1 да Фесаланікійцаў 4 разьдзел
Першае пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Анатоля Клышкi
Нарэшце, браты, просім вас і молім праз Госпада Ісуса, каб тое, што вы прынялі ад нас, як мусіце вы хадзіць і падабацца Богу, яшчэ больш у вас памнажалася,
І на астатку, браты, просім вас і молім у Госпадзе Ісусе, каб вы, як і перанялі ад нас тое, як вам трэба жыць і дагаджаць Богу, — як вы і сапраўды жывяце, — каб вы ўшчодрыліся яшчэ больш.
бо вы ведаеце, якія мы далі вам загады ад Госпада Ісуса.
Бо вы ведаеце, якія наказы мы далі ад Госпада Ісуса.
Бо гэта ёсьць воля Божая — сьвятасьць вашая, каб вы высьцерагаліся распусты,
Бо гэта воля Божая — ваша асвячэнне: каб вам ўстрымлівацца ад распусты;
каб кожны з вас умеў захоўваць сваё начыньне ў сьвятасьці і годнасьці,
каб кожны з вас умеў валодаць уласным целам у асвячэнні і годнасці;
а ня ў жарсьцях пажадлівасьці, як пагане, што ня ведаюць Бога;
а не ў запале пажадлівасці, як язычнікі, што не ведаюць Бога;
каб не вывышаліся і не ашуквалі ў справах брата свайго, таму што Госпад — мсьціўца за ўсё гэтае, як і раней мы гаварылі вам і сьведчылі.
каб ніхто не пераступаў межаў і не ашукваў у гэтай справе свайго брата, бо Госпад — спагоніць за ўсё гэта, як мы і раней казалі вам і засведчылі.
Бо паклікаў нас Бог не да нячыстасьці, але да сьвятасьці.
Бог жа нас заклікаў не да нячыстасці, а да асвячэння.
Дык хто гэта адкідае, той адкідае не чалавека, але Бога, Які Духа Свайго Сьвятога нам даў.
Таму той, хто гэта адкідае, не чалавека адкідае, а Бога, Які і дае нам Свайго Святога Духа.
Адносна братняй любові няма патрэбы пісаць да вас, бо вы самі навучаны Богам любіць адзін аднаго,
Аб браталюбстве ж — дык вы не маеце патрэбы, каб мне пісаць вам, бо вы самі навучаны Богам любіць адзін аднаго;
дый вы гэтак і робіце з усімі братамі па ўсёй Македоніі. Просім жа вас, браты, багацейце [ў гэтым] болей
бо вы і робіце гэта з усімі братамі па ўсёй Македоніі. Але мы просім вас, браты, ушчодрыцца яшчэ больш
і намагайцеся жыць у супакоі, і рабіць сваю справу, і працаваць сваімі ўласнымі рукамі, як мы загадалі вам;
і рупліва імкнуцца, каб жыць ціха, і рабіць сваё, і працаваць сваімі ўласнымі рукамі, як мы і загадвалі вам,
каб вы хадзілі прыстойна перад тымі, што звонку, і ні ў чым ня мелі патрэбы.
каб вы жылі добрапрыстойна перад тымі, хто звонку, і ні ў чым не мелі патрэбы.
Не хачу, каб вы, браты, ня ведалі адносна памёршых, каб вы не сумавалі, як іншыя, што ня маюць надзеі.
Але мы не хочам2, каб вы, браты, былі ў няведанні пра памерлых3, каб вы не журыліся, як і астатнія, што не маюць надзеі.
Бо калі мы верым, што Ісус памёр і ўваскрос, дык Бог і памёршых у Ісусе прывядзе з Ім.
Бо калі мы верым, што Ісус памёр і ўваскрэс, то гэтак і тых, хто ў Ісусе заснуў, Бог прывядзе з Ім.
Гэта вось кажам вам словам Госпадавым, што мы, жывыя, якія засталіся да прыйсьця Госпада, не апярэдзім памёршых,
Бо гэта мы вам кажам словам Гасподнім, што мы, жывыя, якія засталіся да прышэсця Гасподняга, ні ў якім разе не апярэдзім заснулых;
бо Сам Госпад з абвяшчэньнем, з голасам арханёла і трубой Божай зыйдзе з неба, і мёртвыя ў Хрысьце ўваскрэснуць першымі;
бо Сам Госпад пры ўладарным воклічы, пры голасе Архангела і пры трубе Божай зыдзе з неба і мёртвыя ў Хрысце ўваскрэснуць першымі.
пасьля мы, жывыя, што засталіся, разам з імі падхоплены будзем на аблоках на спатканьне з Госпадам у паветра, і гэтак заўсёды з Госпадам будзем.
Тады мы, жывыя, якія засталіся, разам з імі будзем узятыя ў воблаках для сустрэчы з Госпадам у паветры; і так мы заўсёды будзем з Госпадам.
Дык пацяшайце адзін аднаго гэтымі словамі.
Так што суцяшайце адзін аднаго гэтымі словамі.