Мацьвея 24 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 1999
І, выйшаўшы, Ісус ішоў ад сьвятыні; і падыйшлі вучні Ягоныя, каб паказаць Яму пабудовы сьвятыні.
Калі Езус, пакінуўшы сьвятыню, ішоў ад яе, прыступіліся вучні Ягоныя, каб паказаць Яму пабудовы сьвятыні.
А Ісус сказаў ім: «Ці бачыце ўсё гэтае? Сапраўды кажу вам: не застанецца тут камяня на камяні, які б ня быў зруйнаваны».
Ён ім у адказ сказаў: "Бачыце гэта ўсё? Сапраўды кажу вам: Не застанецца з гэтага камень на камені, які б ня быў развалены".
А калі сядзеў Ён на гары Аліўнай, падыйшлі да Яго вучні насамоце, кажучы: «Скажы нам, калі гэта будзе, і які знак Твайго прыйсьця і сканчэньня веку?»
А калі Езус сядзеў на Аліўнай гары, прыйшлі вучні адны да Яго і пыталіся: "Скажы, калі гэта будзе, ды што за знак папярэдзіць прыход Твой і канец сьвету?"
І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Глядзіце, каб ніхто не падмануў вас,
У адказ сказаў ім Езус: "Глядзіце, каб хто вас ня зьвёў.
бо многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы: “Я — Хрыстос”, — і шмат каго падмануць.
Бо многа прыйдзе ў імя Маё і скажа: "Я — Хрыстос", і многіх зьвядуць.
Маеце чуць пра войны і чуткі ваенныя. Глядзіце, не трывожцеся, бо ўсё гэта мусіць стацца, але гэта яшчэ не канец.
Калі вы пачуеце пра войны і чуткі ваенныя, глядзіце, не трывожцеся, бо гэта адбыцца павінна, але гэта яшчэ не канец.
Бо паўстане народ на народ і валадарства на валадарства; і будуць голад, і пошасьці, і землятрусы месцамі.
Падымецца народ на народ, і каралеўства на каралеўства, і будуць пошасьці, голад, месцамі землятрусы.
А ўсё гэтае — пачатак мукаў радзін.
Гэта ўсё толькі пачатак мукаў.
Тады будуць выдаваць вас на пакуты і забіваць вас, і зьненавідзяць вас усе народы за імя Маё.
Тады будуць выдаваць вас на мукі і забіваць вас будуць, ды будзеце вы зьненавіджаны ўсімі народамі дзеля імя Майго.
І тады згоршацца многія; і будуць выдаваць адзін аднаго, і ненавідзець адзін аднаго.
І тады многія згоршацца, і будуць выдаваць адзін другога, і ненавідзець будзе адзін другога,
І многія фальшывыя прарокі паўстануць, і падмануць многіх.
і зьявяцца многа фальшывых прарокаў і будуць зводзіць многіх.
І дзеля памнажэньня беззаконьня ў многіх асьцюдзянее любоў.
І таму, што ўзрасьце нягоднасьць, астыне любоў у многіх.
А хто вытрывае да канца, будзе збаўлены.
Але хто вытрывае да канца, будзе збаўлены.
І будзе абвешчанае гэтае Эвангельле Валадарства па ўсім сьвеце на сьведчаньне ўсім народам, і тады прыйдзе канец.
І будзе прапаведавана Эвангельле Каралеўства па ўсім сьвеце на сьведчаньне ўсім народам; і тады настане канец.
Дык калі ўбачыце агіду спусташэньня, пра якую сказаў Данііл прарок, што паўстане на месцы сьвятым, — хто чытае, няхай зразумее, —
Дык калі ўбачыце агіду спусташэньня, дакрануўшую і сьвятыя месцы, прадказаную Даніелем прарокам, хто чытае, хай разумее, —
тады тыя, што ў Юдэі, няхай бягуць у горы,
тады тыя, што ў Юдэі, хай уцякаюць у горы,
хто на даху, няхай не зыходзіць узяць што з дому свайго,
і хто на даху, хай не зыходзіць узяць штосьці з дому;
і хто ў полі, няхай не варочаецца назад узяць адзеньне сваё.
