Мацьвея 25 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Тады падобнае будзе Валадарства Нябеснае да дзесяці дзяўчынаў, якія, узяўшы лямпы свае, выйшлі насустрач жаніху.
 
З Каралеўствам Нябесным будзе падобна, як з дзесяцьцю дзяўчатамі, каторыя са сьветачамі выйшлі сустрэць жаніха.

А пяць з іх былі мудрыя, і пяць — дурныя.
 
Пяць з іх было неразумных, а пяць — разумных.

Тыя, што былі дурныя, узяўшы лямпы свае, ня ўзялі з сабою алею.
 
Тыя пяць неразумных, узяўшы сьветачы, не ўзялі з сабою алівы.

А мудрыя ўзялі алей у пасудзінах сваіх разам з лямпамі сваімі.
 
Разумныя ж узялі алівы ў свае пасудзіны разам са сьветачамі.

А як жаніх замарудзіў, задрамалі ўсе і паснулі.
 
А як жаніх марудзіў, задрамалі ўсе і паснулі.

А сярод ночы ўзьняўся крык: “Вось, жаніх ідзе, выходзьце насустрач яму!”
 
А паўночы ўзьняўся крык: "Вось жаніх ідзе, выходзьце яму на спатканьне".

Тады ўсталі ўсе тыя дзяўчыны і направілі лямпы свае.
 
Тады падняліся ўсе дзяўчаты і заагледзелі свае сьветачы.

Дурныя ж сказалі мудрым: “Дайце нам вашага алею, бо лямпы нашыя згасаюць”.
 
Неразумныя сказалі мудрым: "Дайце нам вашай алівы, бо нашыя сьветачы тухнуць".

А мудрыя адказалі, кажучы: “Каб хапіла і нам, і вам, ідзіце лепш да прадаўцоў і купіце сабе”.
 
Разумныя адказалі ім: "Каб часам не хапіла і нам і вам, лепш ідзіце да прадаўцоў ды купіце сабе".

Калі ж пайшлі яны купляць, прыйшоў жаніх, і падрыхтаваныя ўвайшлі з ім на вясельле, і дзьверы былі зачыненыя.
 
Калі яны пайшлі купляць, прыбыў жаніх, дык тыя, што былі прыгатаваны, увайшлі з ім на вясельле. І дзьверы зачынілі.

А пасьля прыходзяць і другія дзяўчыны, кажучы: “Пане, пане! Адчыні нам!”
 
Пасьля прыйшлі і астаўшыяся дзяўчаты, просячыся: "Госпадзе, Госпадзе, адчыні нам!"

Ён жа, адказваючы, сказаў: “Сапраўды кажу вам: ня ведаю вас”.
 
Але Ён у адказ сказаў: "Сапраўды кажу вам, што Я ня ведаю вас".

Дык чувайце, бо ня ведаеце ані дня, ані гадзіны, у якую прыйдзе Сын Чалавечы.
 
Дык чувайце, бо ня ведаеце дня ані хвіліны.

Бо, як чалавек, выяжджаючы, паклікаў слугаў сваіх і даў ім маёмасьць сваю.
 
Таксама як адзін чалавек, выязджаючы далёка, склікаў сваіх слугаў і даручыў ім сваю маёмасьць.

І аднаму даў пяць талентаў, а іншаму — два, а іншаму — адзін; кожнаму паводле сілы ягонай, і адразу выехаў.
 
І аднаму даручыў пяць талентаў, а другому два, а іншаму адзін, кожнаму паводле ягонай здольнасьці, і адразу выехаў.

Той, які ўзяў пяць талентаў, пайшоўшы, працаваў з імі і прыдбаў другія пяць талентаў.
 
Той, катораму даручана было пяць талентаў, пайшоў і зарабіў імі другія пяць.

Гэтаксама і той, [які ўзяў] два, прыдбаў і другія два.
 
Падобна і той, катораму даручана было два, зрабіў другія два.

А той, які ўзяў адзін, адыйшоўшы, закапаў яго ў зямлю і схаваў срэбра пана свайго.
 
