Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2003

1 да Цімафея 6 1-ы ліст да Цімафея 6 разьдзел

1 Нявольнікі, якія пад ярмом, няхай лічаць сваіх гаспадароў дастойнымі ўсякай павагі, каб імя Божае і навука не зневажаліся.
2 Якія маюць гаспадароў верных, няхай імі не пагарджаюць, бо яны браты, але няхай служаць больш, бо яны верныя і ўлюбёныя, яны саўдзельнікі ў дабрачыннасці. Вучы гэтаму і заклікай.
3 Калі хто вучыць інакш і не прытрымліваецца здаровых слоў Госпада нашага Ісуса Хрыста і навукі, згоднай з пабожнасцю,
4 той ганарлівец, які нічога не разумее, але мае схільнасць спрачацца ў справах і кідаць словамі, з якіх паўстаюць нянавісць, звадкі, блюзнерствы, ліхія падазрэнні,
5 пустыя спрэчкі між людзьмі тупагаловымі, пазбаўленымі праўды і думаючымі, што пабожнасць для набытку.
6 Але вялікім набыткам ёсць пабожнасць разам з задаволенасцю.
7 Бо нічога мы не прынеслі на свет, а значыць, і вынесці нічога не можам.
8 Маючы ж ежу і ў што апрануцца, будзем гэтым задаволены.
9 А вось тыя, што хочуць стаць багатымі, трапляюць у спакусу і ў пятлю ды ў многія неразумныя і шкодныя пажадлівасці, якія топяць людзей у знішчэнні і загубе.
10 Бо корань усякіх няшчасцяў ёсць сквапнасць, гонячыся за якой, некаторыя адступілі ад веры і аддалі сябе на шматлікія пакуты.
11 А ты, чалавек Божы, пазбягай гэтага. Шукай справядлівасці, пабожнасці, веры, любові, цярплівасці, лагоднасці.
12 Змагайся добрым змаганнем веры, здабудзь жыццё вечнае, да якога ты пакліканы і дзеля якога ты вызнаў добрае сведчанне перад шматлікімі сведкамі.
13 Загадваю табе перад Богам, Які ажыўляе ўсё, і Ісусам Хрыстом, Які засведчыў перад Понцкім Пілатам добрае вызнанне,
14 каб ты спаўняў прыказанне беззаганна і няўхільна аж да прыходу Госпада нашага Ісуса Хрыста,
15 якое выявіць у свой час бласлаўлёны і адзіна магутны Валадар валадароў і Госпад пануючых,
16 Які Сам адзін мае несмяротнасць і жыве ў светласці недаступнай, Якога ніхто з людзей не бачыў і бачыць не можа; Яму ўшанаванне і валадаранне вечнае. Амін.
17 Багатым гэтага веку загадвай, каб лішне высока пра сябе не думалі і не пакладалі надзеі на няпэўнасць багацця, але спадзяваліся на Бога, Які шчодра дае нам усё патрэбнае для жыцця,
18 каб як найбольш рабілі дабра, багацелі добрымі ўчынкамі, былі шчодрымі, дзяліліся,
19 збіралі сабе сапраўдны падмурак на будучае, каб атрымаць жыццё [вечнае].
20 О Цімафею, беражы перададзенае табе, абмінай навінкі пустаслоўя і супярэчлівых цверджанняў фальшывай навукі,
21 некаторыя прыхільнікі якой адступіліся ад веры. Ласка з вамі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першы ліст да Цімафея, 6 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.