1 да Цімафея 6 разьдзел

Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Рабы, якія пад ярмом жывуць, павінны ганараваць гаспадароў сваіх як годных усялякае пашаны, каб ня было наганы імю Божаму і вучэньню.
 
Нявольнікі, якія пад ярмом, няхай лічаць сваіх гаспадароў дастойнымі ўсякай павагі, каб імя Божае і навука не зневажаліся.

Тыя, якія маюць гаспадарамі веруючых, не павінны абыходзіцца зь імі нядбайна, бо яны браты; але тым болей павінны служыць ім, бо яны веруючыя і любасныя і дабрачыняць ім. Вучы гэтаму і ўмаўляй.
 
Якія маюць гаспадароў верных, няхай імі не пагарджаюць, бо яны браты, але няхай служаць больш, бо яны верныя і ўлюбёныя, яны саўдзельнікі ў дабрачыннасці. Вучы гэтаму і заклікай.

Хто навучае інакш і ня сьледуе здаровым словам Госпада нашага Ісуса Хрыста і вучэньню пра пабожнасьць,
 
Калі хто вучыць інакш і не прытрымліваецца здаровых слоў Госпада нашага Ісуса Хрыста і навукі, згоднай з пабожнасцю,

той — гардзей і няўмека, захапіўся выпярэдніцтвам і словаблудзьдзем, ад чаго паходзяць зайздрасьць, разлад, намовы, хітрае недавярства,
 
той ганарлівец, які нічога не разумее, але мае схільнасць спрачацца ў справах і кідаць словамі, з якіх паўстаюць нянавісць, звадкі, блюзнерствы, ліхія падазрэнні,

пустыя спрэчкі паміж людзьмі папсаванага розуму, што занядбалі ісьціну, якія думаюць, быццам пабожнасьць служыць прыбытку. Трымайся далей ад такіх.
 
пустыя спрэчкі між людзьмі тупагаловымі, пазбаўленымі праўды і думаючымі, што пабожнасць для набытку.

Вялікі набытак — быць пабожным і задаволеным.
 
Але вялікім набыткам ёсць пабожнасць разам з задаволенасцю.

Бо мы нічога ня прынесьлі ў сьвет; ясна, што нічога ня можам і вынесьці зь яго.
 
Бо нічога мы не прынеслі на свет, а значыць, і вынесці нічога не можам.

Маючы наедак і вопратку, будзем задаволеныя гэтым.
 
Маючы ж ежу і ў што апрануцца, будзем гэтым задаволены.

А ахвотнікі ўзбагачацца ўпадаюць у спакусу і ў нерат і ў многія безразважныя і шкодныя пажадлівасьці, якія ўкідаюць чалавека ў паглум і пагібель;
 
А вось тыя, што хочуць стаць багатымі, трапляюць у спакусу і ў пятлю ды ў многія неразумныя і шкодныя пажадлівасці, якія топяць людзей у знішчэнні і загубе.

бо корань усякага ліха ёсьць срэбралюбства, аддаўшыся якому, некаторыя ўхіліліся ад веры і самі на сябе наклікалі многія смуткі.
 
Бо корань усякіх няшчасцяў ёсць сквапнасць, гонячыся за якой, некаторыя адступілі ад веры і аддалі сябе на шматлікія пакуты.

А ты, чалавеча Божы, пазьбягай гэтага, і шчасьліўся ў праўдзе, пабожнасьці, веры, любові, цярплівасьці, слухмянасьці;
 
А ты, чалавек Божы, пазбягай гэтага. Шукай справядлівасці, пабожнасці, веры, любові, цярплівасці, лагоднасці.

пасабляй добрым подзьвігам веры, трымайся вечнага жыцьця, да якога ты і пакліканы і вызнаў добрую споведзь перад многімі сьведкамі.
 
Змагайся добрым змаганнем веры, здабудзь жыццё вечнае, да якога ты пакліканы і дзеля якога ты вызнаў добрае сведчанне перад шматлікімі сведкамі.

Перад Богам жыцьцядайным і перад Хрыстом Ісусам, Які засьведчыў перад Понціем Пілатам добрае вызнаньне, наказваю табе
 
Загадваю табе перад Богам, Які ажыўляе ўсё, і Ісусам Хрыстом, Які засведчыў перад Понцкім Пілатам добрае вызнанне,

захаваць запаведзь чыста і бездакорна аж да прышэсьця Госпада нашага Ісуса Хрыста,
 
каб ты спаўняў прыказанне беззаганна і няўхільна аж да прыходу Госпада нашага Ісуса Хрыста,

якое ў свой час адчыніць дабрашчасны і адзіны моцны Цар над царамі і Гасподзь над гаспадарамі,
 
якое выявіць у свой час бласлаўлёны і адзіна магутны Валадар валадароў і Госпад пануючых,

адзіны несьмяротны, Які жыве ў недаступным сьвятле, Якога ніхто зь людзей ня бачыў і бачыць ня можа. Яму гонар і ўлада вечная! Амін.
 
Які Сам адзін мае несмяротнасць і жыве ў светласці недаступнай, Якога ніхто з людзей не бачыў і бачыць не можа; Яму ўшанаванне і валадаранне вечнае. Амін.

Багатых у сёньняшнім веку ўмаўляй, каб яны высока не заносіліся і спадзяваліся не на багацьце няправеднае, а на Бога жывога, Які дае нам усё шчодра на асалоды;
 
Багатым гэтага веку загадвай, каб лішне высока пра сябе не думалі і не пакладалі надзеі на няпэўнасць багацця, але спадзяваліся на Бога, Які шчодра дае нам усё патрэбнае для жыцця,

каб яны дабрачынілі, заможнелі добрымі дзеямі, былі шчодрыя і дзяліліся,
 
каб як найбольш рабілі дабра, багацелі добрымі ўчынкамі, былі шчодрымі, дзяліліся,

зьбіраючы сабе скарб, добрую аснову на час наступны, каб дасягнуць вечнага жыцьця.
 
збіралі сабе сапраўдны падмурак на будучае, каб атрымаць жыццё [вечнае].

О Цімафею! захавай даверанае табе, цураючыся марнага пустаслоўя і супярэчак, што фальшыва названы ведамі,
 
О Цімафею, беражы перададзенае табе, абмінай навінкі пустаслоўя і супярэчлівых цверджанняў фальшывай навукі,

аддаўшыся якім, некаторыя ўхіліліся ад веры. Мілата з табою. Амін.
 
некаторыя прыхільнікі якой адступіліся ад веры. Ласка з вамі.