Мацьвея 6 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Праваслаўнай Царквы
Сьцеражыцеся, не рабіце міласьціны вашае перад людзьмі з тым, каб яны бачылі вас, бо тады ня будзеце мець нагароды ад Айца вашага, Які ў небе.
Глядзíце, не давайце мíласціны вашай перад людзьмí, каб яны бачылі вас: інакш не будзе вам узнагаро́ды ад Айца вашага, Які на нябёсах.
Калі ж даеш міласьціну, не трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сынагогах і на вуліцах, каб людзі славілі іх. Сапраўды кажу вам: яны ўжо атрымліваюць нагароду сваю.
Дык вось, калі дае́ш мíласціну, не трубі перад сабою, як робяць крываду́шнікі ў сінагогах і на вуліцах, каб услаўля́лі іх людзі. Праўду кажу вам: яны ўжо атры́мліваюць узнагароду сваю.
У цябе ж, калі ты робіш міласьціну, няхай левая рука твая ня ведае, што робіць правая,
У цябе ж, калі дае́ш мíласціну, няхай не ведае левая рука твая, што робіць правая,
каб міласьціна твая была ўтоена, і Айцец твой, Які бачыць утоенае, дасьць табе яўна.
каб мíласціна твая была́ тайная, і Айцец твой, Які бачыць тайнае, адда́сць табе я́ўна.
І калі молішся, ня будзь, як крывадушнікі, бо яны любяць у сынагогах і на вуглах вуліцаў, спыніўшыся, маліцца, каб паказацца перад людзьмі. Сапраўды кажу вам, што яны ўжо атрымліваюць нагароду сваю.
І калі молішся, не будзь, як крывадушнікі, што любяць у сінагогах і на скрыжава́ннях вуліц, сто́ячы, маліцца, каб вы́ставіцца перад людзьмí. Праўду кажу вам, што яны ўжо атры́мліваюць узнагароду сваю.
Ты ж, калі молішся, увайдзі ў пакой твой і, зачыніўшы дзьверы твае, памаліся Айцу твайму, Які ўтоены, і Айцец твой, Які бачыць утоенае, дасьць табе яўна.
Ты ж, калі молішся, зайдзі ў пакой твой і, зачынíўшы дзверы твае, памалíся Айцу твайму, Які ў тайне; і Айцец твой, Які бачыць тайнае, адда́сць табе я́ўна.
А молячыся, не гаварыце лішняга, як пагане, бо яны думаюць, што ў шматслоўі сваім будуць пачутыя.
А мо́лячыся, не гаварыце лішняга, як язычнікі; бо яны думаюць, што ў мнагаслоўі сваім пачу́тыя будуць.
Ня будзьце падобныя да іх, бо ведае Айцец ваш, у чым вы маеце патрэбу, раней, чым вы папросіце ў Яго.
Не будзьце ж падобнымі да іх; бо ведае Айцец ваш, у чым вы ма́еце патрэ́бу, ране́й, чым вы папро́сіце ў Яго.
Маліцеся ж вось гэтак: “Ойча наш, Які ёсьць у небе! Сьвяціся імя Тваё;
Вы ж малíцеся так: Ойча наш, Які на нябёсах! няхай свяцíцца імя́ Тваё;
прыйдзі Валадарства Тваё; будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі.
няхай пры́йдзе Царства Тваё; няхай будзе воля Твая як на небе, так і на зямлі.
Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня.
Хлеб наш надзённы дай нам сёння;
І адпусьці нам правіны нашыя, як і мы адпускаем вінаватым нашым;
і дару́й нам даўгі нашы, як і мы дару́ем даўжніка́м нашым;
і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Бо Тваё Валадарства, і моц, і слава навекі. Амэн”.
і не ўвядзі нас у спаку́су, але збаў нас ад злога. Бо Тваё ёсць Царства, і сіла, і слава наве́кі. Амінь.
Бо, калі вы будзеце адпускаць людзям грахі іхнія, то і вам адпусьціць Айцец ваш, Які ў небе.
Бо калі вы будзеце дарава́ць лю́дзям правíннасці іх, то дару́е і вам Айцец ваш Нябесны.
А калі ня будзеце адпускаць людзям грахоў іхніх, то і Айцец ваш не адпусьціць грахоў вашых.
А калі не будзеце дарава́ць лю́дзям правíннасцей іх, то і Айцец ваш не дару́е вам правíннасцей вашых.
А калі посьціце, ня будзьце панурымі, быццам крывадушнікі; бо яны зьмяняюць абліччы свае, каб, посьцячыся, паказацца перад людзьмі. Сапраўды кажу вам, што яны ўжо атрымліваюць нагароду сваю.
І калі по́сціце, не будзьце пану́рымі, як крываду́шнікі; бо яны робяць змро́чным аблíчча сваё, каб паказаць лю́дзям, што по́сцяць. Праўду кажу вам, што яны ўжо атры́мліваюць узнагароду сваю.
