2 да Карынфянаў 1 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Павал, з волі Божай апостал Ісуса Хрыста, і Цімафей, брат, — царкве Божай, што ў Карыньце, з усімі сьвятымі, якія ў-ва ўсёй Ахаі:
 
Павал, з волі Божай пакліканы на апостала Езуса Хрыста, і Цімафей, брат, царкве Божай ў Карыньце з усімі сьвятымі, што ў-ва ўсёй Ахаі:

ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
 
ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада Езуса Хрыста.

Дабраслаўлёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Айцец міласэрнасьці і Бог усякага пацяшэньня,
 
Багаслаўлены Бог і Айцец Госпада нашага Езуса Хрыста, Айцец міласэрдзя і Бог усякае пацехі,

Які пацяшае нас у кожным прыгнёце нашым, каб мы маглі пацяшаць тых, якія ў-ва ўсялякім прыгнёце, пацяшэньнем, якім Бог пацяшае нас!
 
які пацяшае нас у кожным нашым горы, каб мы самі маглі пацяшаць тых, каторыя ў якой-колечы бядзе, пацехаю, якую атрымоўваем ад Бога.

Бо як памнажаюцца ў нас пакуты Хрыстовыя, гэтак праз Хрыста памнажаецца і пацяшэньне нашае.
 
Бо як у нас памнажаюцца цярпеньні Хрыстовы, так і праз Хрыста павялічваюцца пацяшэньні нашыя.

А калі мы сьціснутыя, дык дзеля вашага пацяшэньня і збаўленьня, якое зьдзяйсьняецца праз перажываньне тых самых пакутаў, якія і мы церпім. Калі мы пацешаныя, дык дзеля вашага пацяшэньня і збаўленьня.
 
І калі мы пераносім гора, дык для пацяшэньня і для збаўленьня вашага; а калі мы цешымся, дык для вашага пацяшэньня, якое робіць, што і вы стойка пераносіце гэтыя самыя мучэньні, каторыя і мы перажываем.

І надзея нашая на вас цьвёрдая, бо мы ведаем, што вы супольнікі як пакутаў, так і пацяшэньня.
 
І што да вас надзея нашая вялікая, бо ведаем, што вы ёсьць як супольнікамі мукаў, так і (супольнікамі) пацяшэньня.

Бо мы ня хочам, каб вы, браты, ня ведалі пра наш прыгнёт, які стаўся нам у Азіі, бо бязьмерна цяжка было нам і па-над сілу, так што мы згубілі надзею застацца жывымі.
 
Ня хочам, браты, каб вы ня ведалі, якое гора сталася нам у Азіі, як нас страшна прыціснула па-над сілы, што не хацелася жыць.

Але мы мелі самі ў сабе прысуд сьмяротны, каб спадзявацца не на саміх сябе, але на Бога, Які ўваскрашае мёртвых,
 
Але мы самі ў сабе адчувалі прысуд сьмерці, каб не пакладацца на саміх сябе, але на Бога, каторы ўваскрашае памёршых.

Які і выбавіў нас ад так вялікай сьмерці, і выбаўляе, на Якога спадзяемся, што і яшчэ выбаўляць будзе
 
Ён і выбавіў нас ад раптоўнае небясьпекі сьмерці, і выбаўляе, і мы маем у Ім надзею, што і далей будзе выбаўляць,

пры дапамозе і вашай малітвы за нас, каб за дараванае нам па просьбе многіх дзякавалі за нас многія.
 
за дапамогай вашых малітваў за нас, каб за дар, атрыманы дзеля (просьбаў) многіх, многія падзяку складалі за нас.

Бо пахвала нашая гэткая — сьведчаньне сумленьня нашага, што мы ў прастаце і шчырасьці Божай, не ў цялеснай мудрасьці, але ў ласцы Божай жылі ў сьвеце, а асабліва ў вас.
 
Бо пахвала для нас — гэта сьведчаньне сумленьня нашага, што ў прастаце сэрца ды ў шчырасьці перад Богам, і не ў цялеснай мудрасьці, але ў ласцы Божай жылі мы на сьвеце, асабліва ў вас.

Бо мы пішам вам ня што іншае, але тое, што вы чытаеце ці пазнаяцё, а спадзяюся, што да канца спазнаеце,
 
Ня пішам бо вам нічога, як толькі тое, што вы — чытаеце і што разумееце. Спадзяюся, што і да канца будзеце нас разумець.

як вы часткова і даведаліся ад нас, што мы — пахвала вашая, як і вы — нашая, у дзень Госпада Ісуса.
 
Вы ўжо часткова зразумелі нас, што мы будзем пахвалою вашаю, так як вы — нашаю ў дзень Госпада нашага Езуса.

І з гэтай пэўнасьцю я хацеў прыйсьці да вас раней, каб вы другі раз мелі ласку,
 
І з такой пэўнасьцю я ўжо раней рыхтаваўся прыбыць да вас, каб атрымалі вы паўторную ласку,

і праз вас прайсьці ў Македонію, і зноў з Македоніі прыйсьці да вас, а вы правялі б мяне ў Юдэю.
 
і ад вас направіцца ў Македонію, а з Македоніі зноў наведаць вас, каб вы правялі мяне ў Юдэю.

Маючы гэткую пастанову, ці я лёгкадумна зрабіў? Ці тое, што я пастанаўляю, паводле цела пастанаўляю, каб было ў мяне «Так, так» і «Не, не»?
 
Калі я ўсё гэта плянаваў, ці рабіў гэта лёгкадумна? Ці рашаючыся на гэта, вырашаў па цялеснаму, каб было ў мяне адначасна: "так, так" і "не, не"?

Верны ж Бог, што слова нашае да вас не было «Так» і «Не»!
 
Верны Бог, што слова нашае да вас не было: "так" і "не"!

Бо Сын Божы, Ісус Хрыстос, Якога мы ў вас абвяшчалі, і я, і Сілуан, і Цімафей, ня быў «Так» і «Не», але было ў Ім «Так».
 
Бо Сын Божы Езус Хрыстос, пра якога мы вам вясьцілі, — я, і Сільван, і Цімафей, — ня быў: "так" і "не", але ў Ім было "так".

Бо ўсе абяцаньні Божыя ў Ім «Так» і ў Ім «Амэн», на славу Богу праз нас.
 
Колькі бо абяцаньняў Божых, усе яны ў Ім "так". Таму таксама праз Яго кажацца "Амэн" Богу на хвалу праз нас.

А Той, Які зацьвердзіў нас з вамі ў Хрысьце і памазаў нас, ёсьць Бог,
 
А Той, хто нас умацоўвае разам з вамі ў Хрысьце, ды хто нас намасьціў, ёсьць Бог,

Які і запячатаў нас, і даў заруку Духа ў сэрцы нашыя.
 
які і палажыў на нас пячатку сваю ды пакінуў заруку Духа ў сэрцах нашых.

Прызываю Бога ў сьведкі на душу маю, што, шкадуючы вас, я дагэтуль не прыйшоў у Карынт;
 
Дык прызываю на сьведку Бога ў душы маёй, што, шкадуючы вас, я дасюль не прыходзіў у Карынт

не таму, што мы пануем над вераю вашай, але мы супрацоўнікі ў радасьці вашай, бо ў веры вы стаіцё.
 
не дзеля таго, што мы валадарым над верай вашай, але мы памочнікі вашае радасьці, бо ў веры вы моцныя.