А той, катораму даручаны быў адзін, пайшоў закапаў яго ў зямлю ды схаваў грошы гаспадара свайго.

Праз доўгі час прыходзіць пан слугаў тых і рахуецца з імі.
 
Затым па доўгім часе вярнуўся гаспадар слугаў тых і пачаў рахавацца з імі.

І, падыйшоўшы, той, які ўзяў пяць талентаў, прынёс другія пяць талентаў, кажучы: “Пане, пяць талентаў ты даў мне; вось другія пяць талентаў я прыдбаў на іх”.
 
Прыйшоўшы той, катораму даручана было пяць талентаў, прынёс пяць другіх талентаў і сказаў: "Гаспадару, ты даў мне пяць талентаў; вось я здабыў другіх пяць талентаў".

А пан ягоны прамовіў да яго: “Добра, добры і верны слуга! У малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць пана твайго”.
 
Кажа яму гаспадар ягоны: "Добра, слуга добры і верны; у малым быў ты верны, дам табе ўладу над многім; увайдзі ў радасьць гаспадара твайго".

Падыйшоўшы, той, які ўзяў два таленты, сказаў: “Пане, два таленты ты даў мне, вось, другія два таленты я прыдбаў на іх”.
 
Прыйшоў таксама той, катораму даручаны былі два таленты, і сказаў: "Гаспадару, ты даручыў мне два таленты, а я зарабіў другія два".

Прамовіў да яго пан ягоны: “Добра, добры і верны слуга! У малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць пана твайго”.
 
Сказаў яму гаспадар ягоны: "Добра, слуга добры і верны; ты быў у малым верны, дам табе ўладу над многім; увайдзі ў радасьць гаспадара твайго".

А той, які ўзяў адзін талент, падыйшоўшы, сказаў: “Пане, я ведаю цябе, што ты — чалавек жорсткі, які жне, дзе ня сеяў, і зьбірае, дзе не рассыпаў.
 
Прыйшоўшы і той, катораму даручаны быў адзін талент, сказаў: "Гаспадару, ведаю, што ты — чалавек жорсткі, жнеш, дзе не пасеяў, і зьбіраеш, дзе не рассыпаў.

І, збаяўшыся, я пайшоў і схаваў талент твой у зямлю; вось, трымай тваё”.
 
Дык баючыся, пайшоў я і закапаў твой талент у зямлю: вось бяры, што тваё".

Адказваючы, пан ягоны сказаў яму: “Злы слуга і лянівы! Ты ведаў, што я жну, дзе ня сеяў, і зьбіраю, дзе не рассыпаў.
 
У адказ гаспадар яго сказаў: "Слуга благі і гультай! Ты ведаў, што я жну, дзе ня сеяў, і зьбіраю, дзе не рассыпаў.

Дык мусіў ты аддаць срэбра маё купцам; і я, прыйшоўшы, атрымаў бы сваё з прыбыткам.
 
Дык належалася б табе мае грошы даць банкірам, а я па павароце атрымаў, бы што маё, з прыбыткам.

Дык вазьміце ў яго талент і дайце таму, які мае дзесяць талентаў.
 
Таму вазьміце ад яго гэты талент і дайце таму, хто мае дзесяць талентаў.

Бо ўсякаму, хто мае, будзе дадзена і памножыцца, а ў таго, хто ня мае, і тое, што мае, будзе ўзята ў яго.
 
Бо кожнаму, хто мае, будзе дабаўлена, і ён будзе мець удосталь; а ў таго, хто ня мае, адбяруць і тое, што мае.

А нягоднага слугу кіньце ў цемру вонкавую; там будзе плач і скрыгат зубоў”.
 
А слугу нягоднага ўкіньце ў цемру вонкавую; там будзе плач і скрыгатаньне зубамі.

А калі прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй, і ўсе сьвятыя анёлы з Ім, тады Ён сядзе на пасадзе славы Сваёй.
 
А калі прыйдзе Сын Чалавечы ў славе сваёй і ўсе анёлы разам з Ім, тады Ён сядзе на троне славы сваёй.

