Мацьвея 12 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 1999
У той час праходзіў Ісус у суботу праз палеткі. Вучні ж Ягоныя былі галодныя і пачалі зрываць каласы і есьці.
У той час у суботу праходзіў Езус каля збожжа. Вучні ж Ягоныя былі галодныя і пачалі зрываць каласы і есьці.
А фарысэі, убачыўшы гэтае, сказалі Яму: «Вось, вучні Твае робяць, што ня сьлед рабіць у суботу».
Убачыўшы гэта, фарысэі казалі Езусу: "Вось жа вучні Твае робяць, чаго не належыцца рабіць у дні суботнія".
Ён жа сказаў ім: «Ці ж вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі быў галодны сам і тыя, што з ім?
Тады кажа ім Езус: "Ці не чыталі, што зрабіў Давід, калі чуў голад, ды тыя, што з ім былі?
Як ён увайшоў у дом Божы і еў хлябы пакладныя, якіх не належала есьці ані яму, ані тым, што з ім былі, а толькі адным сьвятарам?
Як увайшоў у дом Божы і еў хлябы пакладныя, каторых есьці не належыцца ані яму, ані тым, што з ім былі, але толькі сьвятарам?
Альбо ці не чыталі вы ў Законе, што ў суботы сьвятары ў сьвятыні парушаюць суботу, і бязьвінныя?
Няўжо не чыталі ў Законе, што ў суботу сьвятары ў сьвятыні парушаюць суботу, але застаюцца без віны.
Кажу ж вам, што тут ёсьць большы за сьвятыню.
Але кажу вам, што тут ёсьць большы, чым сьвятыня.
Калі б вы разумелі, што значыць: “Міласэрнасьці хачу, а не ахвяры”, не асудзілі б бязьвінных.
Калі б вы ведалі, што значыць: "Міласэрдзя хачу, а не ахвяры", дык ніколі не асуджалі б нявінных.
Бо Сын Чалавечы ёсьць Гаспадар і суботы».
Бо Сын Чалавечы ёсьць Гаспадар і суботы."
І, адыйшоўшы адтуль, Ён увайшоў у сынагогу іхнюю.
Адыйшоўшыся адтуль, прыйшоў Езус у іхнюю сынагогу.
І вось, быў чалавек, які меў сухую руку. І спыталіся ў Яго, каб абвінаваціць Яго, кажучы: «Ці належыцца аздараўляць у суботу?»
І быў там чалавек сухарукі. Дык пыталіся ў Езуса: "Ці выпадае аздараўляць у суботу?", каб магчы Яго абвінаваціць.
Ён жа сказаў ім: «Ці ёсьць сярод вас чалавек, які мае адну авечку, і калі яна ў суботу ўпадзе ў яму, ці ня возьме ён яе і ня выцягне?
Езус жа сказаў ім: "Калі б хто з вас меў адну толькі авечку, і тая ўвалілася б у дол у дзень суботні, ці ж ён ня схопіць яе і ня выцягне.
Дык на колькі чалавек лепшы за авечку? Так што можна ў суботу рабіць дабро».
У колькі ж разоў даражэйшы чалавек, чым авечка. Таму выпадае дабро рабіць і ў суботу".
Тады кажа таму чалавеку: «Выцягні руку тваю!» І той выцягнуў, і зрабілася яна здаровая, як другая.
Затым кажа гэнаму чалавеку: "Выцягні тваю руку". І ён выцягнуў, і сталася яна здаровай, як другая.
А фарысэі, выйшаўшы, учынілі нараду супраць Яго, каб Яго загубіць.
А фарысэі, выйшаўшы, раіліся адносна Езуса, як загубіць Яго.
Але Ісус, даведаўшыся, пайшоў адтуль; і пайшлі за Ім вялікія натоўпы, і Ён аздаравіў іх усіх.
А Езус, даведаўшыся пра гэта, пайшоў адтуль. І за Ім ішло многа людзей, і Ён аздараўляў іх усіх,
І забараніў ім, каб не выяўлялі Яго,
і загадваў ім, каб Яго не выяўлялі,
каб споўнілася сказанае праз прарока Ісаю, які кажа:
каб споўнілася тое, што сказана Ісаям прарокам, які сказаў:
«Вось, Юнак Мой, Якога Я выбраў, Улюбёны Мой, у Якім мае ўпадабаньне душа Мая. Ускладу Дух Мой на Яго, і Ён абвесьціць народам суд.
"Вось жа Слуга Мой, якога Я выбраў, умілаваны Мой, у якім мае упадабаньне душа Мая. Пакладу на Яго Духа Майго, і Ён абвесьціць народам суд.
