Мацьвея 17 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

І праз шэсьць дзён бярэ Ісус Пятра, Якуба і Яна, брата ягонага, і вядзе іх на гару высокую адных.
 
Затым па шасьці днях узяў Езус Пятра, Якуба і Яна, брата яго, і завёў іх асобна на высокую гару.

І Ён перамяніўся перад імі, і сьвяцілася аблічча Ягонае, як сонца, а шаты Ягоныя сталіся белыя, як сьвятло.
 
І перамяніўся перад імі; і аблічча Яго зазьзяла як сонца, а адзеньне Яго сталася белым як сьвятло.

І вось, зьявіліся ім Майсей і Ільля, ведучы гутарку з Ім.
 
І зараз жа паказаліся ім Майсей і Гальяш, размаўляючы з Езусам.

Адказваючы, Пётар сказаў Ісусу: «Госпадзе! Добра нам тут быць; калі хочаш, зробім тут тры намёты: Табе адзін, і Майсею адзін, і адзін Ільлі».
 
Дык Пётар зьвярнуўся да Езуса: "Госпадзе, добра нам тут быць. Калі хочаш, зробім тут тры палаткі: Табе адну, Майсею адну і Гальяшу адну".

Калі ён яшчэ гаварыў, вось, воблака сьветлае ахінула іх; і вось, голас з воблака, які кажа: «Гэта Сын Мой улюбёны, у Якім маю ўпадабаньне; Яго слухайце».
 
Калі ён яшчэ гэта гаварыў, вось жа яркае воблака закрыла іх. Ды голас пачуўся з воблака: "Гэта Сын Мой умілаваны, у якім Я маю ўпадабаньне; Яго слухайце".

І, пачуўшы, вучні ўпалі на аблічча сваё і моцна спужаліся.
 
І, чуючы гэта, вучні ўпалі на твар свой і надта спалохаліся.

І Ісус, падыйшоўшы, дакрануўся да іх і сказаў: «Устаньце і ня бойцеся!»
 
Затым падыйшоў да іх Езус і дакрануўся іх, кажучы: "Устаньце і ня бойцеся".

Падняўшы ж вочы свае, яны нікога ня ўбачылі, акрамя аднаго Ісуса.
 
І, падняўшы вочы свае, яны нікога болей ня бачылі, адно самога Езуса.

І калі яны зыходзілі з гары, Ісус загадаў ім, кажучы: «Нікому не кажыце пра гэты відзеж, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсьне з мёртвых».
 
І калі зыходзілі з гары, загадаў ім Езус: "Нікому не кажыце пра гэту зьяву, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсьне".

І спыталіся ў Яго вучні Ягоныя, кажучы: «Чаму ж кніжнікі кажуць, што Ільля мусіць прыйсьці спачатку?»
 
І пыталіся ў Яго вучні Ягоныя: "Чаму кніжнікі цьвердзяць, што Гальяш мае прыбыць раней?"

А Ісус, адказваючы, сказаў ім: «Ільля сапраўды прыйдзе спачатку і направіць усё.
 
А Езус у адказ сказаў ім: "Гальяш, што праўда, прыйдзе і направіць усё.

А Я кажу вам, што Ільля ўжо прыйшоў, і не пазналі яго, але ўчынілі з ім, як хацелі; гэтак і Сын Чалавечы мае перацярпець ад іх».
 
Але кажу вам, што Гальяш ўжо прыйшоў, але яго не пазналі ды абыйшліся з ім, як хацелі. Але таксама і Сын Чалавечы будзе ад іх цярпець".

Тады вучні зразумелі, што Ён казаў ім пра Яна Хрысьціцеля.
 
Тады зразумелі вучні, што Езус гаварыў ім аб Яне Хрысьціцелю.

І калі яны прыйшлі да натоўпу, падыйшоў да Яго чалавек, падаючы перад ім на калені і кажучы:
 
Калі Езус вярнуўся да народу, падыйшоў да Яго чалавек, упаў перад Ім на калені

«Госпадзе! Зьлітуйся над сынам маім, ён люнатык і цяжка церпіць; бо часта кідаецца ў агонь і часта ў ваду.
 