А ты, посьцячыся, памаж галаву тваю і абмый аблічча тваё,
А ты, калі по́сціш, нама́ж галаву́ сваю і ўмый твар свой,
каб ня перад людзьмі паказацца посьцячым, але перад Айцом тваім, Які ўтоены, і Айцец твой, Які бачыць утоенае, дасьць табе яўна.
каб не лю́дзям паказаць, што ты по́сціш, а Айцу твайму, Які ў тайне; і Айцец твой, Які бачыць тайнае, адда́сць табе я́ўна.
Не зьбірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і іржа нішчаць, і дзе злодзеі падкопваюць і крадуць;
Не збіра́йце сабе ска́рбаў на зямлі, дзе моль і ржа нíшчаць і дзе зладзе́і падко́пваюцца і кра́дуць;
але зьбірайце сабе скарбы ў небе, дзе ані моль, ані іржа ня нішчаць, і дзе злодзеі не падкопваюць і не крадуць.
а збірайце сабе ска́рбы на небе, дзе ні моль, ні ржа не знішча́юць і дзе зладзе́і не падко́пваюцца і не кра́дуць.
Бо дзе скарб ваш, там будзе і сэрца вашае.
Бо дзе скарб ваш, там будзе і сэрца ваша.
Сьветач цела ёсьць вока. Калі вока тваё чыстае, усё цела тваё будзе сьветлае.
Свяцíльнік целу ёсць вока. Дык вось, калі вока тваё будзе здаровае, то ўсё цела тваё светлае будзе;
Калі ж вока тваё злое, усё цела тваё будзе цёмным. Калі ж сьвятло, якое ў табе, ёсьць цемра, дык якая ж цемра сама?
калі ж вока тваё будзе нягоднае, то ўсё цела тваё цёмнае будзе. Дык вось, калі святло, якое ў табе, — цемра, тады якая ж сама цемра?
Ніхто ня можа служыць двум панам; бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Ня можаце Богу служыць і мамоне.
Ніхто не можа служы́ць двум гаспадара́м: бо ці аднаго будзе ненавíдзець, а другога любíць; ці аднаго будзе трыма́цца, а другім пагарджа́ць. Не можаце Богу служы́ць і мамо́не.
Таму кажу вам: не клапаціцеся пра душу вашую, што вам есьці і што піць, ані пра цела вашае, у што апрануцца. Ці ж душа ня большая за ежу, і цела — за адзеньне?
Таму кажу вам: не турбуйцеся для душы́ вашай, што́ вам есці і што́ піць, ні для це́ла вашага, у што апрану́цца. Ці ж душа не больш значыць за ежу, а це́ла за адзе́нне?
Паглядзіце на птушак нябесных, што ані сеюць, ані жнуць і не зьбіраюць у сьвірны, і Айцец ваш Нябесны жывіць іх. Наколькі ж вы лепшыя за іх.
Зірнíце на птушак нябесных: яны не се́юць і не жнуць, і не збіра́юць у жы́тніцы; і Айцец ваш Нябесны ко́рміць іх. Хіба́ вы не намнога лепшыя за іх?
Хто з вас сваім клопатам можа дадаць сабе росту хоць на адзін локаць?
Хто ж з вас, турбу́ючыся, можа дада́ць сабе росту хоць на адзін ло́каць?
І наконт адзеньня чаго клапоціцеся? Паглядзіце на палявыя лілеі, як яны растуць, не працуюць, не прадуць.
І пра вопратку чаго турбу́ецеся? Паглядзíце на ліле́і палявы́я, як яны расту́ць: не працуюць і не праду́ць.
А Я кажу вам, што нават Салямон у-ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як адна з іх.
Але кажу вам, што і Саламон ва ўсёй славе сваёй не апрана́ўся так, як кожная з іх.
Калі ж траву на полі, якая сёньня ёсьць, а заўтра будзе кінутая ў печ, Бог так апранае, дык ці ня шмат больш вас, малаверы?
Калі ж траву паляву́ю, якая сёння ёсць, а заўтра будзе кíнута ў печ, Бог так убірае, хіба́ не намнога лепш вас, малаверы?
Дык не клапаціцеся, кажучы: “Што нам есьці?”, ці: “Што нам піць?”, ці: “У што апрануцца?”
Дык вось, не турбу́йцеся і не кажы́це: «што нам есцí» альбо: «што піць?» альбо: «у што апрану́цца?».
Бо ўсяго гэтага шукаюць пагане. Бо Айцец ваш Нябесны ведае, што вам усё гэтае патрэбна.
Бо ўсяго гэтага шукаюць язычнікі; ведае бо Айцец ваш Нябесны, што вы ма́еце патрэ́бу ва ўсім гэтым.
Шукайце ж перш Валадарства Божага і праведнасьці Яго, і тое ўсё дадасца вам.
Шукайце ж найперш Царства Божага і праўды Яго, і гэта ўсё дада́сца вам.
Дык не клапаціцеся пра заўтрашні дзень, бо заўтрашні дзень сам будзе клапаціцца пра сябе. Досыць [кожнаму] дню свайго ліха.
Дык вось, не турбуйцеся пра заўтрашні дзень, бо заўтрашні сам за сябе патурбуецца: досыць кожнаму дню свайго клопату.