І будуць сабраныя перад Ім усе народы; і Ён аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў.
 
І зьбяруцца перад Ім ўсе народы, і Ён аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авец ад казлоў.

І паставіць авечак праваруч Сябе, а казлоў — леваруч.
 
І Ён паставіць авец па правым баку, а казлоў — па левым.

Тады скажа Валадар тым, якія праваруч Яго: “Ідзіце, дабраслаўлёныя Айцом Маім, вазьміце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад заснаваньня сьвету.
 
Тады скажа Кароль тым, што па правым баку Яго: "Хадзіце, багаслаўлёныя Айца Майго; атрымаеце Каралеўства, прыгатаванае вам ад заснаваньня сьвету.

Бо Я быў галодны, і вы далі Мне есьці; Я смагнуў, і вы напаілі Мяне; быў чужынцам, і вы прынялі Мяне,
 
Бо быў Я галодны, і вы накармілі Мяне; быў засьмягшы, і вы далі Мне піць; быў госьцем, і вы прынялі Мяне;

быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязьніцы, і вы прыйшлі да Мяне”.
 
быў голы, і вы прыадзелі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў вязьнем, і вы прыйшлі да Мяне.

Тады адкажуць Яму праведнікі, кажучы: “Госпадзе! Калі мы бачылі Цябе галодным і накармілі, ці сасьмяглым і напаілі?
 
Тады справядлівыя скажуць: "Госпадзе, калі ж мы Цябе бачылі галодным і накармілі Цябе? Калі ж мы Цябе бачылі засьмягшым і далі Табе піць?

Калі ж мы бачылі Цябе чужынцам і прынялі, ці голым і апранулі?
 
Або калі мы бачылі госьцем і прынялі Цябе, або голым і прыадзелі Цябе?

Калі ж мы бачылі Цябе хворым, ці ў вязьніцы, і прыйшлі да Цябе?”
 
Або калі Цябе бачылі хворым або вязьнем і адведалі Цябе?"

І, адказваючы, Валадар скажа ім: “Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі”.
 
І Кароль адкажа ім: "Сапраўды кажу вам: Што зрабілі вы аднаму з гэтых братоў маіх найменшых, тое Мне зрабілі".

Тады скажа Ён і тым, якія леваруч: “Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, падрыхтаваны д’яблу і анёлам ягоным.
 
Ды скажа тым, што на лева ад Яго будуць: "Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, прыгатаваны д'яблу і анёлам ягоным.

Бо Я быў галодны, і вы ня далі Мне есьці; смагнуў, і вы не напаілі Мяне;
 
Бо быў Я галодны, і вы ня далі Мне есьці, быў Я засьмягшы, і вы не далі Мне піць;

быў чужынцам, і вы не прынялі Мяне; быў голы, і вы не апранулі Мяне; быў хворы і ў вязьніцы, і вы не адведалі Мяне”.
 
быў Я госьцем, і вы не прынялі Мяне; быў голы, і вы не прыадзелі Мяне; быў хворым і вязьнем, і вы не наведалі Мяне".

Тады і яны адкажуць Яму, кажучы: “Госпадзе, калі мы бачылі Цябе галодным, ці сасьмяглым, ці чужынцам, ці голым, ці хворым, ці ў вязьніцы, і не паслужылі Табе?”
 
Тады скажуць яны Яму: "Госпадзе, калі мы бачылі Цябе галодным, або засьмягшым, або госьцем, або голым, або хворым, або вязьнем і не прыслужылі Табе?"

Тады адкажа Ён ім, кажучы: “Сапраўды кажу вам: тое, што вы не зрабілі аднаму з гэтых меншых, Мне не зрабілі”.
 
Тады, адказваючы, скажа ім: "Сапраўды кажу вам: Чаго вы не зрабілі аднаму з тых найменшых, дык і Мне не зрабілі".

І пойдуць гэтыя на пакараньне вечнае, а праведнікі — у жыцьцё вечнае».
 
І пойдуць тыя на вечную муку, а справядлівыя — у жыцьцё вечнае".