і хто на полі, хай не варочаецца забраць свой плашч.
Гора ж тым, якія цяжарныя і якія кормяць грудзьмі, у тыя дні.
Гора цяжарным і кормячым у тыя дні.
Маліцеся ж, каб ня сталіся ўцёкі вашыя зімою або ў суботу.
Дык прасіце, каб вашыя ўцёкі ня былі ўзімку, ці ў суботу.
Бо тады будзе вялікі прыгнёт, якога не было ад пачатку сьвету аж дагэтуль, і ня будзе.
Бо тады будзе вялікі прыгнёт, якога не было ад пачатку сьвету аж дасюль, дый ня будзе.
І калі б не былі скарочаныя тыя дні, не было б збаўленае ніводнае цела, але дзеля выбраных будуць скарочаныя тыя дні.
І каб не былі скарочаны тыя дні, ніхто б не захаваўся, але дзеля выбраных будуць скарочаныя тыя дні.
Тады, калі хто скажа вам: “Вось, тут Хрыстос, ці там”, — ня верце.
Тады, калі б хто вам казаў: "Вось тут Хрыстос", або: "Там", ня верце.
Бо паўстануць фальшывыя хрысты і фальшывыя прарокі і дадуць вялікія знакі і цуды, каб падмануць, калі магчыма, і выбраных.
Паўстануць вось фальшывыя хрысты і фальшывыя прарокі, і будуць тварыць вялікія знакі і цуды, каб падмануць, калі гэта магчыма, нават выбраных.
Вось, Я наперад сказаў вам.
Таму Я вам гэта сказаў наперад.
Дык, калі скажуць вам: “Вось, Ён у пустыні”, — не выходзьце; “Вось, Ён у пакоях”, — ня верце.
Дык калі б вам затым сказалі: "Вось Ён упустыні", не выходзьце; "Вось Ён у нутры дамоў, ня верце".
Бо, як бліскавіца выходзіць з усходу і сьвеціць да захаду, так будзе і прыйсьце Сына Чалавечага.
Бо як маланка засьвеціцца на ўсходзе і бачнай будзе на захадзе, так будзе і з прыходам Сына Чалавечага.
Бо дзе мёртвае цела, там зьбяруцца і арлы.
Дзе б было цела, там зьбяруцца і арлы.
А адразу пасьля прыгнёту дзён тых сонца зацьмее, і месяц ня дасьць сьвятла свайго, і зоркі ўпадуць з неба, і сілы нябесныя захістаюцца.
А зараз па муках тых дзён сонца зацьмее, і месяц ня дасьць сьвятла свайго, і з неба зоркі падаць будуць, і сілы нябесныя скалануцца.
І тады зьявіцца знак Сына Чалавечага ў небе, і тады заплачуць усе калены зямлі і ўгледзяць Сына Чалавечага, Які ідзе на аблоках нябесных з сілаю і славаю вялікаю.
І тады паявіцца на небе знак Сына Чалавечага, ды тады заплачуць усе плямёны зямныя. І ўбачаць Сына Чалавечага, прыходзячага ў аблоках нябесных з магуцем і славаю вялікай.
І пашле Ён анёлаў Сваіх з гучным голасам трубным, і зьбяруць яны выбраных Ягоных ад чатырох вятроў, ад краю неба да краю яго.
І Ён пашле анёлаў сваіх з трубою і голасам гучным, ды зьбяруць выбраных Яго з чатырох вятроў, ад скраю неба аж да краю яго.
У дрэва фігавага навучыцеся прыповесьці: калі ўжо галінка ягоная робіцца мяккаю і пускае лісты, ведаеце, што блізка лета.
А ад фіговага дрэва бярыце прыклад: Калі ўжо галінка яго мякчэе і пускае лісты, ведаеце, што ўжо блізка лета.
Гэтак і вы, калі ўбачыце ўсё гэтае, ведайце, што блізка, у дзьвярах.
Так і вы, калі ўбачыце ўсё гэта, ведайце, што ўжо блізка, у дзьвярах.
