1 да Цімафея 6 разьдзел
Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2003
Усе слугі, якія пад ярмом, няхай лічаць уладароў сваіх вартымі ўсякае пашаны, каб не было блюзьнерства на імя Божае і вучэньне.
Нявольнікі, якія пад ярмом, няхай лічаць сваіх гаспадароў дастойнымі ўсякай павагі, каб імя Божае і навука не зневажаліся.
Тыя ж, якія верных маюць за ўладароў, няхай не пагарджаюць імі, што яны браты, але больш няхай служаць ім, таму што яны верныя і ўлюбёныя, удзельнікі дабрадзействаў [Божых]. Гэтага навучай і ўпрошвай.
Якія маюць гаспадароў верных, няхай імі не пагарджаюць, бо яны браты, але няхай служаць больш, бо яны верныя і ўлюбёныя, яны саўдзельнікі ў дабрачыннасці. Вучы гэтаму і заклікай.
Калі хто навучае іначай і не ідзе за здаровымі словамі Госпада нашага Ісуса Хрыста і за вучэньнем пра пабожнасьць,
Калі хто вучыць інакш і не прытрымліваецца здаровых слоў Госпада нашага Ісуса Хрыста і навукі, згоднай з пабожнасцю,
той узьбіўся ў пыху, нічога не разумеючы, але хварэючы на спрэчкі і кіданьне словамі, ад якіх стаецца зайздрасьць, сварка, блюзьнерствы, зласьлівыя падазрэньні,
той ганарлівец, які нічога не разумее, але мае схільнасць спрачацца ў справах і кідаць словамі, з якіх паўстаюць нянавісць, звадкі, блюзнерствы, ліхія падазрэнні,
пустыя гутаркі між людзьмі зьнішчанага розуму і пазбаўленымі праўды, якія думаюць, што пабожнасьць — [сродак] дзеля прыбытку. Аддаляйся ад гэтакіх.
пустыя спрэчкі між людзьмі тупагаловымі, пазбаўленымі праўды і думаючымі, што пабожнасць для набытку.
Але вялікі прыбытак — пабожнасьць разам з задаволенасьцю.
Але вялікім набыткам ёсць пабожнасць разам з задаволенасцю.
Бо мы нічога не прынесьлі ў сьвет; зразумела, што і нічога вынесьці ня можам.
Бо нічога мы не прынеслі на свет, а значыць, і вынесці нічога не можам.
А маючы што есьці і што апрануць, будзем гэтым задаволеныя.
Маючы ж ежу і ў што апрануцца, будзем гэтым задаволены.
Тыя ж, якія хочуць багацець, трапляюць у спакусу, і ў пастку, і ў многія бяздумныя і шкадлівыя пажаданьні, якія топяць людзей у зьнішчэньні і загубе.
А вось тыя, што хочуць стаць багатымі, трапляюць у спакусу і ў пятлю ды ў многія неразумныя і шкодныя пажадлівасці, якія топяць людзей у знішчэнні і загубе.
Бо корань усякага зла ёсьць срэбралюбства, жадаючы якога, некаторыя адступіліся ад веры і самі сябе аддалі на многія мукі.
Бо корань усякіх няшчасцяў ёсць сквапнасць, гонячыся за якой, некаторыя адступілі ад веры і аддалі сябе на шматлікія пакуты.
А ты, чалавек Божы, уцякай ад гэтага, але імкніся да праведнасьці, пабожнасьці, веры, любові, цярплівасьці, пакоры,
А ты, чалавек Божы, пазбягай гэтага. Шукай справядлівасці, пабожнасці, веры, любові, цярплівасці, лагоднасці.
змагайся добрым змаганьнем веры, трымайся за жыцьцё вечнае, да якога ты і пакліканы, і вызнаў добрае вызнаньне перад многімі сьведкамі.
Змагайся добрым змаганнем веры, здабудзь жыццё вечнае, да якога ты пакліканы і дзеля якога ты вызнаў добрае сведчанне перад шматлікімі сведкамі.
Перад Богам, Які ўсё ажыўляе, і перад Хрыстом Ісусам, Які засьведчыў перад Понтыем Пілатам добрае вызнаньне, загадваю табе
Загадваю табе перад Богам, Які ажыўляе ўсё, і Ісусам Хрыстом, Які засведчыў перад Понцкім Пілатам добрае вызнанне,
захаваць гэтае прыказаньне неапаганеным, бездакорным аж да зьяўленьня Госпада нашага Ісуса Хрыста,
каб ты спаўняў прыказанне беззаганна і няўхільна аж да прыходу Госпада нашага Ісуса Хрыста,
якое ў свой час адкрые шчасьлівы і адзіны магутны Валадар тых, хто валадарыць, і Госпад тых, якія пануюць,
якое выявіць у свой час бласлаўлёны і адзіна магутны Валадар валадароў і Госпад пануючых,
Адзіны, Які мае несьмяротнасьць, жыве ў сьвятле недаступным, Якога ніхто з людзей ня бачыў і бачыць ня можа. Яму пашана і ўлада вечная. Амэн.
Які Сам адзін мае несмяротнасць і жыве ў светласці недаступнай, Якога ніхто з людзей не бачыў і бачыць не можа; Яму ўшанаванне і валадаранне вечнае. Амін.
Багатым у цяперашнім веку загадвай, каб яны ня думалі шмат пра сябе і спадзяваліся не на багацьце няпэўнае, але на Бога Жывога, Які дае нам багата ўсё дзеля прыемнасьці;
Багатым гэтага веку загадвай, каб лішне высока пра сябе не думалі і не пакладалі надзеі на няпэўнасць багацця, але спадзяваліся на Бога, Які шчодра дае нам усё патрэбнае для жыцця,
каб рабілі дабро, багацелі добрымі ўчынкамі, былі шчодрыя, дзяліліся,
каб як найбольш рабілі дабра, багацелі добрымі ўчынкамі, былі шчодрымі, дзяліліся,
зьбіраючы сабе скарб, добры падмурак дзеля будучыні, каб трымацца ім за жыцьцё вечнае.
збіралі сабе сапраўдны падмурак на будучае, каб атрымаць жыццё [вечнае].
О, Цімафею! Захоўвай тое, што перададзена табе, ухіляючыся ад паганага марнаслоўя і перакорлівасьці фальшывага веданьня,
О Цімафею, беражы перададзенае табе, абмінай навінкі пустаслоўя і супярэчлівых цверджанняў фальшывай навукі,
пахваляючыся якім, некаторыя адхіліліся ад веры. Ласка з табою. Амэн.
некаторыя прыхільнікі якой адступіліся ад веры. Ласка з вамі.