Ня будзе сварыцца, ані крычаць, і ніхто не пачуе на вуліцах голасу Яго.
Ня будзе вадзіцца і ня будзе крычаць, ніхто не пачуе голасу Яго на вуліцах.
Трысьціны надламанай не пераломіць і лёну, што дыміцца, не загасіць, пакуль ня дасьць суду перамогі.
Трысьціны надломленай ня зломіць і дымячага лёну не патушыць, аж пакуль давядзе суд да перамогі,
І на імя Ягонае будуць спадзявацца народы».
ды ў Яго імю народы надзею мець будуць".
Тады прывялі да Яго апанаванага дэманам сьляпога і нямога, і Ён аздаравіў яго, так што сьляпы і нямы стаў і гаварыць, і бачыць.
Затым прывялі да Яго апанаванага ліхім, разам ён быў сьляпы і нямы. І Езус яго аздаравіў, так што стаў гаварыць і бачыць.
І дзівіліся ўсе натоўпы, і казалі: «Ці ня гэта Сын Давідаў?»
І ўсе грамады дзівіліся і казалі: "Ці ж гэта ня сын Давіда?"
А фарысэі, пачуўшы, казалі: «Ён выганяе дэманаў не іначай, як праз Бэльзэбула, князя дэманаў».
А фарысэі, чуючы гэта, казалі: "гэты толькі праз Бэльзэбуля, князя дэманаў выганяе злых духаў".
А Ісус, ведаючы думкі іхнія, сказаў ім: «Усякае валадарства, якое разьдзялілася само ў сабе, апусьцее; і ўсякі горад ці дом, які разьдзяліўся сам у сабе, ня будзе стаяць.
Езус жа, ведаючы іхнія думкі, казаў ім: "Усякае каралеўства, разьдзіранае само ў сабе, разваліцца, ды кожны горад або дом, разьдзіраны нязгодай, не ўстаіць.
І калі шатан шатана выганяе, ён разьдзяліўся сам у сабе. Як можа ўстаяць валадарства ягонае?
Дык калі шатан шатана выганяе, дык і яго разьдзірае нязгода. Як жа ўтрымаецца каралеўства яго?
І, калі Я праз Бэльзэбула выганяю дэманаў, дык сыны вашыя праз каго выганяюць? Дзеля гэтага яны будуць вам судзьдзямі.
І калі Я праз Бэльзэбуля выганяю дэманаў, дык праз каго выганяюць сыны вашыя? Дзеля таго яны будуць вашымі суддзямі.
А калі Я Духам Божым выганяю дэманаў, значыцца, дасягнула вас Валадарства Божае.
Але калі Я Духам Божым выганяю дэманаў, значыць прыйшло да вас Каралеўства Божае.
Або як можа хто ўвайсьці ў дом асілка і абрабаваць рэчы ягоныя, калі раней ня зьвяжа асілка, і тады абрабуе дом ягоны.
Або як можа хто ўвайсьці ў дом асілка і абрабаваць яго рэчы, калі перш ня зьвяжа асілка? І толькі тады дом яго абрабуе.
Хто не са Мною, той супраць Мяне; і хто не зьбірае са Мною, той раскідвае.
Хто не са Мною, той супраць Мяне; і хто са Мною не зьбірае, той раскідае.
Дзеля гэтага кажу вам: усякі грэх і блюзьнерства будзе адпушчана людзям, а блюзьнерства на Духа ня будзе адпушчана людзям.
Таму кажу вам: кожны грэх і блюзьнерства будуць людзям адпушчаны, але блюзьнерства на Духа ня будзе адпушчана.
І калі хто скажа слова супраць Сына Чалавечага, будзе адпушчана яму; а калі хто скажа супраць Духа Сьвятога, ня будзе адпушчана яму ані ў гэтым веку, ані ў будучым.
Хто скажа што супраць Сына Чалавечага, будзе яму адпушчана, а хто што казаў бы супраць Духа Сьвятога, ня будзе яму адпушчана ані ў гэтым, ані ў будучым веку.
Або ўчыніце дрэва добрым і плод ягоны добрым, або ўчыніце дрэва благім і плод ягоны благім, бо дрэва пазнаецца паводле пладоў.
Альбо прызнайце дрэва добрым і плод яго добры, альбо прызнайце дрэва ліхім, і плод яго ліхі, бо з плоду пазнаецца дрэва.
Спараджэньне яхідны! Як вы можаце гаварыць добрае, калі вы злыя? Бо з перапоўненага сэрца гавораць вусны.
Зьмяіны род! Як жа вы можаце што добрае гаварыць, калі самі вы благія. Бо з паўнаты сэрца і вусны гавораць.
