўшы сорак дзён і сорак начэй, нарэшце згаладнеў.
І, папасьціўшы сорак дзён і сорак начэй, пачуўся галодным.
І, падыйшоўшы да Яго, спакусьнік сказаў: «Калі Ты — Сын Божы, скажы, каб камяні гэтыя сталіся хлябамі».
Дык прыступіўся да Яго спакусьнік і сказаў: "Калі Ты — Сын Божы, скажы, каб гэтыя каменьні перамяніліся ў хлеб".
Ён жа, адказваючы, сказаў яму: «Напісана: “Ня хлебам адным будзе жыць чалавек, але ўсякім словам, што выходзіць з вуснаў Божых”».
(Езус) у адказ сказаў яму: "Напісана: ня толькі хлебам жыве чалавек, але і кожным словам, якое паходзіць з вуснаў Божых".
Потым бярэ Яго д’ябал у сьвяты горад, і стаўляе на самым версе сьвятыні,
Затым пераносіць Яго д'ябал у сьвяты горад і ставіць на версе сьвятыні,
і кажа Яму: «Калі Ты — Сын Божы, кінься ўніз, бо напісана: “Анёлам Сваім загадае пра Цябе, і на руках панясуць Цябе, каб не спатыкнуўся аб камень нагою Тваёю”».
і кажа Яму: "Калі Ты — Сын Божы, дык кінься ўніз; бо напісана: "Анёлам сваім паручыў (Бог) Цябе, і яны на руках панясуць Цябе, каб часам аб камень не скалечыў нагі Тваёй".
Ісус сказаў яму: «Ізноў жа напісана: “Не спакушай Госпада, Бога твайго”».
Езус сказаў яму: "Зноў жа напісана: "Не спакушай Госпада, Бога твайго".
Ізноў бярэ Яго д’ябал на вельмі высокую гару, і паказвае Яму ўсе валадарствы сьвету і славу іх,
Дык зноў пераносіць Яго д'ябал на вельмі высокую гару ды паказвае Яму ўсе каралеўствы сьвету і іх славу,
і кажа Яму: «Усё гэта дам Табе, калі, упаўшы, паклонішся мне».
і кажа Яму: "Усё гэта аддам Табе, калі ўпадзеш і паклонішся мне".
Тады Ісус кажа яму: «Адыйдзі ад Мяне, шатан! Бо напісана: “Госпаду, Богу твайму, пакланяйся і Яму аднаму служы”».
Тады Езус сказаў яму: "Ідзі ад Мяне, шатан! Бо напісана: "Госпаду, Богу твайму, кланяцца будзеш і аднаму Яму служыць будзеш".
Тады пакідае Яго д’ябал; і вось, анёлы прыступіліся і служылі Яму.
Тады пакінуў Яго д'ябал, і вось прыступіліся анёлы і служылі Яму.
А пачуўшы, што Ян у вязьніцы, Ісус адыйшоў у Галілею.
Калі Езус пачуў, што Ян увязьнены, то перанёсься ў Галілею.
І, пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і асеў у Капэрнауме прыморскім, у межах Завулёна і Нэфталі,
Затым, пакінуўшы горад Назарэт, прыйшоў і абжыўся ў Кафарнаўме надморскім, на рубяжы плямён Забулёна і Нэфталі,
каб споўнілася сказанае праз прарока Ісаю, які кажа:
каб збылося прадказанае прарокам Ісаям, які казаў:
«Зямля Завулёна і зямля Нэфталі, на дарозе прыморскай за Ярданам, Галілея паганская,
"Зямля Забулёна і зямля Нэфталі, на дарозе прыморскай за Ярданам, Галілея паганская;
народ, які сядзеў у цемры, убачыў сьвятло вялікае, і тым, што сядзелі ў краіне і ценю сьмерці, сьвятло зазьзяла».
народ, які сядзеў у цемры, убачыў сьвятло вялікае, і седзячым у краі засеня сьмерці ўзыйшло сьвятло.
З таго часу Ісус пачаў абвяшчаць і казаць: «Навярніцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае».
Адсюль пачаў Езус вучыць і казаць: Навяртайцеся, бо прыблізілася Каралеўства Нябеснае".
Праходзячы ж недалёка ад мора Галілейскага, Ён убачыў двух братоў, Сымона, называнага Пятром, і Андрэя, брата ягонага, якія закідалі сеткі ў мора, бо яны былі рыбаловы,
А калі Езус ішоў каля мора Галілейскага, убачыў двух братоў — Сымона, называнага Пятром, і Андрэя, брата яго, як запускалі сеткі ў мора, бо былі рыбакамі.
і кажа ім: «Ідзіце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі чалавекаў».
І сказаў ім: "Хадзеце за Мной! Зраблю вас рыбакамі людзей".
І яны адразу, пакінуўшы сеці, пайшлі за Ім.
Яны, адразу кінуўшы сеткі, пайшлі за Ім.
Ідучы адтуль далей, убачыў Ён іншых двух братоў, Якуба Заўдыявага і Яна, брата ягонага, у чаўне з Заўдыем, бацькам іхнім, якія правілі сеці свае, і паклікаў іх.
І, пайшоўшы адтуль, убачыў двух іншых братоў, Якуба Зэбэдэявага і Яна, брата ягонага, як з бацькам сваім, Зэбэдэям, правілі сеткі ў лодцы, і паклікаў іх.
І яны адразу, пакінуўшы човен і бацьку свайго, пайшлі за Ім.
А яны адразу, пакінуўшы сеткі і бацьку, пайшлі за Ім.
І хадзіў Ісус па ўсёй Галілеі, навучаючы ў сынагогах іхніх і абвяшчаючы Эвангельле Валадарства, і аздараўляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у народзе.
І аыбходзіў Езус усю Галілею, і вучыў у сынагогах іх, і вясьціў Эвангельле Каралеўства, ды аздараўляў сярод людзей усякую хваробу і ўсякую немач.
І прайшлі пра Яго чуткі па ўсёй Сірыі, і прыводзілі да Яго ўсіх нядужых, з рознымі хворасьцямі і пакутамі, і апанаваных дэманамі, і люнатыкаў, і спараліжаваных, і Ён іх аздараўляў.
І аб Ім разыйшлася слава па ўсёй Сырыі. Дык прыносілі да Яго ўсіх рознымі немачамі хварэючых і церпячых, ды апанаваных ліхім, і люнатыкаў, і спараліжаваных, і Езус аздараўляў іх.
І ішлі за Ім шматлікія натоўпы з Галілеі, і Дэкапалю, і Ерусаліму, і Юдэі, і з таго боку Ярдану.
І хадзілі за Ім вялікія грамады з Галілеі, і з Дэкаполя, і з Ерузаліма, і з Юдэі, ды з-за Ярдана.