Сапраўды кажу вам: не праміне пакаленьне гэтае, як усё гэта станецца.
Сапраўды кажу вам: Не праміне гэтае пакаленьне, пакуль усё гэта станецца.
Неба і зямля прамінуць; а словы Мае не прамінуць.
Неба і зямля счэзнуць, але слова Маё не праміне.
А пра дзень той і гадзіну ніхто ня ведае, нават анёлы, якія ў небе, а толькі Айцец Мой адзін.
Што да дня таго і хвіліны, ніхто ня ведае, ані анёлы ў небе, ані Сын, а толькі Айцец адзін.
Але, як было ў дні Ноя, так будзе і ў прыйсьце Сына Чалавечага.
І як было ў дні Ноя, так будзе і прыйсьце Сына Чалавечага.
Бо як было ў дні перад патопам: елі, пілі, жаніліся і замуж выходзілі, аж да таго дня, як увайшоў Ной у каўчэг,
Бо як у той час перад патопам елі і пілі, жаніліся і замуж аддавалі, аж да таго дня, у які Ной увайшоў у каўчэг,
і не разумелі, пакуль не прыйшоў патоп і не забраў усіх, так будзе і ў прыйсьце Сына Чалавечага.
і не агледзеліся, як нахлынуў патоп і патапіў усіх, так будзе і ў прыход Сына Чалавечага.
Тады будуць двое ў полі: адзін бярэцца, а другі пакідаецца.
Тады двух будзе ў полі: аднаго забяруць, а другога пакінуць.
Дзьве, якія мелюць у жорнах: адна бярэцца, а другая пакідаецца.
Дзьве будуць малоць у жорнах: адну возьмуць, другую пакінуць.
Дык чувайце, бо ня ведаеце, у якую гадзіну Госпад ваш прыйдзе.
Дык чувайце, бо ня ведаеце, у якую пару прыйдзе Госпад ваш.
Вы ж разумееце тое, што, калі б ведаў гаспадар дому, у якую варту прыйдзе злодзей, чуваў бы і не дапусьціў падкапаць дом свой.
А гэта ведайце, што каб гаспадар ведаў, у якую пару злодзей мае прыйсьці, пільнаваўся б і не дазволіў бы ўламацца ў дом свой.
Дзеля гэтага і вы будзьце падрыхтаваныя, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў гадзіну, у якую ня думаеце.
Таму і вы будзьце прыгатаваны, бо ў пару, аб якой вы ня думаеце, Сын Чалавечы прыйдзе.
Хто такі верны і мудры слуга, якога гаспадар ягоны паставіў над хатнімі сваімі даваць ім ежу ў свой час?
Хто, думаеш, ёсьць верным і разумным слугою, якога паставіў пан над домам сваім, каб ён у вызначаны час зааглядаў яго харчамі?
Шчасьлівы той слуга, якога гаспадар ягоны, прыйшоўшы, знойдзе, што робіць гэтак.
Багаслаўлены той слуга, якога, прыйшоўшы, гаспадар знойдзе, што ён так робіць.
Сапраўды кажу вам, што над усёю маёмасьцю сваёю паставіць яго.
Сапраўды кажу вам, што паставіць яго валодаць усёю сваёю маёмасьцю.
А калі скажа той злы слуга ў сэрцы сваім: “Марудзіць прыйсьці гаспадар мой”, —
А калі скажа той слуга ў сэрцы сваім: "Марудзіць пан мой з прыйсьцем",
і пачне біць таварышаў сваіх, таксама есьці і піць з п’яніцамі, —
і пачне біць таварышаў сваіх, есьці і піць з п'яніцамі,
прыйдзе гаспадар слугі таго ў дзень, у які ён не чакае, і ў гадзіну, у якую ня ведае,
то прыбудзе пан ягоны ў дзень неспадзяваны, у пару невядомую
і адлучыць яго, і ўчыніць яму адзін лёс з крывадушнікамі; там будзе плач і скрыгат зубоў.
і выганіць яго, ды прызначыць яму долю з крывадушнікамі: там будзе плач і скрыгатаньне зубамі.