Мацьвея 4 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 1999
Пасля Ісус быў заведзены ў пустыню Духам для спакушэння д’яблам.
Пасьля Езус быў заведзены Духам у пустыню для спакушаньня д'яблам.
І, пасля таго, як посціў сорак дзён і сорак начэй, пачуўся галодным.
І, папасьціўшы сорак дзён і сорак начэй, пачуўся галодным.
І, прыступіўшы да Яго, спакуснік сказаў: «Калі Ты — Сын Божы, скажы, каб гэтыя камяні зрабіліся хлебам».
Дык прыступіўся да Яго спакусьнік і сказаў: "Калі Ты — Сын Божы, скажы, каб гэтыя каменьні перамяніліся ў хлеб".
Той, адказваючы, прамовіў: «Напісана: “Не хлебам адзіным толькі будзе жыць чалавек, але і кожным словам, якое паходзіць з вуснаў Божых”».
(Езус) у адказ сказаў яму: "Напісана: ня толькі хлебам жыве чалавек, але і кожным словам, якое паходзіць з вуснаў Божых".
Потым пераносіць Яго д’ябал у святы горад і ставіць Яго на вышыні святыні,
Затым пераносіць Яго д'ябал у сьвяты горад і ставіць на версе сьвятыні,
і кажа Яму: «Калі Ты — Сын Божы, дык кінься ўніз; бо напісана: “Загадаў Ён анёлам Сваім наконт Цябе, на руках будуць насіць Цябе, каб часам не скалечыў аб камень нагі Сваёй”».
і кажа Яму: "Калі Ты — Сын Божы, дык кінься ўніз; бо напісана: "Анёлам сваім паручыў (Бог) Цябе, і яны на руках панясуць Цябе, каб часам аб камень не скалечыў нагі Тваёй".
Гаворыць яму Ісус: «Ізноў жа напісана: “Не спакушай Госпада, Бога твайго”».
Езус сказаў яму: "Зноў жа напісана: "Не спакушай Госпада, Бога твайго".
Ізноў пераносіць Яго д’ябал на вельмі высокую гару ды паказвае Яму ўсе валадарствы свету і іх славу,
Дык зноў пераносіць Яго д'ябал на вельмі высокую гару ды паказвае Яму ўсе каралеўствы сьвету і іх славу,
і кажа Яму: «Усё гэта аддам Табе, калі, упаўшы, паклонішся мне».
і кажа Яму: "Усё гэта аддам Табе, калі ўпадзеш і паклонішся мне".
Тады кажа яму Ісус: «Ідзі прэч ад Мяне, шатан! Бо напісана: “Госпаду, Богу твайму, пакланяцца будзеш і аднаму Яму служыць будзеш”».
Тады Езус сказаў яму: "Ідзі ад Мяне, шатан! Бо напісана: "Госпаду, Богу твайму, кланяцца будзеш і аднаму Яму служыць будзеш".
Тады пакінуў Яго д’ябал, і вось, анёлы прыступіліся і паслугавалі Яму.
Тады пакінуў Яго д'ябал, і вось прыступіліся анёлы і служылі Яму.
Калі ж Ісус пачуў, што Ян выдадзены, то адышоў у Галілею.
Калі Езус пачуў, што Ян увязьнены, то перанёсься ў Галілею.
І, пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і абжыўся ў Кафарнаўме прыморскім,
Затым, пакінуўшы горад Назарэт, прыйшоў і абжыўся ў Кафарнаўме надморскім, на рубяжы плямён Забулёна і Нэфталі,
у межах Забулона і Нэфталі, каб збылося, што прадказана прарокам Ісаем, які кажа:
каб збылося прадказанае прарокам Ісаям, які казаў:
«Зямля Забулона і зямля Нэфталі, на шляху прыморскім за Ярданам, Галілея паганская;
"Зямля Забулёна і зямля Нэфталі, на дарозе прыморскай за Ярданам, Галілея паганская;
народ, які сядзеў у цемры, святло ўбачыў вялікае, і для тых, што сядзяць у краіне засені смерці, святло ўзышло».
народ, які сядзеў у цемры, убачыў сьвятло вялікае, і седзячым у краі засеня сьмерці ўзыйшло сьвятло.
Адсюль пачаў Ісус прапаведаваць і казаць: «Навяртайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае».
Адсюль пачаў Езус вучыць і казаць: Навяртайцеся, бо прыблізілася Каралеўства Нябеснае".
А калі ішоў каля мора Галілейскага, убачыў двух братоў — Сімона, які завецца Пётрам, і Андрэя, брата яго, як запускалі сеткі ў мора, бо былі рыбаловамі.
А калі Езус ішоў каля мора Галілейскага, убачыў двух братоў — Сымона, называнага Пятром, і Андрэя, брата яго, як запускалі сеткі ў мора, бо былі рыбакамі.
І гаворыць ім: «Ідзіце за Мной! Зраблю вас лаўцамі людзей».
І сказаў ім: "Хадзеце за Мной! Зраблю вас рыбакамі людзей".
Яны, адразу кінуўшы сеткі, пайшлі за Ім следам.
Яны, адразу кінуўшы сеткі, пайшлі за Ім.
І, ідучы далей адтуль, Ён убачыў двух іншых братоў, Якуба Зебядзеева і Яна, брата яго, якія ў чоўне з бацькам сваім, Зебядзеем, правілі сеткі, і паклікаў іх.
І, пайшоўшы адтуль, убачыў двух іншых братоў, Якуба Зэбэдэявага і Яна, брата ягонага, як з бацькам сваім, Зэбэдэям, правілі сеткі ў лодцы, і паклікаў іх.
І яны адразу, пакінуўшы човен і бацьку, пайшлі за Ім следам.
А яны адразу, пакінуўшы сеткі і бацьку, пайшлі за Ім.
І хадзіў Ісус па ўсёй Галілеі наўкола, навучаючы ў сінагогах іх і прапаведуючы добрую вестку Валадарства, ды аздараўляў людзей ад усякай хваробы і ўсякай немачы.
І аыбходзіў Езус усю Галілею, і вучыў у сынагогах іх, і вясьціў Эвангельле Каралеўства, ды аздараўляў сярод людзей усякую хваробу і ўсякую немач.
І разышлася слава Яго па ўсёй Сірыі. Дык прыводзілі да Яго ўсіх немачных, рознымі хваробамі і пакутамі апанаваных, і апанаваных дэманамі, і лунатыкаў, і паралітыкаў, і Ён аздараўляў іх.
І аб Ім разыйшлася слава па ўсёй Сырыі. Дык прыносілі да Яго ўсіх рознымі немачамі хварэючых і церпячых, ды апанаваных ліхім, і люнатыкаў, і спараліжаваных, і Езус аздараўляў іх.
І хадзілі за Ім вялікія натоўпы з Галілеі, і з Дэкапаля, і з Ерузаліма, і з Юдэі, ды з-за Ярдана.
І хадзілі за Ім вялікія грамады з Галілеі, і з Дэкаполя, і з Ерузаліма, і з Юдэі, ды з-за Ярдана.