1 да Цімафея 3 разьдзел
Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2003
Слушнае слова: калі хто япіскапства жадае, добрае справы жадае.
Вернае слова: калі хто епіскапства жадае, добрай справы жадае.
А япіскап павінен быць беззаганны, адной жонкі муж, цьвярозы, цнатлівы, богабаязны, сумленны, гасьцінны да вандроўнікаў, здатны вучыць,
Епіскапу належыцца быць беззаганным, мужам аднае жонкі, цвярозым, мудрым, чэсным, гасцінным, вучыцелем;
ня п’яніца, не звадыяш, не сварлівец, не карысьлівец, а ціхі, згодалюбны, не срэбралюбец,
не п’яніцаю, не задзіраю, але далікатным, не сварлівым, не сквапным,
павінен добра кіраваць домам сваім, дзяцей трымаць у паслушэнстве з усёй сумленнасьцю;
добрым гаспадаром уласнага дома, трымаючым у паслухмянасці дзяцей з усякай пашанай, —
бо хто ня ўмее кіраваць сваім домам, той ці ж будзе рупіцца пра Царкву Божую?
бо калі хто не можа кіраваць сваім домам, як жа будзе рупіцца аб Царкве Божай? —
не павінен быць з нованавернутых, каб не заганарыўся і не падупаў асудзе разам з д’яблам.
не можа быць з нованавернутых, каб не ўзбіўся ў пыху і не трапіў на суд разам з д’яблам.
Трэба яму таксама мець добрае сьведчаньне ад чужых, каб унікнуць нараканьняў і цянётаў д’ябальскіх.
Яму належыць мець добрае сведчанне ад тых, што навокал, каб не трапіў у пагарду і ў пастку д’ябла.
Дыяканы таксама павінны быць сумленныя, ня двухязыкія, непацяглівыя да віна, не карысьлівыя,
Таксама і дыяканы [хай бууць] паважныя, не двуязычныя, не прагавітыя да віна, не сквапныя да нажывы,
павінны захоўваць таемнасьць веры ў чыстым сумленьні,
захоўваючыя таямніцу веры ў чыстым сумленні.
і такіх трэба загадзя выпрабоўваць, потым, калі беззаганныя, дапускаць да служэньня.
І яны павінны быць перш выпрабаваныя, і потым, калі не будуць мець правіны, хай служаць.
Гэтак сама і жонкі іхнія павінны быць сумленныя, не паклёпніцы, цьвярозыя, верныя ва ўсім.
Падобна і жанчыны паважныя, не абмоўныя, цвярозыя, верныя ва ўсім.
Дыякан павінен быць адной жонкі мужам, добра кіраваць дзецьмі і домам сваім;
Дыяканы каб былі мужамі аднае жонкі, якія добра кіруюць дзецьмі сваімі і сваім домам.
бо тыя, што служылі добра, рыхтуюць сабе найвышэйшую ступень і вялікую адвагу ў веры ў Хрыста Ісуса.
Тыя, што добра спаўняюць служэнне, здабываюць сабе пачэсную ступень ды вялікую ўпэўненасць у веры, якая ёсць у Хрысце Ісусе.
Гэта табе пішу, спадзяючыся неўзабаве прыйсьці да цябе,
Пішу табе ўсё гэта, маючы надзею прыбыць да цябе неўзабаве.
каб, калі запазьнюся, ты ведаў, як трэба паводзіцца ў доме Божым, які ёсьць Царква Бога жывога, стоўп і аснова ісьціны.
Калі ж замаруджу, каб ведаў ты, як маеш трымацца ў доме Божым, які ёсць Царква Бога жывога, стоўп і ўмацаванне праўды.
І, прызнана ўсімі — вялікая ёсьць пабожнасьці таямніца: Бог зьявіўся ў плоці, апраўдаў Сябе ў Духу, паказаў Сябе анёлам, прапаведаны ў народах, прыняты вераю ў сьвеце, узьнёсься ў славе.
Ды агульна прызнана, што вялікая таямніца пабожнасці: Той, Які аб’явіўся ў целе, засведчаны Духам, паказаўся анёлам, абвешчаны паганам, прыняты вераю ў свеце, узнесены ў славе.