Добры чалавек з добрага скарбу сэрца выносіць добрае, а злы чалавек са злога скарбу выносіць злое.
Добры чалавек з добрага скарбца (сэрца) добрыя дастае рэчы, а ліхі чалавек з благога скарбца дастае ліхія рэчы.
Кажу ж вам, што ўсякае пустое слова, якое скажуць людзі, аддасцца ім у дзень суду.
Кажу вам, што з кожнага пустога слова, што людзі кажуць, здадуць яны справаздачу ў судны дзень.
Бо паводле словаў сваіх будзеш апраўданы і паводле словаў сваіх будзеш асуджаны».
Бо па словах тваіх будзеш апраўданы, дыпа словах сваіх будзеш асуджаны".
Тады адказалі некаторыя з кніжнікаў і фарысэяў, кажучы: «Настаўнік! Хочам бачыць ад Цябе знак».
Тады некаторыя кніжнікі і фарысэі казалі Яму: "Вучыцель, хацелі б мы бачыць ад Цябе знак".
Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Пакаленьне злое і чужаложнае шукае знакаў, і знакі ня будуць дадзены яму, апрача знаку Ёны прарока.
Ён у адказ сказаў ім: "ліхі род і чужаложны знаку патрабуе, але ня будзе яму дадзены знак, адно знак Ёны прарока.
Бо як Ёна быў у чэраве кіта тры дні і тры ночы, так і Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы.
Бо як Ёна быў у жываце вялікай рыбы тры дні і тры ночы, так Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы.
Нініўцы ўстануць на суд з пакаленьнем гэтым і асудзяць яго, бо яны навярнуліся праз пропаведзь Ёны; і вось, тут большы за Ёну.
Нінівійцы стануць на судзе разам з родам гэтым ды асудзяць яго. Бо яны навярнуліся на прызыў Ёны; а вось тут большы, чым Ёна!
Валадарка з Поўдня паўстане на суд з пакаленьнем гэтым і асудзіць яго, бо яна прыходзіла з краю зямлі паслухаць мудрасьці Салямона; і вось, тут большы за Салямона.
Каралева з Поўдня стане на судзе з родам гэтым ды асудзіць яго. Бо яна прыбыла з канца зямлі паслухаць мудрасьці Салямона; а вось тут большы, чым Салямон!
Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, праходзіць праз бязводныя месцы, шукаючы супачынку, і не знаходзіць.
Калі нячысты дух пакіне чалавека, бадзяецца па бязводных местах, шукаючы адпачынку, ды не знаходзіць.
Тады кажа: “Вярнуся ў дом мой, адкуль я выйшаў”. І, прыйшоўшы, знаходзіць яго незанятым, вымеценым і прыбраным.
Тады кажа: "Вярнуся ў дом свой, скуль выйшаў". Ды прыйшоўшы, знаходзіць яго пустым, вымеценым і прыбраным.
Тады ідзе і бярэ з сабою сем іншых духаў, зьлейшых за сябе, і, увайшоўшы, жывуць там; і для чалавека таго апошняе стаецца горш за першае. Так будзе і з гэтым пакаленьнем злым».
Тады ідзе і бярэ з сабой сем іншых духаў, горшых ад сябе, ды, увайшоўшы, пражываюць там. І будуць пазьнейшыя справы таго чалавека горшыя за папярэднія. Так станецца і з гэтым родам крывадушным".
Калі ж Ён яшчэ гаварыў да натоўпаў, вось, маці і браты Ягоныя сталі вонкі, шукаючы гаварыць з Ім.
Калі Езус яшчэ гаварыў да народу, вось жа Маці Ягоная і браты сталі перад домам, хочучы з Ім пагаварыць.
А нехта сказаў Яму: «Вось маці Твая і браты Твае стаяць вонкі, шукаючы гаварыць з Табою».
Нехта сказаў Яму: "Вось Маці Твая і браты Твае стаяць перад домам, хочучы пагаварыць з Табою".
Ён жа, адказваючы, сказаў таму, які гаварыў з Ім: «Хто маці Мая, і хто браты Мае?»
А Ён сказаў у адказ гаварыўшаму: "Хто Маці Мая і хто браты Мае?"
І, выцягнуўшы руку Сваю на вучняў Сваіх, сказаў: «Вось маці Мая і браты Мае.
І, паказваючы рукой на вучняў сваіх, сказаў: "Вось Маці Мая і браты Мае.
Бо хто выконвае волю Айца Майго, Які ў небе, той Мне брат, і сястра, і маці».
Хто вось спаўняе волю Айца Майго, які ў небе, той Мне брат, і сястра, і матка".