і прасіў: "Госпадзе, зжалься над сынам маім, бо ён — люнатык, і многа церпіць, часта кідаецца ў агонь або ў ваду.

І я прыводзіў яго да вучняў Тваіх, і яны не маглі аздаравіць яго».
 
Я прывёў яго да Тваіх вучняў, але яны не маглі яго аздаравіць".

Ісус жа, адказваючы, сказаў: «О, пакаленьне бязьвернае і сапсаванае! Дакуль буду з вамі? Дакуль буду цярпець вас? Прывядзіце яго да Мяне сюды».
 
Езус жа, адказваючы, сказаў: "О родзе няверны і пераваротны, дакуль буду з вамі? Ды як доўга буду вас цярпець? Прынясіце яго да Мяне".

І забараніў яму Ісус, і дэман выйшаў з яго, і хлопец быў аздароўлены ў тую гадзіну.
 
І насварыўся на яго; і дэман пакінуў яго, і ў тую хвіліну хлопец паздаравеў.

Тады вучні, падыйшоўшы да Ісуса насамоце, сказалі: «Чаму мы не маглі выгнаць яго?»
 
Тады пакрыёму падыйшлі да Езуса вучні і спыталіся: "Чаму мы не маглі выгнаць яго?"

А Ісус сказаў ім: «Дзеля недаверства вашага. Бо сапраўды кажу вам: калі вы маеце веру, як гарчычнае зерне, і скажаце гары гэтай: “Перайдзі адгэтуль туды”, дык яна пяройдзе; і нішто ня будзе немагчымым для вас.
 
Ён сказаў ім: "Дзеля вашае малой веры. Сапраўды кажу вам: Калі б вы мелі веру як зярнятка гарчычнае, сказалі б вы гэтай гары: "Перайдзі адсюль туды", і пяройдзе. Нічога для вас няма немагчымага.

Гэты ж род выходзіць толькі праз малітву і пост».
 
Такі бо род не выганяецца інакш, як праз малітву і пост".

Калі ж былі яны ў Галілеі, Ён сказаў ім: «Сын Чалавечы мае быць выдадзены ў рукі людзей,
 
Калі яны прабывалі ў Галілеі, сказаў ім Езус: "Сын Чалавечы мае быць выдадзены ў рукі людзей,

і заб’юць Яго, і на трэці дзень Ён уваскрэсьне». І яны дужа засмуціліся.
 
і яны заб'юць Яго, і на трэці дзень Ён уваскрэсьне". Дык яны сталіся сумнымі.

Калі ж прыйшлі яны ў Капэрнаум, падыйшлі да Пятра зьбіральнікі дыдрахмаў і сказалі: «Настаўнік ваш ці ня дасьць дыдрахмы?»
 
І калі яны падыйшлі ў Кафарнаўм, прыйшлі да Пятра тыя, што зьбіралі дыдрахмы, і сказалі яму: "Ці Вучыцель ваш заплаціць дыдрахму?"

Ён кажа: «Так». І калі ён увайшоў у дом, Ісус папярэдзіў яго, кажучы: «Як ты думаеш, Сымоне, валадары зямныя з каго бяруць мыта ці даніну, ці са сваіх сыноў, ці з чужых?»
 
Ён сказаў: "Пэўна". І калі ён увайшоў у дом, уперадзіў яго Езус і сказаў: "Што думаеш, Сымоне? Каралі зямныя з каго бяруць чынш або падатак: ці са сваіх сыноў, ці з чужых?"

Пётар кажа Яму: «З чужых». Сказаў яму Ісус: «Значыцца, сыны вольныя.
 
Пётр сказаў: "З чужых". Сказаў яму Езус: "Дык значыць сыны свабодныя".

Але, каб нам не згаршаць іх, пайшоўшы на мора, кінь вуду, і першую рыбу, якая пападзецца, вазьмі, і, расчыніўшы ёй рот, знойдзеш статыр; узяўшы яго, аддай ім за Мяне і за сябе».
 
Але, каб мы іх ня згоршылі, ідзі да мора і закінь вуду, і першую злоўленую рыбу вазьмі і, адкрыўшы ёй пыск, знойдзеш статыр. Узяўшы яго, дай ім за Мяне і за сябе".